Аляксандр Кажура сустракае гасцей з Мінска і раёну ў сваёй сціплай хатцы, якая стаіць у вёсцы Хаценчыцы. Тут ціха-ціха, рэдкая машына праедзе за дзень. Аляксандру Кажуру 90 гадоў, 20 студзеня ветэран Вялікай Айчыннай вайны адзначыў свой юбілей. Ён бадзёра вітаецца з гасцямі і гэтак жа бадзёра цісне ўсім руку. На днях унук на юбілей падараваў яму тэлевізар, аднак той на жаль не працуе – няма антэны. Таму пра тое, што творыцца ў свеце даведацца можна хіба што па радыё, ды і то, цэлы ж дзень яго не будзеш слухаць. У хаце поўным ходам жанчыны рыхтуюць на стол. Сярод гэтай мітусні Аляксандр Іванавіч не губляецца. Як сапраўдны гаспадар запрашае прысутных прайсці ў залу і прысесці з дарогі. Вельмі сціплы чалавек, у прынцыпе як і ўсе іншыя рэальныя ўдзельнікі вайны, якую мы ўсе не маем права забыць. Аляксандр Кажура не патрабуе ад жыцця нічога, хіба што здароўя для ўсіх жадае. З простага беларуса, які жыў і абараняў сваю сям’ю, сваю краіну і свой лёс пачалася рэспубліканская акцыя “Тут жыве ветэран”. Раённыя ўлады разам з Грамадскім аб’яднаннем “Беларускі фонд міру” прыехалі да юбіляра, каб павіншаваць яго, падарыць падарункі, а таксама яшчэ раз горача падзякаваць за Перамогу.
Гісторыя партызана
– Мне пашанцавала: амаль усё жыццё я пражыў у адным месцы, у Хаценчыцах, на прыродзе. Ваяваў, потым працаваў, ажаніўся, жыў, пакутаваў, радаваўся. Усё ўжо было. І ўсё прайшло, як сон. Засталіся толькі ўспаміны…, – кажа ветэран. І спакойна, не баючыся азірнуцца назад, пачынае сваё апавяданне.
Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч у вёсцы Казлы, Ільянскага сельсавета, у 1926 годзе. Сям’я шматдзетная была, шэсць душ.
– Я быў яшчэ зусім малады,калі пачалася вайна, толькі 14 гадкоў стукнула. Аднак у немцаў ужо лічыўся працаздольным. У партызаны пайшоў, калі споўнілася 16. Узялі мяне ў партызанскую брыгаду імя Фрунзе. Там назначылі другім нумарам на кулямёт. Лішняй зброі ў партызан не было. Адзін раз патроны толькі прывезлі на партызанскі аэрадром каля в. Мардасы. Ды і тыя пагнуліся. А як ўзброіцца? Потым чэхаславак, які перайшоў у партызаны, прынёс вінтоўку, аўтамат і гранату. Тады ў мяне з’явілась зброя. Адзін раз выстраліў – усё, можна ваяваць.
У нас было шмат задач, а асноўная – падрываць фашысцкія эшалоны, – працягвае Аляксандр Іванавіч. – З атрада вылучалі па некалькі чалавек. Бывала нядзелямі сядзелі ў засадзе, чакалі. Заданне патрэбна ж было выканаць. “Хоць нядзелю сядзіце, а каб эшалон падарвалі” – так гучала каманда.
У час аднаго з прарыву партызан Аляксандр Кажура атрымаў раненне ў нагу.
– Бог мне дапамог – я быў паранены толькі адзін раз. Нават адразу не заўважыў, – прызнаецца Аляксандр Іванавіч. – Так далей і пайшоў да балота. Потым ужо прыйшлося доўгі час лячыцца ў Барысаве, пасля чаго ўжо трапіў у Германію.
Аляксандр Іванавіч расказвае, што яго дзед, а таксама дзядзька былі партызанамі. І ўсёй сям’і пагражаў растрэл. Аднак пашанцавала. Маленькі Шура тады быў у дзеда, калі прыехалі паліцаі і сказалі, што патрэбна Кажуру прыбраць. Аднак адзін з паліцаяў папярэдзіў усю сям’ю, каб тая за ноч паспела збегчы, а інакш растраляюць. Так і выратаваліся.
Ужо потым Аляксандр Кажура трапіць у Германію і сустрэне Перамогу на самой Эльбе.
– У дзень Перамогі мы ўсе патроху сходзілі з розуму: хтосьці – ад шчасця, што выжыў, хтосьці – ад гора, што страціў самых блізкіх…
Праслужыў яшчэ некалькі гадоў у Патсдаме і ў 1947 годзе дэмабілізаваўся. У час Патсдамскай канферэнцыі нават з самім маршалам Жукавым размаўляў. Той яму ў якасці трафея пачку цыгарэт даў, а Аляксандр Іванавіч усю раздаў сваім саслужыўцам. Дадому цягнула вельмі, прызнаецца ветэран. А там была галеча.
Калі вярнуўся на Радзіму, уладкаваўся працаваць у лясніцтва конюхам. Гэтай працы аддаў шмат гадоў.
– Гэта зараз колькі людзей працуе і амаль усё аўтаматызавана, а тады мне аднаму патрэбна было і коней дагледзець, і печку вытапіць, і падлогу нават памыць, – успамінае ветэран. – Аднак не скарджуся, працаваў сумленна. Вось такі мой жыццёвы шлях.
З любай Галяй
Аляксандр Іванавіч жыве з жонкай. Часта яны садзяцца побач і, як у маладосці, спяваюць песні. Але зараз больш ён ёй спявае, для сваёй любай, і ў асноўным песні пра каханне, сюжэт якіх як быццам з іх жыцця. Потым Аляксандр Іванавіч ласкава прыабдымае Галіну Іосіфаўну, а яна збянтэжана ўсміхаецца. У гэтай атмасферы адчуваецца, як шануюць яны адзін аднаго. Стажу гэтай сямейнай пары можна толькі па-добраму пазайздросціць. Ці жарт – амаль 70 гадоў, пражытых душа ў душу! Назву вяселлю, якое на падыходзе, муж з жонкай і самі толкам не ведаюць, смяюцца: “Мусіць, яшчэ назву для яго не прыдумалі”. Галіна Іосіфаўна ласкава называе свайго мужа “мой дзед”.
– Дзе мой дзед? Я яго амаль ужо не бачу!
А хтосьці з прысутных справядліва заўважыць: “зато адчуваеце!” Жанчына садзіцца на дыван і чакае свайго сапраўднага джэнтльмена, які перад тым як сесці каля сваёй жонкі, пацікавіцца ў прысутных:
– А з якого боку патрабуецца сесці мужчыне? Напэўна, з правага?
У іх атрымалася тое, што мноству шлюбных саюзаў аказалася не пад сілу: зберагчы ўзаемную пяшчоту і павагу.
– Як я выйшла за яго замуж? Не скажу, што ўлюбілася адразу. Гулялі, бачыліся ў кампаніях дзяўчат і хлопцаў. А аднойчы ён прыйшоў і сказаў: “Я прыехаў у сваты. Ці пойдзеш ты за мяне?” Так і сказаў!
Сватацца Аляксандр Іванавіч прыехаў на кані, а праз паўгода маладыя пажаніліся. Дзеці, унукі, праўнукі – усё як мае быць.
Аляксандр Іванавіч і Галіна Іосіфаўна ні аб чым і ні пра што не шкадуюць – яны пражылі нялёгкае, але шчаслівае жыццё. А пра што сумаваць: гаспадыня ўсе амаль сем дзясяткаў гадоў за мужам, як за сцяной, нібы нітачка за іголачкай – куды ён, туды і яна. За сталом Аляксандр Іванавіч садзіцца побач з Галінай Іосіфаўнай. Прысутныя падымаюць чаркі за юбіляра і яго жонку. Гаспадар перажывае, каб усім гасцям усяго хапала. І гэта не дзіўна, бо ён з той эпохі, дзе прывыклі не браць, а аддаваць. І добра, што такія людзі ўсё яшчэ з намі.
І антэна, і таблічка
У гэты дзень віншавалі юбіляра прадстаўнікі рэспубліканскага, абласнога і раённага Грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага савета ветэранаў, а таксама проста аднавяскоўцы.
Раённы савет ветэранаў прысвоіў Аляксандру Іванавічу званне “Ганаровы ветэран” і выдаў пасведчанне, а “Беларускі фонд міру” ўсталяваў на хаце Аляксандра Іванавіча памятную шыльду “Тут жыве ветэран” і падарыў антэну для тэлевізара, якая так была неабходна. Пасля памятную шыльду раённыя ўлады ўсталююць на хаце яшчэ аднаго ветэрана Вялікай Айчынай вайны, Уладзіміра Узгорка, які пражывае ў Вілейцы і якому 19 студзеня споўнілася ажно 95 гадоў.
Максім Місько, старшыня праўлення Грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” адзначае, што калі мы гаворым пра мір, то не павінны забываць пра тых, хто нам яго падарыў.
– У Беларусі вялікая ўвага надаецца ветэранам, але, як вядома, увагі шмат не бывае. Таму акцыя «Тут жыве ветэран» – гэта яшчэ адна магчымасць зрабіць ім прыемнае. Больш за тое, да яе мы прыцягваем маладое пакаленне: сувораўцаў, кадэтаў, навучэнцаў устаноў адукацыі.
Дарэчы, акцыя “Тут жыве ветэран”працягнецца да 9 мая. За гэты час усталяваць памятныя шыльды плануецца больш чым на 9 тысячах дамоў.
Кацярына КАРПІК.
Фота аўтара


















Присоединяюсь к поздравлениям! А кто орден такой чудный вручил ЮБИЛЯРУ!
Орден от жителей деревни. Вручил активист Алесь Раткевич