Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейчанка Валентина Липницкая – о героической семье Демидовичей

Што мы, людзі, якія не бачылі вайны, ведаем пра яе? Тое, што чыталі ў кнігах, глядзелі ў кінафільмах, чулі з успамінаў сведак таго часу. Віляйчанка Валянціна Ліпніцкая, якая на днях наведалася ў рэдакцыю, прынесла падрабязныя ўспаміны сваіх родных, якія расказвалі ёй пра перажытае ў тыя грозныя гады. І атрымаўся яшчэ адзін аповед пра гераічную сям’ю Валянціны Анатольеўны.

Соф’я Дземідовіч (справа) з роднымі

Яе матуля Соф’я Дзям’янаўна з вёскі Дзёхаўка (зараз Набярэжная) выйшла замуж у Камарышкі за Сяргея Вікенцевіча Дземідовіча яшчэ да вайны. У маладой сям’і ўжо быў першынец Міхаіл, калі пачалася вайна. Днём наведваліся немцы, уначы – партызаны – такую сітуацыю ўзгадвалі многія вяскоўцы. Так было і ў сям’і Дземідовічаў. Аднойчы ворагі наляцелі, каб забраць Сяргея, якога ў гэты час не было дома. Тады яны схапілі малодшага брата Анатоля, якога, разам з іншымі людзьмі, павезлі аж на Віцебшчыну, дзе людзей трымалі за калючым дротам і прымушылі цяжка працаваць.

Стаяла позняя восень, дзень і ноч ліў дождж. Пад змрокам цемры Сяргей павёз партызанаў у Камары, а ў хаце заставаліся яго маці, жонка з малым Мішкам. У гэты час у акно нехта ціхенька пастукаў і на запытанне гаспадыні незнаёмы голас адказаў: «Свои». У хату зайшлі два мужчыны, прамоклыя да ніткі. «Хозяюшка, нам бы переодеться, два дня идем под проливным дождем…» Пераапрануўшыся і абагрэўшыся, мужчыны расказалі, што яны партызаны і ім патрэбна было трапіць з нейкім заданнем у Жаўткі. На другі дзень Сяргей падвёз іх да гэтай вёскі.

На сустрэчы былых партызанаў Анатоль Дземідовіч (сядзіць трэці злева)

Некалькі разоў наведваліся Міхаіл з Канстанцінам (так звалі партызанаў) да Дземідовічаў, каб пераапрануцца, падсілкавацца. «Вот закончится война, и я выдам вашей семье документ, что вы помогали партизанам, – казаў гаспадарам Міхаіл. – А война скоро закончится, верьте!»

Ішоў час, а ліхалецце не мінала. Прыйшоў сакавік 1944 года. У адзін з дзён, як і дамаўляліся, Дземідовічы чакалі партызанаў. Яны не прыйшлі ні ўвечары, ні на другі дзень. Неўзабаве на другім баку Нарачанкі, у лесе паміж вёскамі Жарсцвянка і Парамец, пачулася страляніна. І стала зразумелым, чаму не прыйшлі партызаны… Яшчэ праз дзень наведаўся адзін Косця і расказаў, што Міхаіл, яго камандзір, трапіў у акружэнне. Ведаючы, што не ўратуецца, ён наўмысна пастараўся завесці гітлераўцаў у балота… Так гераічна загінуў партызан Міша. Ён быў пахаваны паміж вёскамі Дзёхаўка і Камарышкі ў дамавіне, зробленай дзядулем Валянціны Ліпніцкай Дзям’янам Вайдам. У 1946 годзе астанкі героя былі перапахаваны ў Рускім Сяле, а яшчэ праз тры гады іх перавезлі ў Куранец, у раён. На месцы, дзе была першая магіла партызана, цяпер расце дуб, а балота, дзе Міхаіл загінуў, сталі называць Мішкавым балотам.

А сям’і Дземідовічаў, як і іх аднавяскоўцам, давялося перажыць страшную бяду – іх вёску фашысты спалілі. Праўда, вяскоўцам пашчасціла ўратавацца ў лесе, у агні загінуў толькі Пётр Іванавіч, сваяк Дземідовічаў. Дарэчы, помнік яму стаіць на горцы пры ўездзе ў Камарышкі.

Трагічным быў і лёс Сяргея Дземідовіча, які не вярнуўся з фронту. Сям’я атрымала паведамленне, што ён загінуў 16 лютага 1945 года на тэрыторыі цяперашняй Польшчы.
– Так мая матуля засталася ўдавой з дзеткамі Міхаілам і Вячаславам, – расказала далей Валянціна Анатольеўна. – Думала ўжо вяртацца да сваіх бацькоў, ды свякроў, якая вельмі любіла нявестку, угаварыла застацца. А праз пэўны час мая матуля стала жонкай малодшага мужавага брата Анатоля, майго таты. І бабуля была вельмі рада, што так атрымалася і што наша сямейка засталася разам. Праз дзесяць гадоў пасля заканчэння вайны ў гэтай сям’і нарадзілася я.
Бацькі Валянціны Анатольеўны працавалі ў тагачасным калгасе «Рускасельскі», бацька – яшчэ і ў «Дружбе» ды «XXI з’ездзе КПСС». Матуля і бабуля Валянціны Анатольеўны ўсё жыццё пражылі як самыя родныя і блізкія людзі, яны нават і пахаваны побач – нявестка ды свякроў. Дастойнымі людзьмі былі і старэйшыя браты Валянціны Анатольеўны, якіх ужо, на жаль, няма на гэтым свеце. Засталіся толькі іх сыны, якія жывуць далёка ад Вілейшчыны.

– Хочацца, каб людзі ведалі пра жахі вайны і бераглі мір, – завяршыла Валянціна Ліпніцкая. – Для гэтага і занатавала я перажытае маёй сям’ёй.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 151 queries