На франтах Вялікай Айчыннай вайны, ў партызанскіх атрадах і брыгадах, падпольных арганізацыях змагаліся тысячы віляйчан.
А колькі такіх, якія на акупаванай тэрыторыі дапамагалі палонным і параненым байцам Чырвонай Арміі, пяклі хлеб для партызан, забяспечвалі медыкаментамі, прадуктамі харчавання і адзеннем.
І сёння няма такой сям’і, якую б не закранула тая праклятая вайна.
У 2003 годзе выйшла гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Вілейскі раён”. На старонках кнігі імёны не толькі тых, хто загінуў і прапаў без вестак, але і тых, хто вярнуўся з вайны дадому. На жаль, гэта далёка не поўны спіс, занадта позна стаў ён складацца. З-за напластаванняў часу і іншых абставін далёка не ўсе прозвішчы нашых землякоў-франтавікоў трапілі сюды. Няхай за гэта выбачаюць нас ветэраны і іх родныя. Усім ім – хто не дажыў да нашых дзён і каго ўжо няма сярод нас, хто названы або не названы ў гэтым спісе – шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон ад нашчадкаў.

Ігнаценка Дзмітрый Іванавіч (першы справа ў другім радзе)
каля Брандэнбургскіх варот, май 1945 г.

Малькевіч Лаўрэнцій Юльяновіч,
25 снежня 1945 г.
Гісторыя і трагедыя вайны, гераізм і подзвіг у дакументах і фотаздымках, узнагародах і асабістых рэчах, паштоўках і франтавых пісьмах – сёння гэта неацэнная каштоўнасць часовай экспазіцыі і фондаў Вілейскага краязнаўчага музея. Аднымі з першых экспанатаў, якімі музей папаўняецца з кожным днём, былі дакументы і фотаздымкі, якія перадалі з Ільі – ваенны білет, даведка аб раненні на імя Ігнаценкі Дзмітрыя Іванавіча і фотаздымкі ваенных часоў: Берлін, май 1945 год, салдаты ля Брандэнбургскіх варот і купала рэйхстага, і сярод іх – наш герой.
Цяжкімі шляхамі Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Чырвонай Арміі прайшоў Ігнаценка Дзмітрый Іванавіч. Нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Лужок Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У верасні 1918 года Рагачоўскім УВК Гомельскай вобласці быў прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Ішла грамадзянская вайна, так што такое вайна Дзмітрый Іванавіч адчуў яшчэ ў ранняй маладосці.
Восенню 1943 года пачалося вызваленне Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. 25 лістапада 1943 года быў вызвалены родны Кармянскі раён, і ўжо 10 снежня 1943 года Дзмітрый Ігнаценка быў мабілізаваны на фронт. Трапіў салдат спачатку ў 18 запасны стралковы полк, а затым, у якасці ручнога кулямётчыка 1208 стралковага палка, з кровапралітнымі баямі прайшоў амаль усю Еўропу, дайшоў да Берліну. Заўсёды з болем успамінаў асабліва пра жорсткія баі, якія вяліся на подступах да сталіцы Германіі і ў самім горадзе. І вось ён, рэйхстаг. Вайна закончылася. Перамога. На сценах рэйхстага салдаты вуглём пісалі, што думалі і адчувалі на той момант, свае імёны і адкуль прыйшлі да Берліна. Многія фатаграфаваліся на памяць.
Франтавыя фотаздымкі – дакументальныя сведкі вайны, сведкі далёкіх ваенных гадоў. Яны дапамагаюць нам зразумець і ўсвядоміць, што адбывалася ў тыя суровыя гады.
Для маёй сям’і Вялікая Айчынная вайна не проста словы, і свята Вялікай Перамогі – самае дарагое. Паколькі мае бацькі і ўсе іх родныя нарадзіліся яшчэ да вайны, то ўсім ім прыйшлося не только зведаць усе жахі ваеннага ліхалецця, але і зведаць прымусовую працу на чужбіне і прайсці нялёгкімі франтавымі дарогамі.
Мой бацька, Малькевіч Аляксандр Ільіч, і яго старэйшы брат Лаўрэнцій разам з іншымі жыхарамі вёскі Кішкарэпы (у 1966 годзе была перайменавана ў в. Малькевічы ў гонар загінуўшага партызана Леаніда Малькевіча, стрыечнага брата майго бацькі) у маі 1943 года былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Вызвалены Чырвонай Арміяй у сакавіку 1945 года і адразу на фронт. З баямі дайшлі да Берліна. Ужо праз месяц Малькевіч Лаўрэнцій атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду.
Выпіска з узнагароднага ліста на імя Малькевіча Лаўрэнція Ільіча (так у дакуменце): “В бою за населённый пункт Бланкенбург 21 апреля 1945 года рядовой Малькевич бесперебойно подносил боеприпасы, которые требовались ввиду интенсивности нашего боя на огонь противника. Боеприпасы необходимо было подносить с автомашины, которая стояла через 2 квартала, а промежутки между кварталами простреливались огнём противника. Несмотря на это станковый пулемёт недостатка в боеприпасах не имел.
Достоин награждения медалью “За боевые заслуги”.
Толькі пасля вызвалення Вілейшчыны напачатку ліпеня 1944 года, калі ўжо большая частка тэрыторыі Беларусі была вызвалена ад нацысцкіх акупантаў, для многіх нашых землякоў пачалася мабілізацыя на фронт. І прыйшлося ім не родныя мясціны вызваляць ад ворага, а весці баі за вызваленне краін Усходняй Еўропы ад фашызма. Больш за адзін мільён чалавек страціў савецкі народ у гэтай барацьбе.
У ліпені 1944 года Куранецкім РВК Вілейскай вобласці быў мабілізаваны на фронт Міна Васілій Міхайлавіч з в. Журыхі: яфрэйтар, наводчык 227-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 186-й стралковай Брэсцкай Чырвонасцяжнай дывізіі 1-га Беларускага фронта з баямі дайшоў да Берліна. Гэта мой дзядзька. Не любіў гаварыць і расказваць пра вайну, але заўсёды ганарыўся сваімі баявымі ўзнагародамі – медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі. “…В бою за форсирование реки Одер товарищ Мина показал образцы стойкости и мужества. 22 апреля 1945 года в районе деревни Хосн-Цаден огнём своего орудия отбивал яростные контратаки противника, где уничтожил 1 автомашину, 2 пулемёта, 3 повозки с военным имуществом и до 15 гитлеровцев.
Достоин награждения орденом “Красная Звезда”.
Памяць людская не сцірае жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль ад страт, не затуманьваецца слава герояў. Эстафета гэтай памяці павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Шануйце сваё жыццё і нясіце ў сваіх сэрцах гэту памяць аб тых, хто падараваў нам мір і свабоду!
Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік Вілейскага
краязнаўчага музея







