Юрачка Пташнік з’явіўся на свет 12 кастрычніка. Ён – першынец у маладой сям’і. За некалькі дзён маладая мама Вераніка яшчэ не паспела і прывыкнуць, што яна – ужо мама. Ды дарагі сэрцу пакуначак настойлівым галаском нагадвае: вось ён я, мамачка!
– А чакалі каго? – цікаўлюся ў Веранікі.
– Сыночка і чакалі, – не задумваючыся, адказвае яна. – Вось ён і нарадзіўся. 3600 вагой.
З’явіцца хлопчыку на свет дапамагаў загадчык акушэрскага аддзялення бальніцы Юрый Аляксандроў. Не паспела пацікавіцца ў маладой мамы, чаму менавіта Юрачкам назвала сыночка, ды гэта, думаю, і так зразумела.
Да Дня маці раённая арганізацыя беларускага таварыства Чырвонага Крыжа правяла акцыю, падчас якой было запланавана наведацца ў акушэрскае аддзяленне бальніцы і павіншаваць маладых мам, уручыць ім падарункі для дзетак. Так атрымалася, што віншаванні ад старшыні арганізацыі Святланы Лях прымала адна Вераніка.
– Літаральна за некалькі дзён выпісаліся дамоў сем шчаслівых віляйчанак са сваімі немаўляткамі, – расказала старшая акушэрка аддзялення Валянціна Буцько.
Кароценькай, але такой цёплай (і ў прамым, і ў пераносным сэнсе) была гэта сустрэча! А пасля кожны заспяшаўся: Вераніка – да свайго Юрачкі, Валянціна Аляксандраўна – да тых, хто вось-вось стануць мамамі, а мы – па сваіх справах. Са светлым пачуццём судакранання да з’яўлення новага жыцця.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: маладую маму Вераніку Пташнік віншуе старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Лях.
Фота аўтара



