Пакуль іх крутыя бакі хаваліся ў гароднінным лістоўі, Валянцін Цімафеевіч і не думаў, што ў яго на градзе выспелі такія гарбузы.
А выцерабіў моркву, скапаў буракі – і захоплена застыў перад дарункам удзячнай зямлі.. Паспрабаваў прыпадняць самы большы з гарбузоў, але так і не разагнуў спіны. Нацешыўшыся з агароднага дзіва, вырашыў падзяліцца сваёй радасцю. Тым больш, што яна – вынік яго працы.
Апоўдні ў рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок: «Вы яшчэ не бачылі такіх гарбузоў! Вуліца Купалы,6. Прыязджайце, падзівіцеся!». Як было не адгукнуцца на такую просьбу?! Прыехалі. Падзівіліся. Сфатаграфавалі… Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што падобныя экзэмпляры сустракаць давялося. Сёлета зямля наогул шчодрая на такія сюрпрызы. Толькі далёка не кожны з удачлівых агароднікаў так захоплена ўспрымае яе шчырую ўдзячнасць.
У агародчыку Валянціна Капарыхі – асенняя прыборка. Гаспадар збірае ў кошыкі буракі і моркву, што таксама сёлета ўрадзілі, гасцінна дзеліцца ўраджаем. Адзін з крутабокіх экзэмпляраў мы загрузілі ў багажнік рэдакцыйнага аўтамабіля. Ля ганка спее лімоннік. Вымахаў малады ўкроп. Дацвітаюць астры.
– Агуркоў было мора, – дзеліцца Валянцін Цімафеевіч. – Я іх проста закладваю ў трохлітровыя слоікі, засыпаю соллю і заліваю вадой. Смела бярыце, – працягвае ён некалькі морквін, – усё чысценькае, без нітратаў…
Між іншым расказвае, што ўжо колькі часу жыве адзін. Жонка рана памерла. Дзеці пасяліліся асобна. Праўда, наведваюць. І па гаспадарцы дапамагаюць.
Некалькі хлеўчукоў хаваюць хатнюю жыўнасць. З гаспадаркі цяпер – куркі, кот Васька і сабака пароды руская пегая, спадарожнік яго паляўнічых вандровак.
Валянцін Цімафеевіч успамінае, якім напоўненым было некалі яго жыццё. Дваццаць год адпрацаваў вадзіцелем у грузавым аўтапарку. Ні разу «на бюлетэні не быў». Скалясіў усю Беларусь…
– Але нічога. Я і сёння сам сабе гаспадар, – вымаўляе годна і з гонарам. – Усё маю і нічога ні ў каго не прашу. – Праводзячы да весніц, прыязна ўсміхаецца ўслед. Раздзеленая радасць – у гэтай чалавечай усмешцы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Вы яшчэ не бачылі такіх гарбузоў!
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов