Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейская делегация на областных «Дожинках»

У мінулую суботу, 12 кастрычніка, у Барысаве прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019», які сабраў каля дзесяці тысяч работнікаў аграпрамысловага комплексу рэгіёна.

У горад над Беразіной з’ехалася вялікая колькасць гасцей, і не толькі з Міншчыны, каб прыняць удзел у фестывалі працаўнікоў вёскі, што прайшоў на «Барысаўарэне». У свяце прынялі ўдзел дэлегацыі з 22 раёнаў Мінскай вобласці і горада Жодзіна. Ганаровымі гасцямі свята сталі паслы дзевяці краін і прадстаўнікі пасольстваў. У Барысаве ўшаноўвалі пераможцаў жніва гэтага года і, вядома ж, зладзілі сапраўднае свята ўраджаю: працавалі падвор’і кожнага з раёнаў вобласці, гудзелі гульнёвыя пляцоўкі, праходзілі майстаркласы майстроў народнай творчасці, раскінуліся бясконцыя гандлёвыя рады, паўсюль гучалі спевы і жарты – Міншчына з размахам адзначала «Дажынкі».

Сярод ганаровых гасцей на абласных «Дажынках» была прадстаўлена і дэлегацыя Вілейскага раёна – тыя, хто шчыра адпрацаваў гэты сезон на хлебных палетках, а таксама ветэраны галіны і кіраўніцтва гаспадарак і раёна. Здзіўляў сваім каларытам і вілейскі падворак, дзе было прадстаўлена ўсё тое, чым ганарыцца наша Вілейшчына. А галоўны наш гонар – працавітыя і адданыя сваёй зямлі людзі.

І, вядома ж, якое свята ўраджаю без канцэртаў і багатага застолля! У Барысаве можна было прадэгуставаць велізарную колькасць розных страў і адмысловых пачастункаў, атрымаць асалоду ад выступленняў творчых калектываў Міншчыны, сярод якіх свой талент усім гасцям абласнога свята дарылі і калектывы Вілейскага раёна. А на галоўнай пляцоўцы «Барысаўарэны» выступілі таксама і вядомыя госці – Аляксандр Саладуха, Анжаліка Агурбаш, легендарны ансамбль «Сябры» і Анатоль Ярмоленка.

Афіцыйная частка мерапрыемства распачалася з яскравага шэсця раёнаў вобласці ў складзе перадавікоў сельскай гаспадаркі і ветэранаў, узначальвалі якіх дзяўчына і хлопец у народным строі з караваем новага ўраджаю, а таксама палотнішча з вілейскім сцягам. З галоўнай сцэны ў пачатку мерапрыемства да ўсіх хлебаробаў Міншчыны і гасцей свята звярнуўся памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, які зачытаў прывітальны адрас ад кіраўніка дзяржавы.

– Сардэчна віншую вас з паспяховым завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі 2019 года. У гэтым годзе ўклад Міншчыны ў рэспубліканскі каравай – самы важкі. Вы з’яўляецеся лідарамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці, – гаворыцца ў віншаванні. – Зладжана працавалі падчас уборачнай кампаніі аграномы, механізатары, камбайнеры, кіраўнікі і спецыялісты. Кожны аграрый, чыя самаадданая праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны, – сапраўдныя героі нашага часу. Перакананы, што і ў далейшым любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дапамогуць вам захаваць высокія пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, а ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацей, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы хлебаробам за працавітасць, адказнасць і самаадданыя будні.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка перад уручэннем галоўных узнагарод перадавікам жніва ад свайго імя і імя кіраўніцтва вобласці павіншаваў хлебаробаў з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі, адзначыўшы, што ўраджай збожжавых і зернебабовых культур у Мінскай вобласці перавысіў мінулагодні.

– 1 мільён 700 тысяч тон мы нарыхтавалі ў засекі нашай краіны. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе. Тысячны намалот у гэтым годзе падчас уборачнай пераўзышлі 665 экіпажаў. Ёсць па выніках жніва і 6 экіпажаў трохтысячнікаў. Кожная чацвёртая тона збожжа ў рэспубліцы намалочана ў Мінскай вобласці. Лепшымі па намалоце сталі Слуцкі, Мінскі і Нясвіжскі раёны. У лідары па ўраджайнасці выйшлі Нясвіж, Дзяржынск і Клецк, – адзначыў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Дарэчы, пераможцам абласных спаборніцтваў на ўборцы збожжа ў гэтым годзе прызнаны Нясвіжскі раён. Другое месца прысуджана Маладзечанскаму, трэцяе – Смалявіцкаму раёнам. Сярод гаспадарак рэгіёна заахвочаны ААТ «Хоўхлаў», «Гарадзілава» і адасобленае структурнае падраздзяленне «Саўгас Мінскі» ААТ «ДОРОРС».

– Поспехі ў аграрным сектары эканомікі – аснова далейшага руху наперад. Але сёлетні ўраджай для нас не мяжа. Патэнцыял цэнтральнага рэгіёна нашмат вышэй. І для дасягнення пастаўленых мэтаў ёсць усё: тэхналогіі, сучаснае абсталяванне і галоўнае – працавітыя людзі, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Таксама Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў свята на тэме добраўпарадкавання Барысава, які прымае ў гэтым годзе абласное свята:

– Горад змяніўся, і ў гэтым заслуга як будаўнікоў, так і мясцовых жыхароў. Многія аб’екты даваліся нялёгка, нас крытыкавалі, але, нягледзячы ні на што, пастаўленыя задачы выкананы. З правядзеннем «Дажынак» добраўпарадкаванне Барысава не заканчваецца. Вялікая будоўля працягнецца і ў наступным годзе.

Таксама кіраўнік вобласці выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю, і асабліва падзякаваў жанчынам, якія не толькі працавалі на хлебнай ніве, але і з’яўляліся надзейным тылам дома. Упершыню на свяце «Дажынак» ушаноўвалі ад імя Беларускага саюза жанчын і лепшых прадстаўніц жаночай палавіны сёлетніх хлебаробаўперадавікоў, каштоўныя падарункі якім ўручыла намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Лілія Ананіч. Асобна слоў падзякі былі ўдастоены і сямейныя дынастыі хлебаробаў, чый агульны працоўны стаж перавышаў нават 150 гадоў.

– Ад усёй душы жадаю ўсім далейшых поспехаў у высакароднай працы ў імя працвітання Мінскай вобласці і нашай роднай Беларусі. Моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, міру і дабра, цяпла і выгоды ў вашых дамах і сем’ях! – павіншаваў усіх прысутных старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Кульмінацыяй «Дажынак» стала ўшанаванне лепшых аграрыяў Міншчыны. Прыемна, што сярод абласных пераможцаў на святочнай сцэне адзначаліся і віляйчане. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы падчас ўборачнай кампаніі, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна адзначаны Аляксандр Гарэлік, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Нарачанскія зоры». Гэты малады спецыяліст, стаж працы якога налічвае шэсць год, ужо зарэкамендаваў сябе як добры працаўнік перадавой гаспадаркі нашага раёна. Аляксандр Гарэлік нараўне з іншымі перадавымі камбайнерамі кожны раз становіцца падчас жніва адным з першых тысячнікаў. Таксама сярод ўзнагароджаных быў кіраўнік Вілейскага вопытнага лясгаса Андрэй Худалей, якому была ўручана ўзнагарода з рук намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Вячаслава Абрамава і перададзены для ўстановы сертыфікат на каштоўны падарунак.

Свята аграрыяў у Барысаве было адзначана шматлікімі адметнымі зонамі. Адразу дзве найпрыгажэйшыя экспазіцыі разгарнуліся на пляцоўцы каля «Барысаў-арэны» – дажыначных снапоў і караваяў, прыгатаваных, як водзіцца, з мукі новага ўраджаю. Самы прыгожы каравай прапанавалі выбраць непасрэдна гасцям свята. Сваё захапленне наведвальнікі выставы выказвалі, галасуючы сушкамі, якія раздавалі тут жа. Гэта выстава традыцыйных сімвалаў дастатку і хлебаробскай працы была адзначана выдумкай і майстэрствам кожнага рэгіёна: з ружамі, шышкамі і лісточкамі, караваі ўвасаблялі фантазію хлебапёкаў. Імя пераможцы конкурсу караваяў абвясцілі падчас цырымоніі ўзнагароджання раёнаў, сельгасгаспадарак і работнікаў аграпрамысловага комплексу. Каравай Клецкага раёна быў прызнаны лепшым на фестывалікірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». Дарэчы, усе караваі і тарты, прадстаўленыя на абласным свяце «Дажынкі», адправіліся ў сацыяльныя ўстановы Мінскай вобласці. Вілейскі каравай быў перададзены ў Куранецкі домінтэрнат, дзе яго пастаяльцы ў цёплай атмасферы змаглі пакаштаваць гэты шчодры падарунак новага ўраджаю.

Падчас абласных «Дажынак» была раскрыта і асноўная інтрыга – у якім населеным пункце падвядуць вынікі ўборачнай кампаніі наступнага 2020 года. Гэтым горадам стане Чэрвень.
– Такі фармат правядзення святаў дае магчымасць надаць новае аблічча нашым населеным пунктам, значна палепшыць якасць жыцця і побыту іх жыхароў, – падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас перадачы эстафеты правядзення «Дажынак».

Вынікі жніва Мінскай вобласці падведзены. Каравай Міншчыны ў 2019 годзе стаў самым важкім у рэспубліцы. Вынік любой працы – гэта прыбытак, а асабліва, калі гэта вынік працаўнікоў вёскі. Хлеб, які дзякуючы іх нястомнай цяжкай працы кожны дзень з’яўляецца на нашым стале – гэта галоўнае багацце ў жыцці кожнага беларуса. Людзі пакарылі космас, асвоілі атам, змаглі звярнуць у адваротны бок рэкі, але было і застаецца адзінае – хлеб, што быў і будзе галоўным нашым багаццем.

Сяргей ГАНЧАР

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 149 queries