Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Успамінаюць сведкі пра вайну…

Сустрэчы моладзі са сведкамі Вялікай Айчыннай вайны – ветэранамі і непаўналетнімі вязнямі канцлагераў – у нашай краіне традыцыя.

Адна з такіх адбылася на днях у актавай зале сярэдняй школы №5 у рамках сацыяльнага праекта «Рэтракіназал» і адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна». Пра далёкую у часе , але не ва ўспамінах, вайну расказвалі маладым.

Галоўны спецыяліст раённага камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Воўчак прадставіла гасцей – Марыю Стэфанаўну Гіль, Святлану Васільеўну Гушчонак, Міхаіла Уладзіміравіча Уласіка і Марыю Пятроўну Валынец. Не шкадуючы, лёс кожнаму з іх адсыпаў ваеннага ліхалецця, цяжкай, не па ўзросце, працы, і пакінуў на ўсё жыццё цяжкія ўспаміны пра дзіцячыя і юнацкія гады. Іх яны пранеслі праз усё жыццё.

Чуць праўду пра вайну з першых вуснаў неабходна сённяшнім хлопцам і дзяўчатам. І весці дыялог з яе сведкамі – таксама.

Пакаленне, якому выпала прайсці праз ваеннае ліхалецце, нягледзячы на ўсе жахі, выстаяла. Яскравы прыклад – Марыя Стэфанаўна Гіль. Ёй было дзесяць год, калі мірнае жыццё перакрэсліла вайна. Сям’ю – бацькоў і іх трох сясцёр, – вывезлі ў Германію, на поўнач чужой краіны. Працавалі на кансервова-гародніннай фабрыцы, «узнагародай» было якое-ніякое варыва. Але неяк выжылі… Вельмі працавітымі былі бацькі, за імі цягнуліся і дзеці, толькі дзякуючы гэтаму, лічыць Марыя Стэфанаўна, яны і выстаялі. Бацька яе быў краўцом, шыў адзенне, гэта быў дадатковы заробак, а яна цыравала і перавязвала шкарпэткі ваеннапалонным – гэтым зарабляла, атрымлівала немудрагелістыя пачастункі.

Калі сям’я вярнулася з Германіі на радзіму, іх сустрэла чорнымі комінамі спаленая вёска.

Каб пракарміць дзяцей, маці нават хадзіла па суседніх вёсках і прасіла падаяння. Мірнае жыццё адраджалася цяжка… Нягледзячы на нястачу і голад, дзеці імкнуліся вучыцца, дапамагалі бацькам, ад якіх атрымалі галоўны жыццёвы ўрок: каб нечага дасягнуць, неабходна шмат і добрасумленна працаваць і спадзявацца толькі на сябе. Да настаўнікаў ставіліся з павагай, чыталі творы класікаў літаратуры поўнасцю, і пра вайну – таксама. Расказваючы моладзі пра вайну, Марыя Стэфанаўна не магла стрымаць хвалявання – успаміны маленства яскравыя ў яе памяці, перажытае не адпускае.

На памяць аб сустрэчы актывісты БРСМ падарылі гасцям паштоўкі, якія падрыхтавалі самі. Як знак, што яны памятаюць і ганарацца. Працягам сустрэчы стаў суместны прагляд вядомага фільма пра вайну «Жэня, Жэнечка, Кацюша».

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries