3 мая ў Вілейскім райвыканкаме прайшоў выязны прыём грамадзян старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Шапірам. Пра тое, чым жыве сёння Вілейскі раён і што хвалюе яго жыхароў, ішла размова ў час асабістага прыёму грамадзян. На сустрэчу з кіраўніком вобласці запісаліся 5 чалавек. У цэнтры ўвагі былі пытанні судовых прэтэнзій, афармлення зямельнага надзела, а таксама пытанні якасці дарог, змены раскладу руху аўтобусаў і іншае.
Аўтарскае права
Дырэктар УП «Артико» Артур Шымакоўскі звярнуўся да старшыні аблвыканкама за дапамогай ў вырашэнні судовых прэтэнзій да яго ўстановы як аператара кабельнага тэлебачання за рэтрансляцыю аўтарскіх твораў. Дадзенае пытанне ў апошні час стала вельмі надзённым, бо свае аўтарскія правы зараз імкнуцца абараніць і на агульнанацыянальным узроўні, да напрыкладу, нашумелы працэс, які датычыцца знакамітых беларускіх выканаўцаў і калектываў і прэтэнзій да іх з боку вядомага кампазітара Эдуарда Ханка. Гэтыя пытанні вельмі падобныя па сутнасці, хаць і маюць свае асаблівасці. На прыёме гаворка ішла пра адсутнасць пэўных дамоў аб трансляцыі розных аўтарскіх прадуктаў кабельным аператарам, хаця па сутнасці ўвесь сэнс кабельнага аператара зводзіцца да рэтрансляцыі, а дамовы заключаюць непасрэдна каналы. Па выніках размовы старшынёй аблвыканкама былі дадзены даручэнні кампетэнтным структурам разабрацца ў дадзеным пытанні, якое тычыцца не толькі вілейскага аператара,і вывучыць усе тонкасці і нават, калі гэта неабходна, то прадаставіць дакументы ва ўрад аб унясенні змяненняў у заканадаўства.
Зямельныя спрэчкі
Жыхар горада Мінска Георгій Валынец звярнуўся з пытаннямі афармлення зямельнага надзела, які размяшчаецца ў вёсцы Красны Беражок. Тут гаворка ішла аб зямельных спрэчках і нюансах, узнікшых падчас афармлення спадчыны. Па дадзеным пытанні былі запрошаны кампетэнтныя спецыялісты, якім было даручана растлумачыць усе аспекты справы і дапамагчы вырашэнню дадзенага пытання, ці інакш вырашаць пытанні ў судовым парадку.
Якасць дарог і расклад руху
Пытанні асфальтавання вуліцы пасля пракладкі сетак газапровада ўзнялі жыхары вёскі Порса. Тут створана некалькі газавых кааператываў для падводу газазабеспячэння, якім былі выдаткаваны дзяржаўныя грошы, як гэта прадугледжваецца – 70 % дзяржаўнага фінансавання і 30 % павінны ўнесці самі члены кааператываў. Паўстала пытанне, што былі заплочаны грошы жыхароў за пракладку сетак, але цяпер трэба ўнесці пэўныя сумы, што пакрыюць выдаткі іншага кааператыва, да якога дадзены кааператыў уразаўся ў газавую трубу і пры жаданні, хаця гэта прадугледжана праектам, які прынялі самі члены кааператыва, аднавіць пашкоджанае асфальтнае пакрыццё. Справа тычылася неразумення ці не поўнага інфарміравання членаў каператыва. Але пытанне ўнясення сваёй долі фінансавання зняць нельга, бо праект і ўсе яго ўмовы былі прыняты сходам кааператыва, што і рэгламентуецца заканадаўствам. Таму трэба вельмі акуратна падыходзіць да вывучэння ўсёй дакументацыі членамі кааператываў і прыняцця сваіх рашэнняў агульным сходам. Дапамога з боку мясцовай улады тут можа быць толькі ў вырашэнні нюансаў, а ўсё астатняе прадугледжвае дзеючае заканадаўства, і ўмяшэнне ў прынятыя рашэнні членаў каператыва немагчыма.
Газавыя баталіі
Жыхары вёскі Слабада і Ляды Іжскага сельсавета звярталіся да старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры з пытаннямі якасці вясковых дарог. Падобныя пытанні паўстаюць амаль на кожным прыёме старшыні аблвыканкама, ды і не толькі. І імгненна вырашыць іх немагчыма. Сёння ў Мінскай вобласці 30 тысяч дарог, 20 з якіх – гравійныя. І, канешне, адразу ўвага надаецца рамонту цэнтральных дарог, на якіх нагрузка аўтатранспарту вельмі значная, а потым справа даходзіць і да вясковых. На жаль, зрабіць усё і адразу немагчыма. Але стан кожных дарог вывучаецца мясцовымі спецыялістамі, штогадова складаецца пералік выканання першачарговых работ, што публікуецца на старонках мясцовых газет. Падчас размовы падымаліся пытанні і раскладу руху прыгараднага аўтобуса Вілейка – Баравыя, на што было дадзена даручэнне правесці аналіз эфектыўнасці рэйсаў дадзенага маршруту і, пры патрэбе, правядзенне карэкціроўкі дадзенага раскладу. Таксама было прапанавана абсталяваць камерамі відэаназірання кожны прыгарадны аўтобус – для выяўлення няякаснага абслугоўвання і кантролю выдачы квіткоў пасажырам, што ўплывае на акупляльнасць маршрутаў і заробкі саміх кіроўцаў. Дарэчы, за апошні год і на пачатку бягучага для абслугоўвання затратных маршрутаў за кошт раённага бюджэту былі набыты некалькі невялікіх аўтобусаў з эканамічным расходам паліва. Па выхадных яны дадаткова абслугоўваюць населеныя пункты, дзе ў гэтым ёсць вострая неабходнасць.
Падчас прыёму старшыні аблвыканкама разглядаліся і іншыя пытанні, што ўздымалі заяўнікі. На кожнае былі дадзены адпаведныя тлумачэнні. Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны, падчас якой Сямён Шапіра вёў дыялог з наведвальнікамі. Кожны адказ традыцыйна быў кампетэнтным і добразычлівым, а сустрэча прайшла ў атмасферы адкрытай і непрадузятай размовы. Кіраўнік абласной выканаўчай улады імкнуўся зразумець глыбінную сутнасць праблемы, дайсці да вытокаў, якія яе справакавалі, і вырашыць пытанне так, каб чалавек адчуў, што ён неабыякавы чыноўнікам.
Пасля афіцыйнага прыёму грамадзян усе журналісты і прадстаўнікі тэлеканалаў і радыёстанцый, што прысутнічалі на сустрэчы, у суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Касцевіча змаглі пазнаеміцца з Вілейскім раёнам і наведаць некаторыя аб’екты бізнесу, аграпрамысловага комплексу і турыстычнай сферы. Так, падчас азнаямляльнай паездкі наведалі прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Тактфест», што займаецца вытворчасцю высокапратэінавых кармавых дабавак з бабовых культур. Аб прадпрыемстве нядаўна падрабязна пісала раёнка.
Затым наведалі новы комплекс малочна-таварнай фермы «Добравічы» і пагутарылі з маладым і перспектыўным дырэктарам РСУП «Першы Беларускі» Сяргеем Гарбачэўскім. За час яго працы давераная яму гаспадарка значна палепшыла свае паказчыкі, павысілася і культура земляробства, і прырост надояў, чаму спрыяе выкананне ўсіх тэхналогій. А на пытанне дапытлівых журналістаў, ці не было страшна ў такія маладыя гады ўзначаліць такую вялікую гаспадарку, Сяргей Аляксандравіч адказаў: «Калі ўсе будуць баяцца, то хто ж будзе працаваць»? Па-сапраўднаму мудрыя і глыбокія словы пачынаючага,але вельмі перспектыўнага,спецыяліста.
І напрыканцы паездкі журналісты завіталі ў адзін з маляўнічых куткоў Вілейшчыны – былую вёску Сутокі, што каля Людвінова, дзе зараз пачаў працаваць вялікі турыстычны комплекс «Кветкі-яблыні». Прыгажосць веснавой прыроды і маляўнічасць разліву Віліі і Сэрвачы, а тут яны «сутыкаюцца» ў адно цэлае, не пакінула нашых гасцей абыякавымі. А наведванне дадзенага аб’екта стала невыпадковасцю, бо менавіта яго кіраўнік Дзмітрый Цяліцын у мінулы раз быў на прыёме ў Сямёна Шапіры і змог вырашыць даволі складанае пытанне працягу тэрміна заключанай інвестыцыйнай дамовы на ўзвядзенне турыстычнага комплексу. Тады ў ходзе будаўніцтва ўзніклі праблемы з адводам зямельнага ўчастка, дакладней, карэкціроўкай яго памераў. Гэта пацягнула за сабой працэдуру пераафармлення, адпаведна, выклікала часовае спыненне будаўнічых работ. Нюансаў у гэтай сітуацыі было шмат. Тады старшыня аблвыканкама зрабіў рэзюмэ – трэба падоўжыць тэрмін інвестыцыйнай дамовы. Гэта дало магчымасць завяршыць будаўніцтва і ўвесці ў эксплуатацыю дадзены турыстычны комплекс. Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі былі вельмі ўражаны краявідамі, ды і добрай інфраструктурай турыстычнага комплексу. Усе складаныя праблемы былі вырашаны, цяпер справа за ўласнікамі, якім журналісты пажадалі пабольш кліентаў і далейшага развіцця. А для гэтага ёсць усе ўмовы і ў раёне, і ў вобласці.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара
Всего пять?! Смешно. Людей с ВОПРОСАМИ намного больше, но задать вопрос они попросту боятся, а если и не побоятся, то им просто не дадут их задать