На сваім Чырвонаармейскім участку 26 студзеня галасаваў Пётр Іванавіч Зайцаў, чалавек, вядомы не толькі ў нашым горадзе. Ён падрыхтаваў не аднаго майстра спорту СССР міжнароднага класа, каля двух дзясяткаў майстроў спорту СССР і Рэспублікі Беларусь, больш за сотню кандыдатаў ў майстры спорту.
Пётр Зайцаў вядомы таксама як першы трэнер майстроў спорту міжнароднага класа па скачках на батуце Таццяны Мамай і Яўгена Дрэера, дапамог раскрыцца таленту юнага Івана Літвіновіча, двухразовага алімпійскага чэмпіёна. Сярод высокіх узнагарод Пятра Іванавіча – званне «Чалавек года Вілейшчыны», ганаровая грамата Міністэрства спорту і турызму, ганаровы медаль «За працоўныя заслугі».
– Пабыць сярод народа, убачыць знаёмых, павітацца з дырэктарам школы №3, якую скончылі мае дзеці, – пералічыў Пётр Іванавіч прычыны, па якіх галасаваць менавіта ў асноўны дзень галасавання прыйшоў сюды. Працяглы час ён і сам працаваў у школе – да 1980 года на базе спартыўнай залы школы трэніраваліся выхаванцы спартыўнай школы.
Адметныя рысы Пятра Іванавіча – сціпласць і адданасць любімай справе. І сёння ён, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягвае выхоўваць юных спартсменаў. «Каб жылі спакойна, каб нашы дзеці і ўнукі маглі развівацца і дасягаць новых перамог не толькі ў спорце» – за гэта яго голас.
Таццяна ШАРШНЁВА