Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В Вилейском районе живёт Мама десяти успешных детей

Жанчына з дзіцём на руках. Яна апета паэтамі, пра яе складзены і перадаюцца з пакалення ў пакаленне прыгожыя легенды. Яны – пра мацярынскія любоў і самаахвярнасць той, каму дадзена прыродай выконваць найвышэйшую місію – даваць новае жыццё. І малыш, ад свайго першага крыку да апошняга дня маці, будзе галоўным у яе жыцці, радасцю (а здараецца, і болем), сэнсам усяго яе існавання. Яму будзе аддадзена мацярынскае сэрца, і яго, сваё дзіцятка, мама будзе любіць больш за сябе.

Колькі многа можа ўмясціць у сабе маленькае сэрца жанчыны-маці! У ім – радасць, боль, надзеі і клопат пра кожнае сваё дзіця… І міжволі ўзгадваю сваю бабулю, якой, на вялікі жаль, ніколі ў жыцці не бачыла – яе не стала ў вайну, калі яшчэ маленькай была мая мама. Бабулі Ганне выпала нарадзіць дванаццаць дзяцей, сямёра з якіх памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Страшна падумаць, колькі перажыла маці! Ці не гэты непраходзячы боль разам з цяжкай сялянскай працай і сталі прычынамі яе ранняга адыходу ў іншы свет… А вось памяць пра мацярынскі подзвіг бабулі жыве ў сэрцах яе нашчадкаў. І заўсёды ўяўленне малюе яе з дзіцяткам на руках…

 image1

Ужо даволі нямала гадоў таму мне пашчасціла пазнаёміцца з надзвычайна цікавай жанчынай – жыхаркай вёскі Журыхі Любанскага сельсавета Ірынай Чарток. Журналісцкая сцежка прывяла мяне ў мнагадзетную сям’ю, дзе на той час падрастала восем дзетак: шэсць сыночкаў і дзве дачушкі. Праз пэўны час нарадзіліся яшчэ два хлапчукі. Памятаю, пры сустрэчах з Ірынай Васільеўнай заўсёды здзіўлялася таму, што ні разу не чула ў яе голасе нотак раздражнення і нават намёку на стомленасць. І гэта пры такой колькасці дзетак і пры ўсіх клопатах па гаспадарцы ды на працы! Пра дзяцей маці заўсёды гаварыла са шчаслівымі агеньчыкамі ў вачах і з незвычайнай цеплынёй у голасе. І без слоў было зразумела, што ўсе яны жаданыя і любімыя. Гэта, канешне ж, перадавалася і самім дзецям, якія адказвалі і адказваюць маме такой жа любоўю і клопатам. Яшчэ падлеткамі дапамагалі яны па гаспадарцы, бралі на свае плечы ўсе пасільныя сялянскія клопаты. І цяпер, ужо дарослыя і самастойныя людзі, яны не забываюць дарогу ў Журыхі, дзе прыветнымі агеньчыкамі акон сустракае родны дом і дзе заўсёды чакае іх мама.

Андрэйка, Сашка, Дзімачка, Рыгорка, Мішка, Ганначка, Сярожка, Дашуня, Юрасік, Жэнечка – так ласкава называе Ірына Васільеўна сваіх ужо дарослых людзей, якія для яе застаюцца дзецьмі. А, між тым, яны выраслі і ўжо многія стварылі свае сем’і, падарылі бабулі ўнукаў. Паважліва і гэтак жа ласкава гаворыць Ірына Васільеўна пра спадарожнікаў жыцця сваіх дзяцей (а гэта Леначка, Кацярынка, дзве Галінкі і дзве Наташкі, а таксама Сярожка) і пра асаблівы свой гонар – унукаў Уладзіка, Каралінку, Танечку, Міланку, Мараціка, Марка і Косціка.

– Нявестак і зяця люблю і паважаю, яны для мяне – гэтакія ж родныя дзеці, – падзялілася жанчына. – А ўнукі – гэта асаблівая радасць!

У вялікай сям’і цяпер аб’яднаны прадстаўнікі самых розных прафесій. Ёсць тут будаўнікі і культработнік, тэхнолаг і настаўніца, гандлёвы і банкаўскі работнікі, бухгалтар і спецыяліст сельскагаспадарчай галіны… Падаюць надзеі і ўнукі: Уладзік – студэнт вышэйшай навучальнай установы, Каралінка і Танечка – гімназісткі. Ды і малышы растуць разумнымі і цікаўнымі. Іх будучыня бачыцца бабулі светлай, шчаслівай і радаснай.

Цяпер, калі галоўныя восеньскія работы ўжо скончаны, у Ірыны Васільеўны болей вольнага часу. Управіўшыся па гаспадарцы (а гэта – любімая кароўка Зара ды куры), жанчына не супраць паглядзець цікавы серыял. А з нядаўняга часу ў яе з’явілася новае захапленне – камп’ютар. Нават у “аднакласніках” ужо зарэгістравалася. Праўда, пакуль што толькі спрабуе знаходзіць агульную мову з разумнай тэхнікай, але гэта справа часу. Галоўнае – гэта цікава і захапляльна.

– Карацей, сумаваць няма калі, – усміхаецца жанчына. – “Мабільнік” нас аб’ядноўвае і вельмі дапамагае. Пагаворым – і нібыта сустрэліся і пагутарылі. Няма таго дня, каб з кожным з дзяцей не перазваніліся. Дзелімся і прыемным, і праблемным, дапамагаем адно аднаму, раім. Разам яно лягчэй у жыцці.

Цяпер два малодшыя сыны Ірыны Васільеўны служаць у арміі: Юрка – у Віцебску, Жэнька – у Маладзечне. Як і да кожнага са старэйшых сыноў, клапатлівая мама наведалася ў часці да малодшых, пабывала на прысягах. А як жа інакш? Яна ж – мама…

У юнацтве мая суразмоўца зрабіла вельмі важны выбар. Без малога выпускніца Калінінградскага інстытута, яна так і не закончыла вучобу, а ўсё сваё жыццё прысвяціла сям’і, дзецям. Ці не шкадуе аб гэтым сёння?

– Ніколькі, – у голасе Ірыны Васільеўны нават пачуліся ноткі крыўды. – Я і зараз упэўнена, што галоўнае для жанчыны – нарадзіць і выхаваць дзяцей, добрых і сумленных людзей. Урэшце, кожны думае па-свойму, для некага кар’ера вышэй за ўсё. А па-мойму дык сапраўднае шчасце – у нашым прадаўжэнні, у дзетках.

Хіба можна не пагадзіцца з гэтай мудрай жанчынай, жанчынай-маці ў поўным сэнсе гэтых слоў?

Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома І. В. ЧАРТОК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 24 queries