Свой чарговы юбілей – 70-годдзе – Вілейская школа мастацтваў сустракае адноўленай. Сёння яна годна нясе імя свайго выпускніка 1957 года Міхаіла Антонавіча Казінца – народнага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.
Маштабныя рамонтныя работы ў школе на фінішы – засталіся нязначныя прыемныя дапрацоўкі. У светлых адрамантаваных калідорах гучаць дзіцячыя галасы, а ў кабінетах ужо ідуць заняткі. Выхаванцы і іх бацькі выказваюць аднолькавае меркаванне – умовы для развіцця таленту выдатныя. Асаблівай увагі заслугоўвае актавая зала – па дызайне яна нагадвае музычны салон, адноўленая сцэна і новыя крэслы застылі ў чаканні музыкантаў і гледачоў. 240 тысяч рублёў – на рамонт, 50 тысяч – на набыццё новай мэблі, 14 тысяч – на музычныя інструменты – столькі бюджэтных сродкаў патрабавалася, каб атрымаць такі вынік.
Актавая зала
Недахопу ў талентах Вілейшчына не мае – пра гэта сведчаць шматлікія дасягненні і творчыя перамогі. Калектыў педагогаў – людзі, якія не толькі ведаюць, але і любяць сваю справу, іх вучні застаюцца прыхільнікамі музыкі на ўсё жыццё. Бліжэй пазнаёміцца з музычнымі інструментамі (бас-гітарай, трамбонам або ўдарнай устаноўкай) могуць не толькі юныя, але і сталыя віляйчане – такая магчымасць ёсць, было б толькі жаданне.
Алена Вярбіцкая
– З 1 верасня мы адчыняем мастацкае аддзяленне, у гэтым жа будынку будзе і студыя ранняга развіцця для дзетак 4-5 гадоў, – дзеліцца планамі дырэктар школы мастацтваў Наталля Сліжова. А на пытанне, якім 25 студзеня будзе юбілейны канцэрт «Мастацтва! Маладосць! Талент!», Наталля Аляксандраўна адказвае, захоўваючы інтрыгу: – Будзе шмат музыкі, цікавых гасцей, нечаканых сустрэч і прыемных момантаў. Усё ўбачыце самі – сардэчна запрашаем!
Яна Сянько – малады спецыяліст, выпускніца школы – са сваімі вучнямі.
Таццяна ШАРШНЁВА/фота аўтара
Маленькая зорачка Маргарыта Шыкавец