100 балаў на ЦТ – узнагарода за стараннасць
У Беларусі завяршылася цэнтралізаванае тэсціраванне. Большасць абітурыентаў ужо атрымалі запаветныя сертыфікаты і ўзважылі свае шанцы. Да прыёму дакументаў у ВНУ яшчэ ёсць час падумаць над выбарам будучай прафесіі. А імя Антона Бельскага ўжо ўвайшло ў гісторыю, хай пакуль і мясцовага маштабу. Выпускнік СШ №3 з Вілейкі ў 2008 годзе здаў тэст па беларускай мове на 100 балаў і аказаўся адным сярод васьмі абітурыентаў, якім удалося дасягнуць максімальнага выніку па прадмеце.
Любы поспех – гэта магутны стымул, які дазваляе ісці далей. Аднак Антон прызнаецца, што яго максімальны вынік па беларускай мове на студэнцкія гады вялікага ўплыву не аказаў. Іншая рэч – вялікая цікавасць да прадмета і абранага кірунку. У пятым класе хлопец захапіўся вывучэннем англійскай мовы. У сёмым – стаў даволі добра разбірацца ў матэматыцы. Прыкладна ў гэты ж час зацікавіўся біялогіяй. “Было цікава саджаць ды гадаваць дома ўсялякія расліны”, – успамінае Антон. У старэйшых класах, калі адбывалася раздзяленне на профілі, свядома выбраў эканамічны кірунак, дзе паглыблена вывучалі англійскую мову і матэматыку. А на цэнтралізаваным тэсціраванні 2008 года здаваў беларускую і англійскую мовы, а таксама матэматыку. “Да тэстаў рыхтаваўся з дапамогаю школьных заняткаў, а таксама рэпетытараў”, – кажа Антон. А беларускую мову выбраў таму, што яе граматыка і правілы здаваліся яму прасцейшымі і паслядоўнейшымі ў параўнананні з рускай.
– За вынік шчыра ўдзячны сваёй рэпетытарцы Зінаідзе Паўлаўне Матусевіч, якая за кароткі перыяд здолела палепшыць і сістэматызаваць мае веды. Ну і, канечне, вялікую ролю мела самастойная падрыхтоўка і ўсебаковае вывучэнне прадмета.
Хлопец прызнаецца, што мэты атрымаць максімальны вынік тады сабе не ставіў. З агульнаю сумай у 331 бал паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, якую ўдала скончыў у 2013 годзе. Веды, новыя знаёмствы і сацыялізацыя, якія даў універсітэт, аказаліся карыснымі ў жыцці. Яшчэ ў час навучання Антон зацікавіўся інфармацыйнымі тэхналогіямі. І, паглыбіўшыся ў гэтую сферу, пачаў працаваць тэставальнікам праграмнага забеспячэння, чым займаецца і да гэтай пары.
– З’ехаць і паспрабаваць сябе за мяжой? Не, такіх думак няма, – кажа Антон. – Маю цікавую працу, захапленні, сяброў і натхненне ў Беларусі. Дзе завязалі пупок, там і родны куток.
А будучым абітурыентам Антон раіць загадзя, хаця б за гады два да сканчэння школы, вызначыцца з прадметамі, якія будуць здаваць на ЦТ.
– У школе больш увагі патрэбна прысвячаць менавіта ім, а таксама многа рыхтавацца самастойна. Калі патрэбна – звярнуцца па дапамогу да рэпетытараў, каб удасканаліць свае веды.
Антон запэўнівае, што ўсё ведаць немагчыма, ды і не трэба. Таму, каб атрымаць добры вынік, ён прапаноўвае засяродзіцца на школьнай праграме.
– У кожным прадмеце ёсць тыповыя памылкі, якія дапускаюць няўважлівыя абітурыенты. Таму варта загадзя пра гэтыя пасткі даведацца. Для гэтага існуюць адпаведныя матэрыялы-памочнікі. Чытайма падручнікі, дыхайма свежым паветрам і высыпаймася – і тады ўсё абавязкова атрымаецца!
Дарэчы, сёлета тэсціраванне па беларускай мове напісалі 28,5 тысячы абітурыентаў, што на 6 тысяч больш, чым летась. Гэта звязана, у тым ліку, з новаўвядзеннем уступнай кампаніі-2017: абітурыенты могуць выбраць для здачы ЦТ чатыры прадметы, а падаваць у прыёмную камісію вынікі трох самых паспяховых. Дадзеныя аб колькасці 100-бальнікаў па выніках тэсціравання ў гэтым годзе будуць апублікаваныя пасля 10 ліпеня, калі абітурыенты пройдуць апошнія выпрабаванні ў дадатковыя дні здачы тэстаў.
Кацярына КАРПІК.
Фота Алены РАМАШКО