Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вучаніца з Вілейкі напісала даследчую работу «Як узніклі назвы вёсак»

Кожны год для вучняў пачатковых класаў право­дзіцца конкурс даследчых работ. Ангеліна Прохарава пачала пісаць даследчыя работы з дзіцячага сада. Дзяўчынку больш за ўсё цікавіць гісторыя роднага краю, таму і выбірае тэмы, звязаныя з малой Радзімай: «Адкуль твая назва, вёска?» і «Падарожжа па вёсцы Карпавічы і яе ваколіцах».

Ангеліна гаворыць, што ўжо ведае, адкуль з’явілася назва вёскі Карпавічы. Падчас вандровак па нашым раёне яна задумалася, а чаму іншыя вёскі маюць такія назвы? Як яны ўзніклі? I чаму некаторыя назвы паўтараюцца або вельмі падобныя? Так з’явілася новая тэма даследчай работы «Карта Вілейскага раёна расказвае…» (як узніклі назвы вёсак).

Кнігі паведамляюць…

Каб знайсці патрэбны матэрыял, мы карысталіся кнігамі «Памяць. Вілейскі раён», «Кароткім тапанімічным слоўнікам Беларусі» В.Жуч­кевіча, картай Вілейскага раёна. 3 іх мы даведаліся, што сёння ў Вілейскім раёне 407 населеных пунктаў.

Але нас цікавілі толькі тыя, у назвах якіх упаміналіся пароды дрэў, кустарнікаў, словы «лес», «бор» «луг». Я налічыла 55 такіх назваў і размеркавала іх на дзве групы, каб растлумачыць, чаму з’явіліся гэтыя назвы і чаму людзі выбіралі пэўныя мясціны для жыцця?

Як узніклі назвы вёсак…

Населеныя пункты, у назвах якіх упамінаюцца словы «лес», «бор» «луг»
Вілейскі раён багаты лясамі, таму найбольшая колькасць назваў і звязана са словамі «лес», «бор», «луг». Іх 14: Залессе, Ляскі, Лясная; Баравая, Баравыя, Бараўцы. Баркі, Барок, Боркі, Забар’е. Забор’е, Задні бор, Сухі бор, Гай.

Назвы гавораць пра тое, што спачатку людзі сяліліся ў лесе або за лесам, таму што ў лесе было многа звяроў, птушак, грыбоў, ягад, якія ішлі ў ежу. 3 дрэў у лесе чалавек будаваў жыллё. А таксама мог лёгка развесці вогнішча, каб сагрэцца і згатаваць ежу. Са звярыных шкур можна было пашыць вопратку. А яшчэ ў лесе чалавек мог схавацца ад ворага або ўкрыцца ад небяспекі. Мы ведаем, што бор – гэта сасновы лес, а гай – лісцёвы. Людзі сяліліся і там. Але на карце Вілейскага раёна толькі адна вёска мае назву Гай.

У лесе людзі жылі і на адкрытых месцах, палянах, пакрытых кустарнікамі, мохам. Так узніклі назвы Малінаўка, Берасніха, Верасы, Замошша.
Другія выбіралі бязлесныя мясціны, лугі, дзе было многа травы. На гэтых месцах людзі разводзілі жывёлу, апрацоўвалі зямлю пад ўраджаі збожжа. Таму і з’явіліся вёскі Лугавыя, Лугі, Мурожышча, Располле.

Вось і атрымліваецца, што чалавек спецыяльна выбіраў для жыцця пэўныя месцы, а від гэтага месца з часам станавіўся назвай населенага пункта. Пра гэта ў народзе існуе апавяданне «Палешукі і палевікі».

Населеныя пункты, у назвах якіх упамінаюцца пароды дрэў
Чалавек даўно заўважыў, што дрэвы дапамагаюць і могуць нават лячыць.
Людзі лічылі, што дуб дае сілу, таму і сяліліся ў дуб­ровах. Так з’явіліся вёскі Дубавое, Дубішча, Дубраўка, Новадубава, Старадубава.

Пра бярозу, асіну і маладую лазу людзі казалі, што яны адганяюць злых духаў. Таму на карце Вілейскага раёна ёсць вёскі Бярозава, Падбярэззе, Асінаўка, Залазоўе, Лазавец, Лазавік, Лазова, Лазоўка. А на старыя лозы адсылалі людскія хваробы.

Мы сёння ведаем, што сасна – вечназялёнае дрэва. Таму людзі і лічылі, што гэта дрэва павінна даваць даўгалецце і бессмяротнасць. Гэтак узніклі назвы Сасноўшчына, Сосенка.

Вольху з даўніх часоў лічаць чароўным дрэвам. Шмат хто звяртаўся да яе з якімі-небудзь просьбамі. Таму ўзніклі назвы вёсак Альхоўка, Аль­шанка, Альшынка, Альшэўцы (Альшвічы), Вольшына.

Вяз дае сілу тым, хто змагаецца да канца і не здаецца (Вязавец, Вязаўшчына).

Елка – дрэва, якое сімвалізуе вечнае жыццё, зберагае дом ад навальніцы. Таму ў нашым раёне ёсць вёскі Ельня, Заельнікі, Яловае.

Назвы вёсак Падклённе, Чаромушкі, Ясянёўка таксама звязаны з назвамі дрэў.

Вось і атрымліваецца, што для жыцця людзі выбіралі месцы, дзе раслі тыя дрэвы, якія дапамагалі чалавеку.

Параўнанне паходжання назваў вёсак, якія прапануюць вучоныя, з тымі, што захаваліся сярод мясцовага насельніцтва. Мне было цікава даведацца, ці ёсць адрозненні ў тым, што расказваюць пра назвы вучоныя і мясцовыя жыхары.

Аказалася, што пахо­джанне назваў вёсак у даследаваннях вучоных і паведамленнях мясцовага насельніцтва часта супадае. Напрыклад, Валерый Серка расказваў, што вёска Забор’е знаходзілася за борам. Таму яе так і назвалі. Тое самае паведаміў Міхаіл Савін пра вёску Забар’е.

А вучоны Васіль Жучкевіч піша, што «Забар’е, Забор’е – месца за борам. Назвы з асновай бор шырока распаўсю­джаны ў Беларусі».

Але ёсць і адрозненні. Пра назву вёскі Сліпкі Вадзім Жучкевіч кажа, што яна ўзнікла ад назвы пароды дрэва ліпа. А ў народзе думаюць інакш.
Бажэна Мацюк на аснове народнай легенды напісала верш, які так і называецца «Сліпкі» (3 ліпкі, Зліпкі)

Каля хаты – хата,
Каля тыну – тын:
Хто жыў небагата –
Тут сям’ю сяліў.
Зліпліся будынкі
У адзін, як ёсць.
«Гляньце, вёска Зліпкі,» –
Пасмяяўся хтось.
«Будзе вёска Зліпкі, –
Ветрам паплыло, –
I пачнецца з ліпкі
Новае сяло».
Можа, хтосьці жартам
Гэта гаварыў –
Толькі так назвалі
Вёску жыхары.

Адрозненні мы знайшлі і пра вёску Чаромушкі. У народзе кажуць, што назва ўтварылася ад кустоў чаромхі, якіх там было шмат. А вучоны Жучкевіч тлумачыць інакш: пасля будаўніцтва ў Маскве мікрараёна «Чаромушкі» так сталі называць месцы хуткай будоўлі.

Вось і атрымліваецца, што чалавек спецыяльна выбіраў месцы, дзе былі лепшыя ўмовы для жыцця, а від гэтага месца з часам станавіўся назвай населенага пункта; для жыцця людзі часта выбіралі месцы, дзе раслі пэўныя дрэвы, якія дапамагалі чалавеку, у сілу якіх чалавек верыў; вёскі, у назвах якіх упамінаюцца пароды дрэў, кустарнікаў. Словы «лес», «бор» «луг» размешчаны па ўсёй тэрыторыі раёна і знаходзяцца далёка адна ад адной, бо прыродныя ўмовы прыблізна аднолькавыя.

Я ўпэўнена, што веды пра гісторыю нашай краіны, яе населеныя пункты патрэбны як дарослым, так і дзецям, каб яны любілі і бераглі родны край, ганарыліся ім і заставаліся патрыётамі сваёй Радзімы.

Ангеліна ПРОХАРАВА, 3 «Б» клас ДУА «Пачатковая школа
№6 г. Вілейкі», кіраўнік работы Тамара Мікалаеўна Матыяшкойць, настаўнік пачатковых класаў

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries