Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Усё могуць Каралі. І нават будаваць

Ідучы гарадскімі вуліцамі, Ніна Кароль у думках прыгадвае тое, што звязвае яе з імі. А дакладней, з будынкамі, што размяшчаюцца на вуліцах. Дом быту, ЗАГС, хірургічны корпус бальніцы, басейн, мноства жылых дамоў – на ўзвядзенні і рамонце ўсіх гэтых аб’ектах давялося папрацаваць жанчыне. А колькі ж яшчэ будавалі на вёсцы! За без малога тры дзясяткі гадоў, а менавіта столькі часу Ніна Канстанцінаўна ў будоўлі, ёй выпала многа дзе папрацаваць.

А пачалося ўсё з таго, што маладзенькая дзяўчына з Нясвіжчыны прыехала па размеркаванні майстрам на вілейскі малаказавод. Тут не толькі набывала свой першы працоўны вопыт, але і знайшлі сваю палавінку – мясцовага хлопца Ваню з гучным прозвішчам Кароль. Так атрымалася, што 14 жніўня трыццаць пяць гадоў назад яны пажаніліся. Сёлета, дарэчы, Каралі будуць адзначаць свой сямейны юбілей у прафесійнае свята – Дзень будаўніка. Але пра гэта пазней.
– Для маладой сям’і галоўнае жаданне – мець свой вугал, – разважае Ніна Канстанцінаўна, – таму менавіта ў пошуку яго з малаказавода я пайшла спачатку на «Зеніт», а ўжо пасля другога дэкрэтнага – адразу на будоўлю. І вось ужо многа гадоў працую ў ПМК-186.
Ці было нязвыкла на новым месцы? Ды не, прызнаецца Ніна Канстанцінаўна, вельмі хутка асвоіла і новыя прафесіі, і ў калектыве прыжылася. Так пачалася новая старонка ў жыцці Ніны Кароль – ужо ў якасці будаўніка.
– Спачатку працавала кровельшчыцай, а ўжо пазней асвоіла прафесію маляра, – расказвае жанчына. – Не так даўно выйшлі на пенсію, але яшчэ працую. Праўда, ужо не маляром (гэта даволі нялёгкая работа), а рабочай. Цяпер заняты на шасцідзесяцікватэрным доме ў «Паўночным», дзе, дарэчы, вельмі многія будынкі ўзводзілі. Добрыя людзі ў нашай брыгадзе падабраліся, маладыя з павагай ставяцца да нас, старэйшых, вучацца, як кажуць, тонкасцям прафесіі.
Плячо ў плячо з жонкай працуе і муж, Іван Міхайлавіч, які прыйшоў у ПМК-186 значна пазней – у 2011 годзе. Сёння ён муляр чацвёртага разраду. Калегі іншы раз цікавяцца, ці не надакучыла ім, Ніне Канстанцінаўне і Івану Міхайлавічу, вось так усюды быць разам – і дома, і на працы.
Ды не, прызнаецца жанчына, па-іншаму ўжо неяк і не ўяўляецца. . . Гэта ж добра, калі блізкія людзі побач. Вось і старэнькую маму з Нясвіжчыны штозіму забірае да сябе. І сын з нявесткай, вяселле якіх Каралі згулялі зусім нядаўна, пакуль што жывуць з імі. Хлопец, дарэчы, у нейкім сэнсе пайшоў па бацькоўскіх слядах – займаецца грузаперавозкай будаўнічых матэрыялаў. А вось старэйшая дачка выбрала прафесію настаўніка, вучыць пачаткоўцаў у пятай гарадской школе. Яна падарыла бацькам дваіх унукаў, а жыве з сям’ёй у добраўпарадкаванай кватэры ў «Паўночным».
– Такая вось наша сям’я, – закончыла расказваць Ніна Канстанцінаўна. – Самая звычайная, як і сотні іншых. Задаволена, што ёсць у мяне мае родныя, што часта збіраемся ў нас. Ды і сяброў многа, якія сталі амаль што сям’ёй. Пашанцавала мне з прафесіяй, нялёгкая яна, іншы раз кажуць, што нежаночая, але любімая. Сёння ніколькі не шкадую, што ў свой час прыйшлі ў гэту галіну. Будаваць для людзей, рабіць іх жыццё больш камфортным – хіба гэта не радасць? І людзі ў нас вельмі добрыя, чулыя. Гэта, напэўна, таму, што кіруе арганізацыяй прафесіянал і надзвычай добры чалавек Аляксандр Бутар. З любым пытаннем і ў любы час звернешся да Аляксандра Віктаравіча – заўсёды выслухае, падтрымае, параіць і дапаможа. Паважаюць яго людзі ў калектыве. Лічу, што менавіта такім і павінен быць кіраўнік.


Ужо пасля развітання з Нінай Канстанцінаўнай пагутарыла з кадравіком арганізацыі Жаннай Бабіч.
– І кіраўніцтва, і рабочыя паважаюць гэту сямейную пару, бо сапраўды дастойныя людзі, – пагадзілася яна. – У брыгадзе, дзе яны працуюць, Ніну Канстанцінаўну заўсёды лічылі галоўнай. Паважаюць яе і старэйшыя, і маладыя, прыслухоўваюцца да яе парад. А яна таксама жыве іх інтарэсамі, клапоціцца, каб усё ў іх ладзілася. Можа па-жаночы, а дзе і па-мацярынску мудра нешта параіць, падкажыць, а іншы раз і на месца паставіць каго, калі трэба.
Жанна Вітальеўна расказала, што ў іх арганізацыі працуюць і іншыя сямейныя дынастыі, якіх у перадсвяточны дзень не лішнім будзе адзначыць. Так, многа гадоў аддаў ПМК-186 кранаўшчык ад Бога (менавіта так ахарактарызавала яго кадравік) Васіль Дзямід, а цяпер тут працуе маляром яго сын Сяргей. У лесацэху добра ведаюць збіўшчыцу Святлану Дземідкевіч, сын якой, Яўген, таксама працуе тут.
Будаўнік. Нялёгкая, але ганаровая гэта прафесія. І выбіраюць яе людзі моцныя, сур’ёзныя, нераўнадушныя і працавітыя. Такія, як і героі гэтай публікацыі.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: цяпер Ніна і Іван Каралі ў водпуску.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 60 queries