Утульны домік па вуліцы Молакава, дагледжаны агарод, у пеннай квецені вішні… Усё гэта – як бальзам на сэрца. Эх, сапраўдная ідылія, вясновая… Тут, у гэтым доме, жыве ў сям’і сваёй малодшай дачкі стогадовая Ніна Мікалаеўна Радзівановіч. Яе прыгожы юбілей і стаў прыемнай нагодай для нас, каб наведацца да доўгажыхаркі.
– Дзякуй Богу, дзеткі, яшчэ сама ўсё раблю, толькі вось ногі баляць, – Ніна Мікалаеўна паказала на кіечак. – Усім жадаю пражыць столькі, колькі я.
Жыццё яе лёгкім не назавеш. Як і ўсе вясковыя жанчыны, многа працавала на зямлі. Васьмёра дзетак нарадзіла Ніна Мікалаеўна, чацвёра з якіх памерлі. Можна ўявіць боль мацярынскага сэрца… Непаравым пайшоў з жыцця муж, і ўжо доўгія гады жыве жанчына ўдавою. Нялёгка, аднак усё ніяк не хацелася ёй пакідаць родны кут. І толькі калі адчула, што без пабочнай дапамогі не абысціся, дала згоду на пераезд да малодшай дачкі ў Вілейку. Раечка – так ласкава называе маці дачушку, а ў вачах стогадовай юбіляркі – бязмежная любоў і падзяка ім, сваім дзецям – Раісе Міхайлаўне, дачцэ, і зяцю Івану Мікалаевічу Кавалёнкам. Шосты год жыве яна пры іх і адчувае, што яе любяць і пра яе клапоцяцца.
– Цяпер ужо на вуліцу ёй выйсці цяжкавата, – расказвае Іван Мікалаевіч. – А па хаце яшчэ ходзіць, глядзіць, што і дзе робіцца, дае парады.
Прыезд гасцей расчуліў Ніну Мікалаеўну да слёз. Аж рукамі ўспляснула, калі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віктар Ляцяга зачытаў віншаванне ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Сінілы і старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталіі Радзевіч. І падарунак – камплект пасцельнай бялізны – уручыў. Да віншаванняў далучылася і старшыня Рабунскага сельскага Савета (а менавіта тут у вёсачцы Чыжэвічы жыла бабуля) Ірына Супрановіч, падараваўшы бабулі набор посуду і прыгожы букет.
– Мама так рада, што яе памятаюць, – падзялілася Раіса Міхайлаўна. – Яна заўсёды рада гасцям, бывала, любіла і пагутарыць, і паспяваць…
– А я і цяпер спяю, – перабіла дачку маці і, паправіўшы хусцінку, зацягнула песню, якую спявала яшчэ ў маладосці – пра звонкагалосага салаўя і беднага хлопца-сіраціну…
Нямногім выпадае гэта магчымасць – пераступіць стогадовы рубеж. Ніна Мікалаеўна Радзівановіч – адна з такіх людзей. Ёй пашчасціла сустрэць такі паважаны юбілей у добрым здароўі, пры светлай памяці і сярод родных, якія любяць яе і клапоцяцца пра яе. А гэта, напэўна, і ёсць шчасце.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара




