Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выйшаў новы нумар краязнаўчага альманаха «Вілейскі павет»

Якія цікавыя матэрыялы змяшчае гісторыка-краязнаўчы альманах»Вілейскі павет» №4. Гэты зборнік выходзіць раз на год.
Кожны нумар выдання прысвячаецца гісторыі Вілейкі і раёна, а таксама тым тэрыторыям, якія некалі ўваходзілі
ў Вілейскі павет.

Анатоль Капцюг, Вольга Коласава, Аляксандр Зайцаў, Міхась Міхалевіч, Віктар Тонкавіч, Дзяніс Канецкі, Анатоль Сцебурака, Сяргей Макарэвіч, Клаўдзія Дубовік – гэта далёка не поўны пералік аўтараў «Вілейскага павета», якія актыўна вывучаюць і дзеляцца на старонках альманаха гістарычнымі даследваннямі пра Вілейшчыну. Штогод краязнаўчая супольнасць нашага раёна чакае выхаду новага зборніка. І вось ужо выйшлі чатыры нумары краязнаўчага альманаха – а гэта цэлы шэраг цікавых і, часам, не івядомых гістарычных звестак, фактаў пра мястэчкі і вёскі Вілейшчыны, пра выдатных асоб, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё нашага краю, новых цікавых архіўных фотаздымкаў, якімі аздоблены кожны артыкул.
На старонках новага нумара «Вілейскага павета» можна прачытаць цікавыя матэрыялы Віктара Тонкавіча, які распавядае пра гісторыю шляхецкага роду Бароўскіх, яны валодалі маёнткамі ў Юнцавічах і Лукаўцы, а таксама гісторыю вуліц нашай Вілейкі. Наш зямляк, гісторык Анатоль Сцебурака падрыхтаваў цікавы артыкул пра зямян маёнтка Ганута, з якім звязаны знакаміты беларускі род Агінскіх. Ужо пастаянны аўтар, беларускі архівіст Віктар Жыбуль, працягвае публікаваць артыкулы пра карэспандэнта «Нашай Нівы», жыхара мястэчка Даўгінава – Вульфа Сосенскага. У новым нумары падаюцца ўспаміны Сосенскага за перыяд з 1892 да 1939 гады. Беларускі даследчык Ілля Бутаў, зацікавіўшыся архіўнымі згадкамі пра адзін з трох найбольш шануемых цудотворных абразоў Беларусі, які раней змяшчаўся ў царкве вёскі Пахомава, пачаў свае пошукі. Зараз гэтай вёскі не існуе, яна затоплена падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча, але ў розных кутках краіны жывуць яе былыя жыхары. Што даведаўся даследчык і дзе зараз знаходзіцца цудатворны абраз,чытайце ў новым выпуску альманаха.
Адзін з выдаўцоў альманаха, заўзяты аўтар і краязнаўца Сяргей Макарэвіч, распавёў у сваім артыкуле пра эпізоды з жыцця паэта Максіма Танка на Вілейшчыне.
Пастаянны аўтар зборніка Анатоль Капцюг распавёў у сваім артыкуле пра вілейскі валун «Лысіна Паца», а таксама пра тое, хто і навошта яго так назваў. Яшчэ адна аўтарка, вілейская паэтэса Клаўдзія Дубовік, напісала пра малавядомага раней паэта з Вілейкі Пятра Малафея.
Зборнік насычаны мноствам цікавых артыкулаў і архіўных фотаздымкаў, што зацікавіць не толькі заўзятых краязнаўцаў, але і простых жыхароў Вілейшчыны.
Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries