Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вядомы ўсім урач Іосіф Ордаш адзначыў 70-годдзе

Прафесію кожны выбірае па-свойму. Адны ўжо з самага дзяцінства ведаюць, кім будуць і ўпарта ідуць да мэты. Другіх выводзіць на жыццёвую пуцявіну шчаслівая выпадковасць.Трэція паспяваюць за жыццё пабыць,як кажуць, на розным хлебе, і гэта таксама трэба прымаць як данасць.

IMG_5058

Чалавек, пра якога хочацца расказаць, з самага дзяцінства ведаў,што стане ўрачом і будзе лячыць людзей. Яшчэ малым хлапчуком, седзячы на беразе ракі (а ля яго вёсачкі на Ашмяншчыне яны працякалі аж дзве), марыў, як стане доктарам і  абавязкова вылечыць свайго хворага тату… Хлапчук, як і ўсе дзеці таго пасляваеннага часу, бачыў, як многа і цяжка працуюць бацькі, зведаў на сабе і голад, і тую няпростую працу на зямлі.

Іосіфа Казіміравіча Ордаша, урача-тэрапеўта, на Вілейшчыне ведаюць калі не ўсе, то многія. З ім я сустрэлася ў адметны для яго час – Іосіф Казіміравіч толькі-толькі адзначыў сваё 70-годдзе. Сустрэў яго, як кажуць, не дома, лежачы на канапе, а на рабочым месцы, бо багаты вопыт і глыбокія веды прафесіянала, канешне ж, запатрабаваны.

Толькі што зачыніліся дзверы за апошнім у гэты дзень пацыентам, і мы з Іосіфам Казіміравічам змаглі пагутарыць і пра яго цудоўную прафесію, і пра шлях да яе, і ўвогуле пра жыццё-быццё людское.

Image1

– Што марыў лячыць людзей з дзяцінства, гэта праўда, – пачаў расказваць юбіляр. – І пра тату таксама праўда… Працаваў, цяжка працаваў. У калгасе тады разлічваліся з людзьмі толькі ў канцы года. Памятаю, пайшоў тата за тым разлікам і вярнуўся дамоў з недзе да паловы запоўненым мяхом – столькі зерня заплацілі яму за год працы. Вось тут  і жыві як хочаш, кармі і вучы дзяцей…

Іосіф Казіміравіч на хвіліну задумаўся, гледзячы ў акно. Відаць, успомніў нешта са свайго нялёгкага дзяцінства. А пасля пачаў расказваць, як старанна, з вялікай ахвотай, вучыўся ў школе. Перамогі на алімпіядах розных узроўняў – яскравае таму пацвярджэнне. Любімымі прадметамі хлопца былі хімія,фізіка, матэматыка. А калі  па вялікім рахунку,дык выдатна паспяваў па ўсіх, таму і атрымаў пасля заканчэння школы сярэбраны медаль. Затым, здаўшы на выдатна адзін экзамен, стаў студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута. І пачалася цікавая вучоба…

Image2

– Яшчэ ў школьныя гады быў у маім жыцці выпадак, пасля якога жаданне быць урачом яшчэ больш умацавалася, – прыгадаў  мой суразмоўца. – Давялося мне вучыцца ў Ашмянскай школе-інтэрнаце. Памятаю, некаторыя дзеці пачалі хварэць на дыфтэрыю. Захварэў і я. Не пайшоў на заняткі. Урач, якая прыйшла да мяне, пасля агляду катэгарычна заявіла: «Не прыкідвайся, заўтра ж ідзі ў школу». І я хадзіў на заняткі, хоць было вельмі цяжка. Дайшло да таго, што ўвечары ў інтэрнацкім пакойчыку страціў прытомнасць. Высветлілася, што перанёс хваробу на нагах… Пасля гэтага ў мяне пачаліся праблемы са зрокам. Дык вось гэты выпадак навучыў мяне галоўнаму – урачэбнай адказнасці і паказаў, якім не павінен быць урач.

Праляцелі студэнцкія гады, за час якіх Іосіф Ордаш атрымаў грунтоўныя веды і практыку. І вось ён, выпускнік з «чырвоным» дыпломам, на парозе самастойнага жыцця. Так атрымалася, што на малую радзіму размеркавання ў той год не было,таму прыйшлося выбіраць месца, якое было б як мага бліжэй да Ашмяншчыны. Так Ордаш трапіў на Вілейшчыну, у Іжскую бальніцу.

– Памятаю, толькі прыехалі з жонкай у Іжу, яшчэ, як кажуць, і вузлы свае ў хаце не развязалі, а тут і першы выклік, – прыгадвае Іосіф Казіміравіч. – Прыбегла жанчына і з парога – з просьбай: «Дапамажыце! У дачкі роды пачаліся!» Такое вось было ў мяне, так бы мовіць, баявое хрышчэнне.
Асаблівасць сельскага ўрача ў тым,што ён павінен быць кампетэнтным ва ўсім. І роды прыняць, і раны апрацаваць,і правільныя дыягназы паставіць, каб ужо пасля ў раённай бальніцы лячыць чалавека. Дарэчы,нават людзі з інфарктамі лячыліся тады ва ўчастковых бальніцах.

– У той час, калі я пачынаў працаваць у Іжскай бальніцы, мы абслугоўвалі недзе пяць з паловай тысяч чалавек, – прыгадаў мой суразмоўца. – Гэта цяпер вёскі абязлюдзелі, дзетак зусім мала, а тады працы ў нас хапала. Надзіва добры, надзейны калектыў быў у бальніцы. І сёння з удзячнасцю прыгадваю вопытнага фельчара Лідзію Міхайлаўну Наруць, якая замяняла мяне, урача, была прафесіяналам сваёй справы. Ужо няма сярод нас гэтай цудоўнай жанчыны, а памяць пра яе добрыя справы жыве.

Чатыры гады адпрацаваў Іосіф Ордаш у Іжы, а пасля паступіў вучыцца на два гады ў клінічную ардынатуру. Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні,зноў вярнуўся ў Вілейку. Быў прызначаны загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы, затым на працягу дваццаці дзевяці гадоў загадваў тэрапеўтычным аддзяленнем паліклінікі. У 1995 годзе прайшоў атэстацыю ў атэстацыйнай камісіі Міністэрства аховы здароўя, атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ўрача-тэрапеўта. Нават на пенсіі шэсць гадоў заставаўся на адказнай пасадзе. Цяпер Іосіф Казіміравіч працуе ўрачом-тэрапеўтам і ўзначальвае медыцынскую камісію ваенкамата. Справа няпростая і адказная.

– Узгадваю свае першыя гады працы ў Вілейскай бальніцы, – дзеліцца Іосіф Казіміравіч. – Вельмі моцныя былі і тады ў ёй спецыялісты. Міхаіл Карлавіч Гардон, Марыя Ільінічна Гельмоўская, Аляксандра Іванаўна Гатоўка… Не толькі, напэўна, мне пра многае гавораць прозвішчы Волах, Міхалевіч, Харэвіч, Шырочын, Уладысік… Незвычайныя гэта былі людзі, сапраўдныя прафесіяналы. З гонарам магу сказаць,што ў маім аддзяленні пачыналі свой шлях Ядзвіга Норбертаўна Кісель, Марына Генадзеўна Касцевіч, Алена Мікалаеўна Францкевіч,Сяргей  Анатольевіч Яжэлы, якіх віляйчане добра ведаюць.

Прафесія ўрача надзвычайна складаная і адказная. Ад іх, людзей ў белых халатах, мы,іх пацыенты,звычайна чакаем вельмі  многага. Здараецца, немагчымага.

– Урачы – не Богі, і перад цяжкімі хваробамі бываюць бяссільнымі, – згадзіўся Іосіф Казіміравіч. – Аднак зрабіць літаральна ўсё-усё, што ў нашых сілах, каб выратаваць чалавека,дапамагчы яму, мы абавязаны. Інакш проста нельга. Я сам жыву і працую па гэтым прынцыпе,таму смела гляджу ў вочы ўсім,з кім мяне зводзіла жыццё. – А ці здаралася калі,што не змог дапамагчы?

Іосіфавіч Казіміравіч на хвілінку задумаўся, а потым пачаў расказваць:

– Даўно гэта было, калі я яшчэ ў Іжы працаваў. Памятаю, мяне выклікалі на здарэнне. Ля возера адзін злачынец выстраліў у падлетка. Калі я аказаўся на месцы,юнак ляжаў са страшнай ранай галавы… Ішоў дождж, было мокра і брудна. Да прыезду «хуткай» я перавязаў рану. Хлопца яшчэ жывым даставілі ў бальніцу, пачалі аперыраваць. На вялікі жаль, ён не выжыў – вельмі ўжо цяжкай была тая рана.  Многа гадоў прайшло з таго часу, а пачуццё болю і бездапаможнасці,што не змаглі дапамагчы, і зараз памятаю. Гэта якраз пра тое – пра жаданне і магчымасці ўрача…

Зноў перайшлі да дня сённяшняга. Мой суразмоўца можа ганарыцца, што ён з’яўляецца пачынальнікам медыцынскай дынастыі Ордашаў. Адзіны сын Іосіфа Казіміравіча працуе стаматолагам у Мінскай раённай бальніцы, васемнаццацігадовы ўнук вучыцца на падрыхтоўчым аддзяленні ўніверсітэта ў Польшчы і  будзе вучыцца на лекара. Пляменнікі і іх дзеці таксама пайшлі па слядах дзядзькі.

– Ну а малодшы ўнук, які вучыцца ў трэцім класе, пакуль што яшчэ не вызначыўся, – усміхаецца юбіляр, – але ўжо заяўляў, што будзе вынаходнікам.

І гэта рыса, падумалася мне, у дзіцяці, напэўна, ад дзядулі, чалавека высокаадукаванага і нераўнадушнага. За час размовы пачула ад Іосіфа Казіміравіча многа цікавага пра новае ў медыцыне,перспектывы яе развіцця, работу вучоных па ўмяшанні ў генетычны апарат чалавека… Усё гэта, прызнацца, уразіла, але не менш уразіла, што Іосіф Казіміравіч вельмі цікавіцца гісторыяй роднага краю і многа ведае пра мінулае Беларусі. А яшчэ ён любіць паэзію беларускіх класікаў, можа па памяці чытаць вершы Коласа, Міцкевіча, Барадуліна. Прызнаюся шчыра, верш Коласа «Сам сабе» Іосіф Казіміравіч прачытаў па-асабліваму, настальгічна-сумна і цёпла, і гэта кранула ледзь не да слёз… А пасля былі цёплыя радкі Барадуліна, польскіх паэтаў…

Так атрымалася, што з урачом Іосіфам Ордашам да гэтай сустрэчы мы не былі знаёмыя. Упершыню сустрэліся, пагутарылі, і мне адкрыўся яшчэ адзін надзвычайна добры і цікавы чалавек, прафесіянал у сваёй справе, сын сваёй зямлі. Поспехаў Вам і моцнага здароўя, паважаны Іосіф Казіміравіч!

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА і з архіва Іосіфа Ордаша

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 40 queries