25-27 кастрычніка бягучага года ў Мінску праходзіў Беларускі касмічны кангрэс, удзельнікамі якога пашчасціла быць і мне. У рабоце кангрэса прымалі удзел: Анатоль Пермінаў, былы кіраўнік Раскосмасу, цяпер віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, доктар тэхнічных навук, прафесар; прадстаўнікі Расійскага навукова-вытворчага касмічнага цэнтра імя М.В.Хрунічава і касмічнага агенцтва Украіны.
Адкрыў форум генеральны дырэктар аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Аляксандр Тузікаў. У адрас кангрэса паступілі віншаванні ад прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, кіраўніка Раскосмаса Уладзіміра Папоўкіна, сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна.
Першым з дакладам на тэму «Шматфункцыянальная касмічная сістэма Саюзнай дзяржавы – састаўная частка і пілотны праект Міжнароднай авіяцыйна-касмічнай сістэмы» выступіў Анатоль Пермінаў.
Я падрыхтаваў інфармацыйны даклад «Палёт на Марс – галоўная касмічная праграма XXI стагоддзя». Асноўныя напрамкі майго дакладу: палёт на Марс будзе насіць інтэрнацыянальны характар; псіхалагічныя праблемы. Як будуць будавацца адносіны паміж членамі экіпажа? Феномен «першы-другі» вядомы яшчэ з першага палёту чалавека ў космас і першай высадкі на Месяц. Усе ведаюць Нейла Армстранга . А калі запытаць, хто ступіў на Месяц другім, то большасць апытаных не скажа, што гэта быў Эдвін Олдрын. Такі лёс другіх. Тут вельмі важна правільна псіхалагічна падрыхтаваць экіпаж.
Расія ўжо робіць першы крок у марсіянскай праграме. 3 чэрвеня мінулага года ў Інстытуце медыка-біялагічных праблем пачаўся эксперымент па імітацыі пілатуемага палёта на Марс, разлічанага на 520 сутак. У экіпажы – 3 расіяніны, кітаец, італьянец, француз. «Пасадка» на Зямлю запланавана на 5 лістапада 2011 года. Інфармацыя, атрыманая ў ходзе эксперымента, будзе мець важнае значэнне для міжпланетных місій.
Затым па выніках гэтай праграмы неабходна абкатаць «палёт на Марс» на калязямной арбіце.
Наступны жылы модуль марсіянскага карабля Расія павінна запусціць на арбіту вакол Месяца. Гэта будзе база для яе асваення. Па словах намесніка кіраўніка Раскосмаса Віталія Давыдава, пілатуемы палёт на Марс можа адбыцца праз 20 год. У наступным годзе Раскосмас прыступае да распрацоўкі Федэральнай касмічнай праграмы да 2025 года.
На кангрэсе было сказана, што ў наступным годзе ў космас будзе запушчаны беларускі касмічны апарат. Будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе добра, і Беларусь стане касмічнай дзяржавай.
Аляксандр КЛЯШНЯК, удзельнік Беларускага касмічнага кангрэса
Віляйчанін прымаў удзел у Беларускім касмічным кангрэсе
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов