Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Век Івана Рудніцкага

Пра жыхара Ільі Івана Пятровіча Рудніцкага, якому на днях споўнілася сто гадоў, наша газета не так даўно ўжо расказвала. Гэтага чалавека і яго сям’ю людзі добра ведаюць і паважаюць. Працавітыя, добразычлівыя, сумленныя, Рудніцкія заслугоўваюць гэтага. 18 снежня ўсе яны адзначылі сваё сямейнае свята – юбілей бацькі, дзядулі, прадзядулі.

Доўгае і нялёгкае жыццё за плячыма Івана Пятровіча. Нарадзіўся і рос у сялянскай сям’і, жылі нябедна, бо заўсёды многа працавалі. У верасні 1939-га ў Ілью прыйшлі бальшавікі, а ў хуткім часе Івана прызвалі ў армію. Служыць давялося ў Свярдлоўскай вобласці. Аднойчы, працуючы на будоўлі (салдатаў прыцягвалі на дапамогу будаўнікам), Іван не ўтрымаўся і ўпаў з вышыні, сур’ёзна пашкодзіўшы пазваночнік. Як расказвае сам юбіляр, урачы прадказалі тады яму самае страшнае… Аднак адбыўся цуд: малады чалавек не толькі застаўся жывым, але пасля доўгага лячэння падняўся на ногі. Праўда, для нясення воінскай службы тады яго прызналі непрыгодным, але і дамоў не адпусцілі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, і Іван працаваў на лесараспрацоўках у Ніжнетагільскай вобласці. Можна ўявіць, як нялёгка было яму пасля такой цяжкай траўмы працаваць на лесапавале. А ён трываў, не скардзіўся і стараўся не адставаць ад іншых. Відаць, дапамаглі яму тады, далі сілы моцная воля ды сялянская загартоўка. Там, у далёкім ад радзімы краі, сустрэў Іван і сваё вялікае каханне – дзяўчыну з Палесся Тоню, якая і стала яго жонкай.
Дамоў Рудніцкія з малым сыночкам на руках вярнуліся толькі ў 1948-ым. Прыехалі ў Ілью, дзе, як і ўсе, перажывалі цяжкасці пасляваеннага часу. Перажывалі і працавалі, вучыліся, радаваліся мірнаму небу. Іван Пятровіч закончыў дзесяцігодку вячэрняй школы, ужо ў даволі паважаным узросце завочна паступіў у Мінскі кааператыўны тэхнікум, набыўшы прафесію таваразнаўцы. Як прыгадвалі родныя, бацька вучыўся ў адзін час з дачкою Кацярынай, педагогам па адукацыі.

Вялікі адрэзак свайго жыцця Іван Пятровіч Рудніцкі аддаў працы ў гандлі. Тут працавала і яго жонка Антаніна Дзям’янаўна. Вялікае сумеснае жыццё пражылі гэтыя цудоўныя людзі, а ў 2007 годзе жонкі не стала. Без вернай спадарожніцы жыцця Івану Пятровічу было б вельмі няпроста, каб не дзеці ды ўнукі, якія ахінулі немаладога чалавека ласкай і клопатам. Цяпер дзядуля жыве ў Маладзечна ў сям’і дачкі, а да нядаўняга часу яго даглядаў сын са сваімі блізкімі. Павіншаваць з прыгожым юбілеем залужанага чалавека ў дзень яго юбілею ў Маладзечна адправіліся яго маладыя калегі з раённага спажывецкага таварыства – выконваючы абавязкі старшыні праўлення Марына Пінчук і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Маргарыта Мітрасава. А віншаванне ад раённага выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў і ветэранскай арганізацыі прывезла шаноўнаму юбіляру старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева. Падарункі, падзячныя лісты, кветкі – усё было, як і належыць у такі дзень. З хваляваннем слухаў Іван Пятровіч віншавальныя словы, з цікавасцю распытваў маладых калег пра іх працу, дзякаваў за памяць і пашану. Урачыста апрануты, падцягнуты, ён ніяк не падобны на чалавека, якому споўнілася сто гадоў. Па ўсім бачна, што побач з роднымі – дачкой Кацярынай Іванаўнай і зяцем Мялеціем Міхайлавічам – яму добра і спакойна. Як было і ў сям’і сына Анатоля Іванавіча і нявесткі Тамары Міхайлаўны. Вось толькі са зрокам у юбіляра сур’ёзныя праблемы, з-за чаго ён абмежаваны ў самастойным перамяшчэнні. Цяпер ужо вачыма сталі блізкія людзі, без якіх дзядуля не ўяўляе свайго жыцця.

Віншуючы юбіляра, Ганна Шэпелева адзначыла, што ў слове «век» усяго тры літары. Кароценькае слова, але якое ёмкае! Вось і жыццё Івана Пятровіча напоўнена мноствам падзей – радасных і сумных, нават трагічных… З усім справіўся, усё змог і дастойна, сумленна ішоў і ідзе па жыцці гэты паважаны чалавек, жыццёвы шлях якога – прыклад для пераймання.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 139 queries