Кажуць, дарогі, як і людзі, бываюць розныя. У нашых герояў вельмі падобныя дарогі лёсу. І аднойчы яны прывялі іх у арганізацыю «Дарожна-будаўнічы раён № 13» (больш вядомую як «ДСР-13»). Ужо сорак год працуе сямейная дынастыя Маўчун у дарожна-будаўнічай сферы Вілейшчыны. Гэта сціплыя і працавітыя людзі, якія чатыры дзясяткі гадоў шчыра робяць сваю справу на карысць раёна і нашай краіны. Тамара Якаўлеўна – дыспетчар, Міхаіл Пятровіч – машыніст экскаватара-планавальніка ў ДБУ № 13. Праца, вядома ж, не з лёгкіх.
У нашай краіне працоўныя дынастыі заўжды карыстаюцца заслужаным прызнаннем. Дынастыя Маўчун на дваіх аддала каля стагоддзя працы ў адным калектыве, шчыра працуюць, выгадавалі двух дачок, і зараз у гэтым калектыве працуе і іх зяць, высакакласны спецыяліст Аляксандр Рароўскі, прараб па ўкладцы асфальта-бетона.
За час сваёй працы сямейны дуэт меў толькі выдатныя вынікі, падзякі і заахвочванні. Дзясяткі грамат на дваіх, а ў 2015 годзе Міхаіл Пятровіч стаў пераможцам абласнога конкурсу «Чалавек года Міншчыны – 2014». Бо на працягу сарака гадоў ён аддана працуе і будуе дарогі, прыходзячы адным з першых на кожны новы аб’ект. Да гэтага яшчэ было і прысваенне звання «Ганаровы дарожнік».
Калі сям’я і праца ідуць побач, значыць, гэтая сям’я моцная, і моцная не толькі працоўнымі традыцыямі, але і павагай, і шанаваннем адзін аднаго.
У рытме неспакойнай і напружанай працы, частых камандзіровак мы змаглі толькі самай раніцай заспець Міхаіла Пятровіча, перад ад’ездам на аб’ект, і на некалькі хвілін прытрымаць, каб зрабіць агульнае фота з жонкай. Ну, а ўжо потым, у рабочай абстаноўцы пагутарыць пра прафесію, гады працы і сучаснае з Тамарай Якаўлеўнай.
– З чаго пачынаўся такі доўгі шлях у дарожнай сферы і, напэўна, такі імгненны, як адзін дзень?
– У далёкім 1976 годзе я прыйшла працаваць у «Дарожна-будаўнічы раён № 13», тады такое найменне мела наша арганізацыя. Пачала сваю працоўную дзейнасць у сакавіку, а на месяц пазней уладкаваўся сюды на працу і муж. Пачынала ў тагачасным «ДСР» дарожнікам на аб’ектах у Мядзельскім раёне, потым тэхнікам па дарожных механізмах, была і нарміроўшчыкам. З 1991 года, і вось ужо 25 год, працую дыспетчарам па аўтатранспарту ў «Дарожна-будаўнічым упраўленні № 13». Муж стала працуе машыністам экскаватара-планіроўшчыка «Татра».
– Тыя далёкія сямідзясятыя гады з іх умовамі працы і сучасны стан, як супастаўляюцца Вамі, гледзячы з вышыні дзесяцігоддзяў?
– За гэты час вельмі шмат памянялася. Калі мы пачыналі працу, то ўмовы і тэхніка былі зусім іншыя. Раней на дарогу вазілі на ГАЗонах з будкамі, а зімой там вельмі холадна. Зараз кожны аўтобус з падагрэвам, камфортны і сучасны. А яшчэ раней, як распавядалі ветэраны працы,з якімі пачыналі, навогул брукавалі дарогі на каленках цэлы дзень, спраўляючыся зрабіць участак брукаванкі па палове ці аднаму кіламетру за рабочы дзень. А зараз умовы зусім другія – сучаснае абсталяванне, тэхніка і тэхналогіі.
– А ці шкадавалі калі-нікалі пра выбар прафесіі? Усё ж такі ўмовы, і нават пры сучасных тэхналогіях, вельмі складаныя, патрабуюць шмат намаганняў і пэўных якасцей характару.
– Аб выбары прафесіі ніколі не шкадавала, ды, нават, у другім сябе і не бачу.
– Калі Ваш муж стаў «Чалавекам года Міншчыны» быў гонар?
– Канешне, гэта заслужана, і не толькі ім, у нашым калектыве вельмі шмат працаўнікоў, якія аддалі сваёй прафесіі шмат год і вартыя такой пашаны. А за мужа асабліва ганарацца дзеці.
– Дарэчы, раз гаворка пайшла пра сям’ю, распавядзіце, бо мы ведаем, што да Вашай сямейнай дынастыі далучыўся і зяць.
– Так, наш зяць Аляксандр Рароўскі, таксама працуе ў ДБУ-13, прарабам па ўкладцы асфальта-бетона. А ў сям’і мы выгадавалі двух дачок, зараз яны ўжо дарослыя, маюць вышэйшую адукацыю, працу. Дачка Вольга настаўніца, жыве з сям’ёй у Маладзечна, зараз у дэкрэтным адпачынку, разам з зяцем Аляксандрам падаравалі нам унука Дзіму. Дачка Марына жыве ў Мінску, працуе маркетолагам, мае сваю справу.
– За такі значны перыяд у прафесіі, што больш успамінаецца?
– За гэтыя гады было шмат добрага, добрых падзей. І заўжды ўспамінаецца толькі добрае. Калектыў у нас сяброўскі, галоўнае, каб была работа, а астатняе наладзіцца. Я сама доўгі час была старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Заўжды старалася зрабіць жыццё калектыву цікавым і насычаным рознымі паездкамі і мерапрыемствамі, бо гэта вельмі аб’ядноўвае. Куды толькі мы не ездзілі на экскурсіі, напэўна аб’ехалі ўсю Беларусь. А ў працы галоўнае імкнуцца заўсёды старанна выконваць свае абавязкі і прыносіць карысць арганізацыі і людзям.
– Вялікі дзякуй, Тамара Якаў-леўна. Са святам і на далейшае толькі дабра і радасці ў жыцці.
Вось такі лёс адной сямейнай дынастыі дарожнікаў, а колькі іх у нашых арганізацыях і ўстановах розных галін. За такімі людзьмі крыецца надзейны падмурак любой справы, аснова і традыцыі ў прафесіі.
Як кажуць, будаўнікі ганарацца дамамі, а нашы героі, дарожнікі – дарогамі. А сямейная дынастыя Маўчун, з упэўненасцю можна сказаць, унесла вялікі ўклад у дарожнае будаўніцтва Вілейшчыны і краіны.
Са святам, паважаныя працаўнікі дарожнай сферы і аўтамабілісты.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА і з архіва ДБУ № 13