Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тамара Мікалаеўна Архіпава-Ліпадатава адзначыла сваё дзевяностагоддзе

Тамары Архіпавай было трынаццаць, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Сям’я партыйнага работніка Мікалая Архіпава, у якой падрастала шасцёра дзяцей, жыла ў Дунілавічах на Віцебшчыне. Бацька, сапраўдны партыец, быў адданы сваёй справе і верыў у светлую будучыню – камунізм. «Трэба, каб добра жылі людзі, а не мы», – гаварыў ён сваім дзецям, пад гэтым «мы» абагульняючы ўсіх сваіх братоў па партыі. А мама была проста мамай – клапатлівай, любячай, моцнай духам і гатовай на ўсё дзеля сваіх дзетак. Менавіта на ёй ляжалі ўсе бытавыя клопаты пра вялікую сям’ю.

З гэтага экскурсу ў далёкае мінулае пачалася наша размова з віляйчанкай Тамарай Мікалаеўнай Архіпавай-Ліпадатавай, якая ўчора адзначыла сваё дзевяностагоддзе. Мы разглядалі фотаздымкі з сямейнага альбома юбіляршы, гаварылі пра жыццё. Тамара Мікалаеўна надзвычайна цікава расказвала пра тое, што перажыта, і слухаць яе можна бясконца. Слухаць і разам з ёй перажываць.

– Я закончыла чатыры класы, калі пачалася вайна, – расказвала яна. – Памятаю, як людзі грузілі на калёсы свой няхітры скарб і выязджалі хто куды. Запрэглі каня і адправіліся ў дарогу і мы – мама і дзеці. Бацька, як заўсёды, быў заняты – арганізоўваў і кіраваў зборамі і ад’ездам людзей. Наша сям’я спачатку вырашыла ехаць на Барысаў, а пасля абставіны памяняліся, і мама ўзяла курс на Вілейку, дзе жыла яе сястра з сям’ёй.

На тым далёкім шляху перажыць давялося нямала. Было небяспечна і вельмі страшна, даводзілася прыпыняцца на начлег у вёсках, дзе іх, чужынцаў, прымалі па-рознаму. Ды і ў Вілейцы, куды ўрэшце прыехалі, было нялёгка. У цётчынай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей, іх шматдзетную сям’ю доўга трымаць у сябе не маглі. Таму жылі ўсюды, дзе выпадала: у пустой кузні, чужых гаспабудовах і хатах. Галадалі, прыгадвае Тамара Мікалаеўна, таму даражылі кожнай крошкай хлеба, які мама прыносіла дзецям з Бараўцаў (толькі пазней яны даведаліся, што яна была звязана з партызанамі і выконвала нейкія заданні, часта хадзіла з горада ў вёску).

– Я заўсёды была смелай дзяўчынкай, – падзялілася Тамара Мікалаеўна. – Памятаю, любіла залезці на дах над сенцамі і назіраць, што дзе робіцца. А было ж па-рознаму: і стралялі, і бамбілі… Нават не думала тады, што магла загінуць. Ніколі не забуду, як на свае вушы пачула тупат нямецкіх ботаў па драўляным мосце. Тады, памятаю, так страшна стала – хуценька ўцякла з даху ў хату.

Незадоўга да вызвалення горада сям’я, баючыся немцаў, схавалася ў нейкай яме ля Дубаўкі. Там хаваліся і іншыя людзі.

– Ужо прыцемкам пачулі зусім побач нямецкую мову, – узгадала мая суразмоўца. – Так страшна стала! А тут у адной з жанчын дзіцятка малое заплакала… Ну, думаем, усё, расстраляюць нас усіх. І сапраўды засвісталі кулі… Памятаю, як я зарылася галавой у пясок, нібыта злілася з зямлёй… Гэтак і ўсе. І, ведаеце, стралялі немцы ў наш бок, але не загінуў ніхто з нас. Можа, стралялі яны ў прыцемках проста на плач дзіцяці, не бачылі нічога. А вось мы перажылі сапраўдны жах.
Многа эпізодаў з ваеннага часу прыгадала Тамара Мікалаеўна. І кожны з іх перажыты ёю, яе аднагодкамі, іх бацькамі. Усё гэта, безумоўна, пакінула глыбокі след у памяці і на сэрцы кожнага. А яшчэ – загартавала, навучыла яшчэ больш любіць жыццё, цаніць спакой і мірнае неба над галавой.
Пасля вызвалення Беларусі да сям’і далучыўся бацька, які ў вайну партызаніў на Любаншчыне. Пераадолеўшы далёкі шлях з Віцебшчыны на Палессе, група, у якой быў і Мікалай Архіпаў, выконвала важныя заданні. У той час, зазначыла Тамара Мікалаеўна, бацька пазнаёміўся са знакамітым дзедам Талашом, і гэта стала важнай падзеяй у жыцці Мікалая Мікалаевіча. Пасля вайны ён, камуніст і патрыёт, удзельнічаў у ліквідацыі банд, што хаваліся па лясах.
– Тата памёр у 1974-ым, – працягнула расказ Тамара Мікалаеўна. – Мы мелі ўжо свой дом, дзе я жыву і цяпер. Тут і мамачка дажыла да сваіх дзевяноста пяці гадоў.

Мы многа гаварылі пра яе блізкіх, і адчувалася, як любіла і любіць яна іх, жыве іх клопатамі. Педагог па адукацыі, Тамара Мікалаеўна многа гадоў працавала піянерважатай у школе, затым выкладала фізіку і матэматыку, была інспектарам раённага аддзела адукацыі, завучам у Асіпавіцкай школе, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Са светлымі настальгічнымі ноткамі прыгадвае яна ўрачыстыя піянерскія лінейкі, цікавыя экскурсіі, сваю паездку ў Маскву ў якасці дэлегата Усесаюзнай камсамольскай канферэнцыі ад Беларусі, іншыя важныя падзеі, якімі было напоўнена яе жыццё. А ў ім было вельмі многа і радаснага, і горкага. Як бы там ні было, але ёй, лічыць Тамара Мікалаеўна, заўсёды шанцавала на добрых людзей, на калектывы, у якіх давялося працаваць. Вось і зараз яе не забываюць былыя калегі-педагогі, тэлефануюць і наведваюць старэйшую калегу і сяброўку. І юбілейны дзень Тамары Мікалаеўны не стаў выключэннем.

І яшчэ пра адно не магу не сказаць. У гэтай жанчыны цудоўны ад прыроды голас, і ён дастаўся ёй у спадчыну ад мамы. У маладосці Тамара працавала ў клубе ў Крывічах, дзе яе пачулі артысты з Беларускага нацыянальнага ансамбля песні і пляскі, якія прыязджалі выступаць у глыбінку. Уразіў іх голас дзяўчыны, якой нават было прапанавана вучыцца далей з перспектывай звязаць сваё жыццё з песняй прафесіянальна. Ды ў Тамары і яе бацькоў, з меркаваннямі якіх яна заўсёды лічылася, былі свае планы на будучыню. А вось з песняй яна не развітваецца ніколі і была ў свой час актыўнай удзельніцай народнага хору ветэранаў Вілейскага Палаца культуры. Дарэчы, і цяпер, у сваім паважаным узросце, жанчына любіць і добра разбіраецца ў эстрадзе, у тым ліку і сучаснай. Вось і ў час нашай гутаркі з радыёпрыёмніка даносіліся песні… І гэта, падумалася, вельмі добра, калі душа чалавека маладая і просіць песні. З юбілеем Вас, паважаная Тамара Мікалаеўна!

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома Т. М. АРХІПАВАЙ-ЛІПАДАТАВАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries