Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вогненныя вёскі Вілейшчыны

20 – 22 сакавіка ў Мінску адбыўся Міжнародны сімпозіум «Чалавечнасць
у гады бесчалавечнасці», прысвечаны 75-й гадавіне з дня знішчэння
вёскі Хатынь. 75 год таму – 4 мая 1943 года – трагедыю Хатыні перажылі і вёскі Вілейшчыны. Боркі і Любча – вёскі, якія так і не аднавіліся пасля вайны.

адзіная ўцалелая са спаленай вёскі Боркі.
Анасовіч (Кучко) Фаіна Сяргееўна – адзіная ўцалелая са спаленай вёскі Боркі. Фото zviazda.by

За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь зведала на сябе мноства войн, кожная з якіх пакідала пасля сябе смерць і разруху. Але не было ў гісторыі войн больш жорсткай і разбуральнай, чым Вялікая Айчынная. Генеральны план «OST», распрацаваны яшчэ ў 1940 годзе, прадугледжваў палітыку «спаленай зямлі», гэта значыць – вызваленне ад карэнных жыхароў. 30 сакавіка 1941 года на нарадзе Вышэйшага камандавання Вермахта Гітлер адзначыў, што вайна супраць Савецкага Саюза будзе значна адрознівацца ад вайны на Захадзе. Гэта будзе вайна – на знішчэнне.

«…Знішчэнне суседніх народаў і іх багаццяў вельмі неабходна для нашай перамогі. Адна з сур’ёзных памылак 1918 года заключалася ў тым, што мы не знішчалі грамадзянскае насельніцтва варожых краін, бо неабходна, каб немцы заўсёды, прынамсі ўдвая, пераўзыходзілі па колькасці народы сумежных краін. Таму мы абавязаны знішчыць трэцюю частку іх жыхароў», – вучыў слухачоў Берлінскай ваеннай акадэміі фельдмаршал Рундштэд у 1943 годзе. Гэта ў нейкай ступені адбілася на настроі і першапачатковых адносінах мясцовага насельніцтва да фашысцкіх акупантаў. Многія памяталі другіх немцаў – салдат кайзераўскіх войск і іх адносіны да мясцовых жыхароў.

Больш за 9 тысяч беларускіх вёсак былі спалены фашыстамі за тры гады акупацыі, больш за 5 тысяч – знішчаны разам з жыхарамі або часткай насельніцтва, 186 вёсак не адноўлены да нашых дзён. Усяго за гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі правялі больш за 140 карных аперацый. Знішчэнне населеных пунктаў Ільянскага і Куранецкага раёнаў Вілейскай вобласці (сучасны Вілейскі раён) разам з жыхарамі або з часткай насельніцтва пачалося яшчэ летам 1942 года: у чэрвені – поўнасцю спалена вёска Хаценчыцы, якая на той час налічвала 42 двары і 240 жыхароў – загінулі 28 чалавек. Карныя аперацыі працягваліся ў маі, жніўні-кастрычніку 1943 года, маі-чэрвені 1944 года. Усяго на тэрыторыі Вілейскага раёна было спалена 77 вёсак, 43 з якіх уключаны ў гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Вілейскі раён», 34 населеныя пункты знішчаны часткова і з невялікай колькасцю насельніцтва. Звесткі пра гэтыя вёскі маюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і патрабуюць яшчэ больш дасканалага вывучэння.

Станкевіч Адам з жонкай, в. Любча, 1930-я гг. 4 мая 1943 года яны былі спалены разам з сваімі дзецьмі і іншымі жыхарамі вёскі.

Пяць вёсак Вілейшчыны раздзялілі лёс беларускай Хатыні: Боркі, Любча, Клюева, Рабцова, Янава – няма сёння гэтых вёсак на карце Вілейскага раёна. Але жыве народная памяць – непадкупная памяць. Аб гэтым трэба памятаць, пра гэта патрэбна гаварыць.
З пратакола №2 пасяджэння раённай камісіі садзейнічання ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых па Ільянскім раёне. Мястэчка Ілья, 19 сакавіка 1945 года:

«…4 мая 1943 года карательная экспедиция ворвавшись в деревни Борки, Любча, Старинки, Бригидово Новогутского сельского Совета Ильянского района под предлогом собрания согнали всех жителей этих деревень женщин, стариков и детей, выстроили их в шеренгу, мужчин и женщин разделили отдельно, загнали в 5-ть сараев, после чего расстреляли в упор с автоматов и винтовок, облили бензином сараи и подожгли. В сараях послышался предсмертный крик и стоны раненых, но фашисты на этом не успокоились, бросили в сарай несколько гранат. Всего немецкие изверги расстреляли и сожгли около 557 человек, в братских могилах с родными лежат 80 детей, из них грудных – 35 детей…»

4 мая 1943 года карнікі асобага батальёна СС пад камандаваннем Оскара Дзірлевангера знішчылі поўнасцю вёску Боркі і яе жыхароў: 21 двор, 97 жыхароў (на той час – Ільянскі раён Вілейскай вобласці).

Кучко Фаіна – адзіная дзяўчынка, цудам уцалеўшая з гэтай вогненнай вёскі. Фаня, так звалі яе родныя, была самая малодшая ў сям’і. Бацька памёр рана, калі дзяўчынцы было ўсяго два гады. Маці Вольга, родам з суседняй вёскі Кавалі, гадавала адна чатырох дзяцей: сыноў Косцю і Лёню, дачок – Валю і Фаню. Старэйшаму сыну на той час споўнілася 17 год, Фані ішоў дванаццаты.
«…Немцы ў Борках не стаялі, толькі часам наляталі, каб чаго нахапаць», – успамінае Фаіна Сяргееўна. «Часцей мы бачылі партызан. І вось у першых днях мая сорак трэцяга года наляцелі немцы значнай колькасцю і, нахапаўшы сялянскага дабра, падаліся назад. На другі дзень, пад вечар, у вёску прыехалі два верхавыя партызаны, сабралі людзей на вуліцы і, не злазячы з коней, сказалі, каб людзі пакінулі вёску і перамясціліся ў іншыя вёскі, ці ішлі да партызан, якія знаходзяцца ў Рагозіне. Партызаны паехалі. Людзі ўсю ноч не клаліся спаць, хадзілі па вуліцы, раіліся, закопвалі ў зямлю свае пажыткі, і ўсё спадзяваліся на лепшае. Аднак раніцай вырашылі выгнаць у поле кароў. Са статкам пайшло адзінаццаць чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Мама выправіла мяне, як самую малодшую. Ужо на выгане мы пачулі, што навокал ідзе не частая, але безупынная страляніна. Потым убачылі пажар у Любчы… Потым убачылі, што ад Любчы бяжыць чалавек у абгарэлай вопратцы. Амаль не спыняючыся, ён крыкнуў нам: «У Любчы немцы людзей паляць. Нас трое вырвалася з агню!»

Потым загарэліся і нашы Боркі. Але тут да статка прыйшлі два паліцаі і два мужчыны ў цывільным і загадалі гнаць кароў у вёску. Скаціну ў вуліцу не загналі, бо ўся яна была застаўлена фурманкамі. Я не памятаю, як дабегла да сваёй хаты… Убегла ў свае пакоі, убачыла параскіданыя хатнія рэчы, расчыненую печ, дзёртую бульбу ў місачцы і зразумела, што маму ўзялі, калі збіралася гатаваць дзецям сняданак… Зноў выбегла да незнаёмых фурманаў. Яны схавалі мяне між сваіх вазоў і ўгаворвалі легчы ў адзін з вазоў пад рэчы і, вядома, не плакаць і не крычаць…»

Помнік на месцы спаленай вёскі Боркі

Помнік на месцы спаленай вёскі Боркі

Фаіна Сяргееўна не памятае, што яшчэ там рабілі немцы і паліцаі… Праз некалькі дзён яе адвезлі ў Ільянскі дзіцячы дом, адкуль яна трапіла да дзеда ў в. Бязводнае, а затым да цёткі ў в. Рабунь Вілейскага раёна, дзе пражывае і сёння. 10 снежня Фаіне Сяргееўне споўніцца 87 гадоў.
Упершыню на месцы сваёй спаленай вёскі Фаіна Сяргееўна пабывала толькі праз 12 год, калі ў 1955 годзе паставілі помнік яе загінуўшым землякам. На мемарыяльнай дошцы былі пералічаны гаспадары хат і колькасць чалавек у сям’і. У 2009 годзе помнік рэканструяваны, устаноўлена новая гранітная пліта з імёнамі загінуўшых, добраўпарадкавана тэрыторыя. Вёска Боркі ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

У вёсцы Любча да вайны налічвалася 23 двары, пражывала 95 жыхароў. 4 мая 1943 года вёска спалена разам з жыхарамі, прычым карнікі вырашылі так: мужчын аддзялілі асобна, жанчын з дзецьмі таксама асобна, так і спалілі асобна ў розных месцах. З в. Любча выратаваліся цудам два чалавекі, лёс якіх пасля вайны невядомы. Вёска не адрадзілася. У 1955 годзе быў пастаўлены помнік, а ў 1975 годзе – створаны мемарыял: на месцы, дзе знаходзіліся хаты, устаноўлены мемарыяльныя пліты з імёнамі загінуўшых. Устаноўлены таксама два помнікі: на месцы, дзе былі спалены жанчыны з дзецьмі, і помнік на месцы, дзе былі спалены мужчыны.

Успаміны людзей, іх расказы нават праз дзесяцігоддзі пасля саміх падзей – гэта ўнікальныя дакументы, якія захоўвае Вілейскі краязнаўчы музей. Праўда гэтых расказаў перш за ўсё псіхалагічная. Што і як было з ім самім, як адчуваў, успрымаў, бачыў тое ён сам – чалавек настолькі помніць дакладна, што праўда гэтая не толькі пераконвае цябе, але гучыць часам проста невыносна. Вядома, магчымы і памылкі, і правалы памяці (калі што адбывалася, прозвішчы людзей, паслядоўнасць падзей), але памяць пра тыя жудасныя падзеі настолькі набліжае да цябе, што сам ты робішся нібы сведкам…

У 1993 годзе Спірыдовіч (Маскалевіч) Таццяна Феліксаўна, былая жыхарка вёскі Брыгідава Хаценчыцкага сельскага Савета, якая ў ліку 12 чалавек засталася ў жывых са спаленай вёскі, перадала ў музей свае ўспаміны аб той страшнай трагедыі, якая адбылася з яе роднымі і жыхарамі вёскі 4 мая 1943 года: было спалена 19 двароў, у агні загінула 82 чалавекі, з іх – 33 дзіцяці рознага ўзросту: ад немаўля – адзін дзень ад нараджэння, нават імя не паспелі даць – і да 14 гадоў. Сама яна на той час знаходзілася ў партызанскім атрадзе імя К.Я. Варашылава брыгады імя М.В. Фрунзе, якая дыслацыравалася недалёка ад яе вёскі.

Таццяна Феліксаўна амаль поўнасцю аднавіла храналогію таго дня, пералічыла кожную сям’ю па імёнах, узрост дарослых і дзяцей, як склаўся лёс тых, хто выжыў, як аднаўлялі вёску пасля вайны. І фотаздымкі сваіх родных і аднасяльчан даваенных часоў. З яе сям’і былі спалены бацька, маці, брат і дзве сястры.

Спірыдовіч Іван Іосіфавіч, нарадзіўся ў 1895 годзе ў в. Брыгідава. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Пасля ранення вярнуўся ў родную вёску, ажаніўся, нарадзілася двое дзяцей: дачка Таццяна (1934 г.), сын Антон (1939 г.). 4 мая 1943 года ўся сям’я спалена разам з іншымі жыхарамі вёскі.

Лёсы людзей, перажыўшых жудасныя падзеі вайны – асобная тэма, якая, напэўна, ніколі не будзе даследавана да канца. Але памяць – гэта сувязное звяно між мінулым і будучым. Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, яе трагічных і гераічных старонках непадуладна часу – беражліва захаваная і перадаваемая з пакалення ў пакаленне, яна перажыве вякі.

Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей».
Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 41 queries