Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейчанин Даниил Каган – «Ученик года Минской области – 2018»

11 студзеня ў Дзяржынскім гарадскім Доме культуры адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання навучэнцаў, якія сталі пераможцамі конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2018». Варта адзначыць, што праводзіўся конкурс у чацвёрты раз і сёлета стаў заключным момантам навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Дваццаць пяць лепшых навучэнцаў Мінскай вобласці ў мінулую пятніцу атрымалі ўзнагароды (пасведчанні і знакі) галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, сярод таленавітых, актыўных, ініцыятыўных вучняў – адзінаццацікласнік сярэдняй школы №1 Данііл Каган.

Усяго ў конкурсе прымала ўдзел больш за чатырыста прадстаўнікоў усіх раёнаў Мінскай вобласці і горада Жодзіна, толькі дзевяноста дзевяць навучэнцаў сталі пераможцамі раённых этапаў і выйшлі на абласны ўзровень, дваццаць пяць прайшлі ў фінал. Сёлета было вылучана пяць конкурсных намінацый: «Вучэбная дзейнасць», «Спартыўная дзейнасць», «Творчая дзейнасць», «Праектная дзейнасць», «Грамадская і працоўная дзейнасць». У апошняй намінацыі за ганаровае званне змагаліся лідары дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, актыўныя ўдзельнікі працоўных і валанцёрскіх акцый. Віляйчанін Данііл Каган нездарма быў названы ў гэтай намінацыі лепшым. Заўсёды – актыўны ўдзельнік школьнага жыцця, адказны, сур’ёзны, максімальна засяроджаны на даверанай справе. Менавіта так характарызуе Данііла Тамара Томкавіч, педагог-арганізатар. У грамадскай дзейнасці Данііл Каган пяць год – спачатку як актыўны піянер, пасля – у складзе грамадскага аб’яднання «БРСМ». У школе ён узначальвае орган вучнёўскага самакіравання «ШАНС» (школьная асацыяцыя новых стратэгій), з 2016 года з’яўляецца намеснікам старшыні моладзевага парламента пры Вілейскім раённым Савеце дэпутатаў. У 2016 годзе ўдзельнічаў ў конкурсе «Лідар года» – прайшоў на рэспубліку, мае дыплом ЮНІСЭФ за актыўную жыццёвую пазіцыю, адзначаны за стварэнне сацыяльнага роліка пра веласпорт, не першы год у валанцёрскім руху і пастаянны наведвальнік лагеру працы і адпачынку ў час летніх канікул. Валодае і пачуццём гумару – удзельнік каманды «Клуба вясёлых і знаходлівых».

Падчас урачыстасці віталі пераможцаў ганаровыя госці: начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч, старшыня Дзяржынскага Савета дэпутатаў Аляксандр Саракач, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко.

Безумоўна, перамога ў мерапрыемстве такога кшталту – гонар для сям’і Данііла і для школы №1. Спадзяёмся, што ўсе віляйчане парадуюцца поспеху земляка, дзякуючы якому Вілейка «прагучала» на абласным узроўні. Што датычыць нас, калектыў рэдакцыі да віншаванняў далучаецца!

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries