Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Якія пытанні хвалююць гараджан? Рэпартаж з сустрэчы насельніцтва з кіраўніцтвам Вілейскага раёна

У мінулы аўторак, 17 верасня, у зале Вілейскага Палаца культуры адбылася сустрэча насельніцтва горада з кіраўніцтвам раёна. Як паказвае практыка, на дыялог з уладай звычайна імкнуцца тыя гараджане, якія маюць найбольш актыўную грамадзянскую
пазіцыю і тыя, каму цікава ведаць, як развіваецца раён, ці пачуць ад кіраўніцтва аб рашэнні хвалючых надзённых пытанняў. Так было і на гэты раз.

На сустрэчу з насельніцтвам прыйшлі старшыня райвыканкама Алег Бегунец, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, намеснікі старшыні райвыканкама па накірунках дзейнасці: Анатоль Завацкі, Марына Вазняк, Святлана Дзяруга, Аляксандр Катовіч, а таксама кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, устаноў і прадпрыемстваў горада. У пачатку сустрэчы Алег Бегунец прапанаваў прысутным у зале адразу азнаёміцца з інфармацыяй аб тым, як развіваецца наш рэгіён, а таксама даведацца аб развіцці кожнай сферы непасрэдна ад намеснікаў па накірунках дзейнасці, а затым перайсці да абмеркавання тых пытанняў, якія цікавяць гараджан. Старшыня райвыканкама адзначыў таксама, што на працягу апошніх месяцаў ужо прайшлі сустрэчы ў дваццаці чатырох населеных пунктах Вілейшчыны, амаль на ўсіх прадпрыемствах і ва ўстановах раёна. За гэты час да мясцовай улады было адрасавана каля 180 пытанняў, дарэчы, амаль большасць з іх, а гэта 150, ужо вырашаны, астатнія ўзяты на кантроль да іх поўнага вырашэння.
– Мы гатовы да дыялогу. Наша галоўная мэта – убачыць тыя пытанні, што хвалююць насельніцтва і вырашаць іх аператыўна, – адзначыў Алег Бегунец.
Пасля агучвання асноўнай інфармацыі намеснікамі старшыні райвыканкама гутарка перацякла да абмеркавання пытанняў, з якімі прыйшлі гараджане, каб задаць кіраўніцтву раёна. Мікалай Жукаў, вайсковец, у былым дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, падняў пытанне аб добраўпарадкаванні дваравой тэрыторыі дома па вуліцы Першамайскай. Пытанні, якія хвалююць жыхароў дома, падымаліся неаднаразова і ўжо на працягу пяці гадоў не могуць ніяк вырашыцца. Алег Бегунец, выслухаўшы Мікалая Жукава, заверыў яго, што ў бліжэйшы час па паднятым пытанні выедзе спецыяльная камісія, якая прыме неабходныя меры па выпраўленні недахопаў. «Хаця дваравыя тэрыторыі – гэта адно з праблемных пытанняў для многіх мікрараёнаў горада», – адзначыў Алег Бегунец.
– Як і іншых гараджан, хвалюе мяне і лёс былога «халадзільніка», што месціцца ў цэнтры горада, каля рэстарана. Што плануецца зрабіць па выпраўленні той сітуацыі, якая склалася, бо гэта разруха аніяк не ўпрыгожвае цэнтральную частку горада, – адзначыў Мікалай Жукаў.
– Мы прадпрымаем усе меры, каб увесці ў гаспадарчы абарот гэты аб’ект, – адзначыў Алег Бегунец. – Былы інвестар не змог рэалізаваць свой інвестпраект і зараз цягнецца шэраг судоў па вырашэнні гэтага пытання. У выніку застанецца толькі адзін варыянт – знайсці іншага інвестара, што знясе стары будынак і ўзвядзе на гэтым месцы новы запатрабаваны аб’ект.
Адным з найбольш абмяркоўваемых пытанняў на сустрэчы стала пытанне платнага ўваходу на гарадскія могілкі. Яго абмеркаванню было нададзена шмат ўвагі, але галоўны вывад, што зрабіў старшыня райвыканкама Алег Бегунец – падтрыманне парадку павінна быць асноўнай мэтай у гэтым пытанні, а калі грамадства супраць, то будзем вырашаць гэта пытанне інакш.
– Мы можам адмяніць гэта рашэнне, але тое, у якім стане будуць гарадскія могілкі і якім чынам там будзем падтрымліваць парадак – трэба вырашаць. Я не адмаўляюся ад абмеркавання дадзенага пытання і гатовы выслухаць усе прапановы, – сказаў Алег Бегунец.


Падымалі на сустрэчы жыхары горада і пытанні аб бяздомных сабаках, аб хуткасных рэжымах на дарогах горада і ў дварах мікрараёнаў, аб дрэнным ацяпленні ў кватэры, абмяркоўвалі пытанне ўладкавання новага прыпынку насупраць Дома быту, дадатковай нумерацыі на гарадскіх аўтобусах, каб іх нумары было бачна і спераду і ззаду, што зручней для пасажыраў. Разважалі гараджанне і аб прыцягненні ў раён новых інвестараў, адкрыцці значных вытворчасцей, а таксама не абмінулі і пытанне аб пераносе стыхійнага гандлю на гарадскім рынку. Гэта пытанне мы ўжо абмяркоўвалі на старонках газеты, але, як справядліва заўважылі гараджане, усё ж яго трэба яшчэ дадаткова разгледзець, каб усе, і пакупнікі, і прадаўцы, былі задаволены. А зараз пакуль умовамі гандлю жыхары старэйшага ўзросту, што рэалізуюць сваю хатнюю прадукцыю на рынку, не задаволены. «Створаныя зараз умовы і месцы для гандлю не на карысць людзей, а насуперак», – адзначыла жыхарка Вілейкі, што звярнулася з гэтым пытаннем да старшыні.


– Мы абавязкова яшчэ раз разгледзім усе магчымасці, каб гандляваць было зручна, а, магчыма, і абмяркуем пытанне аб пераносе аўтастаянкі каля рынку і размяшчэнні там спецыяльных гандлёвых радоў для гэтых патрэб, – акрэсліў бліжэйшыя планы старшыня райвыканкама Алег Бегунец.
Гаварылася на сустрэчы аб праблемных пытаннях па працы магазіна ў вёсцы Ізбіно, аб пешаходных тратуарах, асвятленні дваравых пляцовак, веласіпедным руху, аб усталяванні «ляжачых паліцэйскіх», добраўпарадкаванні тэрыторый дзіцячых садкоў, абуладкаванні мясцовай каналізацыі па вуліцы Маркава і іншым. Зноў было паднята пытанне пра банкамат у новым мікрараёне «Паўночны», на што старшыня райвыканкама заўважыў, што да канца гэтага года павінны ўсталяваць у гэтым мікрараёне новы банкамат «Белаграпрамбанк», і тым самым шматгадовае пытанне здымецца.
Аб неабходнасці тратуара ў бок вакзалаў ад чыгуначнага пераезда гаварыў Іосіф Маціюн, актыўны віляйчанін, настаўнік, у мінулым дэпутат раённага Савета дэпутатаў.
– Зараз праводзяцца рамонты і чыгуначнага вакзала, і аўтавакзала. Ці прадугледжана праектам стварэнне тут пешаходных дарожак у бок «Незалежнасці», бо і раніцай, і ўвечары тут праходзяць дзясяткі людзей, што спяшаюцца да цягнікоў і аўтобусаў, а ўмоў для гэтага няма ніякіх.
Гэта пытанне па даручэнні Алега Бегунца будзе вывучана і разгледжана спецыялістамі. Але, па словах намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Катовіча, праектамі рэканструкцый вакзалаў уладкаванне дарожак не прадугледжана, таму па магчымасці будзе запланавана на наступны год.
На заканчэнне старшыня райвыканкама падвёў вынікі сустрэчы, адзначыўшы, што галоўная мэта ўсіх раённых структур і мясцовай улады – зрабіць жыццё гараджан яшчэ больш камфортным і бяспечным, стварыць ўмовы для годнай і добрааплачваемай працы кожнага – на гэта ўся работа райвыканкама і накіравана.
Сяргей ГАНЧАР. Фото автора

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries