Бываючы на разнастайных выставах работ вілейскіх умельцаў, на гэтую мілавідную жанчыну звяртала ўвагу не раз. Перш за ўсё таму, што здзіўляе дыяпазон яе ўмельства: яна пляце з лазы і саломкі, тчэ і вышывае, робіць прыгожыя лялькі…
Святлана Макарэвіч працуе ў Каловіцкім Доме майстроў, дзе вядзе гурток салома- і лозапляцення.
– Святлана Чаславаўна – надзвычайна таленавіты чалавек, – расказвае пра майстрыху дырэктар установы Тамара Бурко. – Сёлета на абласным конкурсе «Лазовыя карункі» заняла другое месца. Такую цудоўную вазу зрабіла! У мінулым годзе ў Дзяржынску прайшоў конкурс «Саламяныя дзівосы», у якім дыпломам былі адзначаны саламяныя кветкі Святланы Чаславаўны. А яшчэ летась ёй быў уручаны дыплом за лепшы пірамідальны павук падчас конкурсу ў Івянцы. І паясы адменныя тчэ майстрыха, за што была адзначана ў мінулым годзе на конкурсе ў Старых Дарогах. На днях у жанчыны дзень нараджэння. З якім будзем яе віншаваць і жадаць усяго найлепшага ў жыцці і творчасці.
Акрамя ўсяго пералічанага, жанчына займаецца пчалярствам. Няпростая справа, на першы погляд, мужчынская, а ў яе атрымліваецца выдатна. І мама Святлана Чаславаўна для сваіх дваіх дзетак добрая і клапатлівая.
Калі вам, паважаныя чытачы, здарыцца пабываць на выставах умельцаў, абавязкова звярніце ўвагу на тварэнне рук Святланы Макарэвіч. Упэўнена, вы атрымаеце сапраўдную асалоду…
Ірына БУДЗЬКО
Фота Марыны Пуцэйка
Яна пляце з лазы і саломкі, тчэ і вышывае, робіць прыгожыя лялькі…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ



