Калі папрасіць кіраўніцтва аўтобуснага парка № 5 пералічыць сваіх перадавікоў, то імя вадзіцеля Уладзіміра Гіля абавязкова прагучыць у ліку першых. Заслужыў чалавек такой пашаны сваёй сумленнай працай, адказнасцю і прафесіяналізмам.
А пачалося ўсё ў далёкім 1989-ым. Менавіта тады Уладзімір прыйшоў у аўтобусны парк. Сын вадзіцеля, ён нават і не вагаўся, выбіраючы прафесію – тэхніка была для яго нечым накшталт жывой істоты, пра якую трэба клапаціцца. І ён клапоціцца. Напэўна, таму давераныя Уладзіміру Аляксандравічу машыны заўсёды служылі доўга і без сур’ёзных рамонтаў.
Апошнія дзесяць гадоў Уладзімір Гіль працуе на гарадскіх маршрутах. Што і казаць, справа нялёгкая, адказная, у пастаянным кантакце з людзьмі. А яны, як вядома, бываюць розныя: незадаволеныя, грубыя, злыя, абыякавыя… Хоць бываюць і ўдзячнымі, шчырымі. Умее Уладзімір Аляксандравіч знайсці агульную мову і з першымі, і з другімі. Таму і дзякуюць яму пасажыры за культуру абслугоўвання і прафесіяналізм. І гэта зразумела, бо ў любой справе прыемна мець справу з сапраўдным майстрам.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з архіву рэдакцыі



