Напярэдадні добра пагуляла мяцеліца-завіруха, намёўшы велізарныя сумёты і пазамятаўшы дарогі. Здавалася, што да запланаванага свята не справіцца з вынікамі гэтага штукарства раз’юшанай зімы…Вось і раённае свята «Масленічныя найгрышы», якое планавалася правесці ў Куранцы, было адменена з-за дрэннага надвор’я. Аднак народнае гулянне ў Вілейцы «Зіма, бывай, душа, спявай!», а карацей – Масленіца – адбылося. І прайшло яно цікава і весела.
Надвор’е ў нядзелю выдалася як па заказу: ужо з раніцы засвяціла зыркае сонейка, і стала зразумелым, што зіме, якой бы злой ні старалася яна нам падацца, усё ж час перадаваць эстафету вясне. Не хочацца лютай, а трэба. А мы з вамі, паважаныя чытачы, ужо так засумавалі па сонейку, якое радуе, бадзёрыць, дае сілы для дзейнасці і планаў!
Да азначанай гадзіны ў ніжні парк пачалі сцякацца людзі. Моладзь, пенсіянеры, сем’і з дзеткамі – усе яны ішлі на свята, каб павесяліцца, атрымаць зарад бадзёрасці і проста адпачыць. Тут ужо чакалі гандлёвыя рады, дзе можна было падсілкавацца. А на прыродзе гэта такое задавальненне! Дзетвара адразу ж аблюбавала палаткі, дзе прадавалі салодкую вату, рознакаляровыя шары ды выстаўляліся работы майстроў Дома рамёстваў (тут можна было пагуляць і ў латарэю). На імправізаваным полі падлеткі каталіся на лыжах, гулялі ў футбол, а малышня адразу ж аблюбавала высокую горку, з’ехаць з якой для дзіцяці – найвялікшае задавальненне!
Цікава было і дарослым. Акрамя цудоўнай канцэртнай праграмы, якую зладзілі калектывы мастацкай самадзейнасці Палаца культуры, яны атрымалі магчымасць сустрэцца са знаёмымі, пагутарыць, купіць усё, што пажадаецца, у гандлёвых радах. Ацанілі і цікавых персанажаў з «Садружнасці» – лялечных Бабу і Дзеда, якія запрашалі пачаставацца глінтвейнам…
– Прывітанне. Са святам! – гэта адзін з віляйчан сустрэў свайго знаёмага. – Прабач, калі я цябе пакрыўдзіў…
– І ты не крыўдуй на мяне таксама, – шчыра ўсміхнуўся другі. І яны моцна абняліся.
Ой, успомніла я, сёння ж Дараваная нядзеля, трэба абавязкова папрасіць прабачэння ў блізкіх. І зрабіла гэта тут жа, на свяце.
Як і заўсёды, на вышыні былі вілейскія артысты. Спявалі, танцавалі, гукалі вясну, праводзілі гульні – карацей, стваралі нам святочны настрой. І гэта ім удалося. Думаю, ніхто з прысутных не пашкадаваў, што выбраўся сюды. А хто не схадзіў – недаатрымаў добрай дозы святочнага настрою, весялосці і сонечнага цяпла.
Спальванне чучала Зімы – традыцыйны момант Масленіцы.
– І што, зімы ўжо не будзе? – дапытвалася чырванашчокая дзяўчынка ў мамы. – Ніколі-ніколі?
– Сёлета ўжо не будзе, – запэўніла жанчына.
– Ура! – заскакала малая.
Для дзяцей уся гэта дзея падалася захапляльнай казкай. Ды хіба толькі для іх… Кожны з нас, дарослых, гледзячы на яркае полымя, верыў, што ўсё цёмнае, халоднае, надакучлівае ўжо ззаду. А наперадзе – прыгажуня вясна з яе цеплынёй, рознакаляровымі фарбамі, радасцю.
А пакуль… «Зіма са снегам, вясна са смехам сышлі з дарожкі – бяруцца ў рожкі”. І маладая прыгажуня перамагае…
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
Вілейская масленіца
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов







