Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Які ён, «хлеб» фельчара «хуткай»?

Сваю будучую прафесію Алена Турок выбрала яшчэ ў дзяцінстве. У дзяўчынкі з маленства была цяга да медыцыны – спачатку «лячыла» сваіх лялек і звяркоў, а калі стала падлеткам, то была медработнікам для сваёй бабулі: то банкі ёй ставіла, то мерала ёй тэмпературу.
– Заканчваючы школу, ужо ведала, што буду паступаць на медыка, – расказвае Алена Анатольеўна. – Бацькі толькі адобрылі мой выбар. Тата ўсё жыццё адпрацаваў у ветэрынарыі, таксама лячыў. Ды і дзядуля, яго бацька, быў у свой час вядомым на ўсю акругу ветурачом. Адукаваны быў чалавек, кніг многа меў па медыцыне. А затым быў рэпрэсаваны…
Адвучыўшыся ў медыцынскай установе, Алена з роднай Случчыны трапіла па размеркаванні на Вілейшчыну, у Даўгінаўскую амбулаторыю. Два гады адпрацавала тут, а душа прасіла іншага: каб болей быць, як кажуць, на пярэднім краі, там, дзе патрэбна яе дапамога тым, каму цяжка. А ў амбулаторыі вунь колькі часу ідзе на паперныя справы… Карацей, праз два гады Алена была ўжо фельчарам выязной брыгады хуткай дапамогі.
Тры дзясяткі гадоў аддала жанчына гэтай нялёгкай, але такой патрэбнай людзям справе. Азіраючыся сёння назад, можа прыгадаць столькі ўсяго, з чым за гэты час сутыкнулася!
– Ой, і роды ў машыне прымаць даводзілася, і чалавека, які ледзь не ўтапіўся, ратавалі, і ад псіхічна хворага, які пагражаў адвёрткай, ледзь уцяклі, – прыгадвае Алена Анатольеўна. – А яшчэ памятаю, прыехала па выкліку, а там мужчына мужчыну сур’ёзныя траўмы нанёс, рабрыну зламаў, лёгкае параніў… І трэба хуценька дапамагчы чалавеку, прыняць важнае рашэнне. У такіх выпадках патрэбны аператыўнасць, упэўненасць у сабе, прафесіяналізм. Старалася, каб зрабіць усё як трэба. І самай большай радасцю было пачуць «дзякуй» ад выратаванага, яго блізкіх.
– Хоць далёка не ўсе разумеюць, як нялёгка нам бывае, – разважае жанчына. – Памятаю, трэба было нам выехаць па трох выкліках у розныя вёскі: да хворага немаўляткі, яшчэ – да чалавека са скаргамі на болі ў сэрцы і яшчэ да дзяўчынкі-падлетка, якая тэмпературыла. У такой чарговасці і паехалі, як я назвала. Памятаю, калі прыехалі да дзяўчыны, бацька яе ледзь у бойку не палез, маўляў, чаму так доўга ехалі, дзе былі? Давялося растлумачваць чалавеку спецыфіку работы.
І ўсё ж такое фельчар з трыццацігадовым стажам лічыць выпадковасцю. У асноўным людзі разумеюць, наколькі няпроста ім, медработнікам «хуткай». Вунь колькі за дзяжурства трэба пабегаць ды, калі трэба, і насілак з хворымі перанасіць. Урэшце, сельскага фельчара могуць выклікаць не толькі ў час яго дзяжурства, але і ў выхадны. І хіба адмовіш людзям?
– Бывае, выклікае ноччу якая-небудзь бабулька, скардзіцца на высокі ціск, – расказвае Алена Анатольеўна. – Прыедзеш, а ў пенсіянеркі ўжо ўсё добра. Быў, кажа, ціск высокі, а як выпіла таблетку, дык палепшала. Ну што тут будзеш рабіць… Паглядзіш бабулю, дасі парады, падтрымаеш. Ім жа, адзінокім людзям, вельмі хочацца з некім пагутарыць, адчуць клопат і падтрымку… Праўда, не заўсёды маеш час пабыць ля такіх людзей даўжэй – здараецца, што ў гэты час наша дапамога патрэбна там, дзе ёсць рэальная пагроза жыццю чалавека.
На пярэднім краі – так можна ахарактарызаваць клопаты медработнікаў хуткай дапамогі. І гэта сапраўды так. А ў вольныя ад работы дні душа просіць адпачынку. Вось і Алена Анатольеўна шукае яго ў еднасці з прыродай: з задавальненнем корпаецца ў парніку, дзе растуць агурочкі-памідорчыкі, цешыцца з пасаджаных сваімі рукамі дрэўцаў у садзе, а яшчэ вельмі любіць кветкі, якія робяць жыццё прыгажэйшым і святлейшым. Пры яе нялёгкай прафесіі ўсё гэта – найлепшая рэлаксацыя, якая дае сілы жыць і працаваць.
Сёлета ў прафесіянальнае свята Алену Турок кіраўніцтва раённай бальніцы ўшанавала ў ліку лепшых. Гэтае фота зроблена падчас урачыстасці. (Алена Анатольеўна ў цэнтры).
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 131 queries