Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вайна Казіміра Ягелы

Усё далей і далей адыходзіць ад нас дзень заканчэння жудаснай вайны. На вялікі жаль, разам з ім сыходзяць удзельнікі і сведкі тых далёкіх падзей. Напэўна, зараз па пальцах можна пералічыць, колькі засталося ў Вілейскім раёне ўдзельнікаў баявых аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Адным з ветэранаў, удзельнікаў вызвалення Польшчы і доўгажыхароў нашага раёна з’яўляецца Казімір Іосіфавіч Ягела, ураджэнец Даўгінава.

Прайшло 73 гады, як закончылася Вялікая Айчынная вайна. Памяць аб тых грозных гадах ніколі не згасне ў сэрцах пасляваенных пакаленняў. Нешматлікія землякі, хто ваяваў дзеля жыцця на нашай зямлі, вярнуліся дадому жывымі. І з кожным годам усё менш ветэранаў той страшнай вайны застаецца побач з намі. Кожная сустрэча з удзельнікамі вайны назаўсёды застаецца ў памяці, бо толькі так мы можам захоўваць жывыя ўспаміны пра нашых ветэранаў. Кнігі, ваенныя фільмы, фатаграфіі – добрая і патрэбная справа, але жывыя сустрэчы не замяніць нічым. І вось мы накіраваліся ў Даўгінава, дзе пражывае 96-гадовы Казімір Ягела, які прайшоў вайну ў шэрагах Войска Польскага – агульнавайсковага аб’яднання, сфармаванага ў СССР з палякаў і ваеннаслужачых УС СССР іншых нацыянальнасцяў.

Казімір Іосіфавіч нарадзіўся 26 студзеня 1922 года ў простай сялянскай сям’і. Яго бацька, Іосіф Ягела, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. У сям’і Ягела было трое сыноў і трое дачок. Казімір быў самым старэйшым. Яшчэ перад пачаткам вайны ён “сабраў пару сухароў і падаўся да Беластоку” за лепшай доляй. Але неўзабаве пачалася вайна…

– У горадзе Жэшаў фарміравалася польская армія, куды я і трапіў, – узгадвае Казімір Іосіфавіч. – Нас крыху павучылі і я быў залічаны ў 10-ю пяхотную дывізію… Ішлі пехатой цэлую ноч на Кракаў, там пабылі пару дзён, тады праз Варшаву на Прагу – паўсюль былі вялікія баі, у якіх мы прымалі ўдзел.

Казімір Іосіфавіч сам па сабе вельмі сціплы і нешматслоўны чалавек. Ён асабліва падрабязна не расказвае пра свае баявыя будні, а на пытанні пра нейкія самыя запамінальныя выпадкі на фронце адказвае коратка: “Гэта ж вайна – было ўсяго”. Але ўсё ж некаторымі ўспамінамі, што засталіся найбольш у памяці, Казімір Ягела падзяліўся з намі. Адным з такіх эпізодаў ваенных падзей быў удзел у вызваленні канцлагера смерці – Асвенцыма. Той дзень для маленькага польскага мястэчка быў і адным з самых страшных, і самым шчаслівым. Бо людзі, што былі за калючым дротам у канцэнтрацыйным лагеры, рыхтаваліся да смерці, а здабылі надзею на жыццё. Перад вачыма вызваліцеляў паўстала страшная карціна кінутай у спешцы “фабрыкі смерці”.

– Зняволеных там амаль не было, – аднаўляе ў сваёй памяці Казімір Ягела дзень вызвалення Асвенцыма. – Карціна была вельмі жудасная. Асабліва запомніўся вялікі “стог” чаравік і ботаў. Мы заглядалі праз маленькія вакенцы ў камеры, дзе травілі людзей… Але доўга там не былі, трэба было прасоўвацца далей, наперад.

У памяці амаль стогадовага ветэрана засталіся і шматлікія гарады, што вызваляла іх дывізія.
– Вызвалялі Шлёнск, Сасновіцы. Памятаю ішлі ноччу і бачылі, як гарыць Дрэздэн. Вельмі мне запомніўся від палаючага горада і помнік “нейкаму немцу, на кані дыбам”, – усміхаецца Казімір Іосіфавіч. – Нам загадалі яго скінуць, што мы і зрабілі.

9 мая 1945 года Казімір Ягела сустрэў на чужыне, далёка ад роднага Даўгінава.

– На той час мы дайшлі да аднаго з нямецкіх прадмесцяў і там ўжо даведаліся аб Перамозе. Праз пэўны час нас пагрузілі на поезд і, хто жадаў, накіраваліся дадому, – неадназначна прамовіў Казімір Іосіфавіч. – Чаму, хто жадаў? Таму што нам прапаноўвалі застацца, нават казалі, што зямлі дадуць. Але не, мне хацелася дадому…

На маё пытанне, ці абышліся гады вайны без раненняў для маладога даўгінаўскага хлопца, Казімір Іосіфавіч таксама сціпла і нешматслоўна адзначыў.

– Было…, трохі прыціснула ў баі. Так бывае на вайне, – па гэтай кароткай фразе было зразумела, што падчас бою Казіміра Ягела, напэўна, кантузіла, прысыпаўшы ад выбуху снарадам. Але было бачна, што падрабязнасці ветэрану распавядаць цяжка. – Потым трохі кашляў крывёй, але з часам загаілася – і нічога…

Вось так сціпла і без падрабязнасцей ветэраны распавядаюць пра свае подзвігі і раненні на вайне. А так, напэўна, і трэба. Бо з цягам часу вайна для салдата становіцца паўсядзённым звыклым абавязкам. Яны, ветэраны вайны, не асабліва любяць распавядаць пра тыя часы, ды і апрануць пінжак са сваімі ўзнагародамі іх трэба яшчэ паўпрошваць. Так было і з Казімірам Іосіфавічам. Аднак, калі ён апрануў свой выходны пінжак – той быў звонку на два бакі поўнасцю завешаны ўзнагародамі і памятнымі юбілейнымі медалямі. Але галоўнымі, як бачна, з’яўляюцца Ордэн Айчыннай вайны і медаль “За перамогу над Германіяй”.

З Казімірам Іосіфавічам мы яшчэ доўга размаўлялі, бо магчымасць пагутарыць са старажылам выпадае не часта. Ветэран успамінаў даваеннае жыццё, вялікія кірмашы,размешчаныя абапал плошчы багатыя яўрэйскія крамы і шынкі, добрых кавалёў і шапавалаў, нават тое, што раней пры ўездзе ў Даўгінава стаяў спецыяльны слуп, на якім была пазначана колькасць насельніцтва мястэчка і розныя адлегласці да гарадоў і іншых мястэчак. Узгадваў ветэран і пасляваенныя будні. Пасля вяртання на радзіму, неўзабаве Казімір Іосіфавіч ажаніўся, абзавёўся сям’ёй. Доўгі час працаваў вадзіцелем, развозіў хлеб і іншыя тавары мясцовага сяльпо. Зараз разам са сваёй жонкай па-ранейшаму жывуць у Даўгінаве, а па гаспадарцы дапамагае сваім бацькам іх сын. Калі на выхадныя і святы збіраюцца дзеці і ўнукі, то прысядзібны двор становіцца поўным. З яго родных братоў і сясцёр застаўся толькі ён – самы старэйшы з сям’і Ягела, і яго самы малодшы брат. Час няўмольна бяжыць наперад.

Паразмаўляўшы з ветэранамі, заўжды напаўняешся моцай і аптымізмам, бо яны тыя, хто перажыў столькі нягод і выпрабаванняў, па сёння застаюцца поўныя сіл і прагі да жыцця. А гэтаму можна толькі пазайздросціць. Яны поўныя планаў і жаданняў нешта здзяйсняць, як і наш герой, што сустракае 97-ю вясну з новымі лепшымі спадзяваннямі на будучае для сябе і сваіх родных. А нам застаецца дзякаваць, віншаваць і памятаць… Бо свет не павінен забываць жахі вайны, разруху, пакуты і смерць мільёнаў. Гэта было б злачынствам перад загінуўшымі і тымі, хто вярнуўся жывымі з Вялікай Айчыннай вайны, і злачынствам перад будучымі пакаленнямі. Мы павінны памятаць пра вайну, пра гераізм і мужнасць людзей, якія прайшлі цяжкую, доўгую дарогу вайны. Змагацца за мір – абавязак ўсіх, хто жыве на планеце Зямля.

Са святам ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ!

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 136 queries