Кожны жыхар нашага горада ведае, што Вілейка заўжды насіла статус «Самы зялёны горад Міншчыны». І гэта сапраўды так, бо кожная тратуарная дарожка ўздоўж вілейскіх вуліц заўжды была засаджана дрэвамі, якія ў спякотнае надвор’е стваралі зялёную арку над пешаходамі, дорачы прахалоду. З часам дрэвы старэюць, разрастаюцца, ствараючы нязручнасць для транспарту, пракладкі камунікацый і, часам, небяспеку для збудаванняў. Як з разумным падыходам выпраўляць падобныя праблемы, як захаваць нашу жыццёвую прастору экалагічна зялёнай і якім чынам навучыцца адносіцца да старых дрэў – як да старажытных помнікаў з цікавай гісторыяй і даўняй спадчынай. Такія тэмы абмяркоўвалі ўдзельнікі трэнінгу «Зялёныя зоны гарадоў: новыя падыходы і ўдзел насельніцтва», які адбыўся ў Вілейцы на мінулым тыдні ў рамках праекта «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай», які рэалізуе Вілейскі райвыканкам сумесна з МГА «Экопартнёрство» за сродкі Еўрапейскага Саюза.
Напачатку трэнінгу з прывітальным словам да ўсіх удзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Генадзь Касцевіч, які адзначыў, што на Вілейшчыне робіцца шмат у сферы рэалізацыі розных праектаў для стварэння годных умоў пражывання і рэалізацыі ініцыятыў мясцовай супольнасці. Прыкладам з’яўляецца і рэалізуемы праект «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай».
Новыя падыходы да “зялёнага” горадабудаўніцтва і захаванне традыцыйнай беларускай флоры, а таксама ўключэнне мясцовай супольнасці ў вырашэнне «зялёных» праблем былі ключавымі аспектамі дакладаў, што прадставілі запрошаныя эксперты: Паліна Вардзеванян, старшы выкладчык кафедры горадабудаўніцтва архітэктурнага факультэта БНТУ, і Ігар Куталоўскі, эколаг, экадызайнер, ландшафтны архітэктар. Кожны з прысутных на трэнінгу, а гэта прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, эканомікі райвыканкама, грамадскіх арганізацый і гарадскія актывісты, самі змаглі абазначыць найбольш цікавыя і праблемныя пытанні, на якіх і будавалася гаворка на трэнінгу: азеляненне новых мікрараёнаў, захаванне і ахова старых дрэў, сезонная абрэзка: як правільна гэта рабіць, стварэнне новых паркаў, у тым ліку на левабярэжжы Віліі, і многае іншае.
Сваю прэзентацыю Паліна Вардзеванян пачала з гісторыі Вілейкі на прыкладзе гарадскіх дрэў, якія выдатна бачны на здымках розных эпох і якія мы выразаем, не задумваючыся аб іх каштоўнасці. Па меркаваннях спецыяліста, зараз вяртаецца тэндэнцыя да стварэння ў беларускіх гарадах і мястэчках так званых «гарадоў-садоў», што былі модныя ў мінулыя стагоддзі, і гэта тэндэнцыя перспектыўная і цяпер. Вілейскі раён гістарычна меў дзясяткі шыкоўных сядзібна-паркавых ансамбляў вілейскай шляхты – Лукавец, Асцюковічы, Абадоўцы, Стайкі і іншыя. Са знікненнем шляхецкай культуры сышла і культура паркаў і садоў, знікла культура садоўнікаў, якія даглядалі за дрэвамі і раслінамі.
На пытанне “Хто робіць горад зялёным?» быў адназначны адказ – як спецыялісты-горадабудаўнікі, так і самі жыхары. Мы не павінны чакаць, што нехта за нас пасадзіць дрэўца і зробіць умовы жыцця больш экалагічнымі. Усё гэта залежыць ад нас саміх.
– Прырода мае сілы для самааднаўлення, – адзначыла Паліна Вардзеванян. – Але людзі не павінны да гэтага даводзіць. Таму з зялёнымі насаджэннямі, як і з памятнікамі архітэктуры, – калі кожнаму дрэву надаваць статус гістарычнай каштоўнасці, то і стаўленне да іх, магчыма, зменіцца. А самае галоўнае, мы не павінны імкнуцца да моды на чужыя для нашай прыроды расліны – туі, дарагія замежныя кветкі – мы павінны захоўваць і папулярызаваць сваю біяразнастайнасць.
З папярэднім выступоўцам быў поўнасцю згодзен і эколаг Ігар Куталоўскі, які адзначыў:
– Калі мы праводзім азеляненне пэўнага месца, тэрыторыі, мы не павінны весці барацьбу з прыродай – мы павінны ўзаемадзейнічаць з ёй. Гэта і ёсць выхад. Грошай на экалогію ніколі не бывае, таму мы не павінны нешта выдумляць, як лепш прыроду аднаўляць – трэба не шкодзіць ёй. Заўжды трэба памятаць і тое, што чым больш мы ствараем квітнеючых садоў, тым больш мы спараджаем пустыняў. І ў гэтым ёсць вялікі сэнс.
Адказваючы на пытанні, як зрабіць наваколле, прыдамавыя тэрыторыі, гарадскія грамадскія зоны прыгожымі і незвычайнымі, Ігар Куталоўскі, як адзін з самых вядомых экадызайнераў, адказаў:
– Асартымент дарагіх раслін і кветак вельмі бедны, а вось натуральнае разнатраўе беларускіх палёў мае багаты выбар, а самае галоўнае, стварэнне кампазіцый з іх вядзе да мінімальных выдаткаў. Трэба прызнаць і зразумець, што няма непрыгожых раслін. Выстрыжаныя кусты – эфектныя і прыгожыя, але гэта не павінна быць паўсюдна. Трэба, каб было больш натуральнага.
Гаворачы пра старыя дрэвы, іх абрэзку ці нават выразку, эксперт адзначыў, што ўзрост дрэва – гэта яго набытак.
– У горадзе, у якім шмат векавых дрэў, свая, асаблівая аўра, і іх наяўнасць гаворыць пра культуру мясцовасці, пра культуру людзей. А калі казаць пра хворыя і старыя дрэвы, ці тыя, што прадстаўляюць пагрозу, тут галоўнае памятаць: дрэвы – гэта пластычны матэрыял, з ім можна рабіць ўсё, што заўгодна, галоўнае – не зразаць…
Эксперты прыйшлі да адзінага меркавання, што да высякання дрэў і кустоў неабходна ставіцца асэнсавана, праводзячы ўсебаковы аналіз прычын і наступстваў дадзеных дзеянняў. У сваю чаргу,спецыялісты ЖКГ адзначылі, што высякаць здаровыя дрэвы часта прыходзіцца па патрабаваннях саміх грамадзян. Шмат зваротаў паступае ад жыхароў прыватных дамоў менавіта са скаргамі на дрэвы: ад дрэў, якія растуць блізка ад прыватных тэрыторый, шмат смецця і лістоты, ці жыхары асцерагаюцца, што дрэва можа прадстаўляць пагрозу падчас урагану, таму просяць зрэзаць яго.
Падводзячы вынікі семінара-трэнінгу, запрошаныя спецыялісты адзначылі, што наш горад вельмі ўтульны, але, усё ж, пры наяўнасці цудоўных зялёных зон, Вілейка не вылучаецца нейкім асобым каларытам, бо створанае мае элемент тыповай аднолькавасці з іншымі гарадамі і населенымі пунктамі. Згадзіцца з гэтым ці не – наша права. А каб захаваць статус «зялёнага горада», лічаць эксперты, трэба прытрымлівацца агульных прынцыпаў прыродаахоўнай і экалагічнай палітыкі, актыўна далучаць насельніцтва да самастойнага азелянення сваіх прыватных тэрыторый, мікрараёнаў, дзе пражывае кожны з нас. А галоўнае, дзейнічаць у цеснай сувязі з органамі ўлады, спецыялістамі ЖКГ і гарадскімі актывістамі.
Удзельнікі трэнінгу пазнаёміліся таксама з найбольш цікавымі ініцыятывамі па «зялёнай» тэматыцы, што рэалізуюцца зараз у Беларусі. А потым, падзяліўшыся на групы па інтарэсах,абмеркавалі разам са спецыялістамі пытанні захавання зялёных гарадскіх зон, азелянення мікрараёна «Паўночны» і многае іншае. Вынікам сустрэчы стане тое, што матэрыялы трэнінгу будуць выкарыстоўвацца для распрацоўкі сумесных ініцыятыў жыхароў Вілейшчыны. А найбольш удалую ініцыятыву прафінансуюць у рамках праекта ЕС «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай», які рэалізуе Вілейскі райвыканкам сумесна з МГА «Экопартнёрство».
Сяргей ГАНЧАР, фота аўтара