Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Уся справа… у дабрыні

…У нашым садку з’явілася новая дзяўчынка. Я зазірнула ёй у вочкі, працягнула ёй рукі далонькамі ўверх. Яна ўзяла мячык і кінула мне. Я прапанавала пагуляць з лялькай, але яна па-ранейшаму маўчала… Я паказала малюнкі з адлюстраваннем розных цацак. Потым разам з выхавацельніцай мы разглядалі энцыклапедыі. Калі ў садку праходзіў дзень сяброўства, мы ўдзельнічалі ў ім. Было цікава і весела! Вось так у мяне з’явілася асаблівая сяброўка…

Прыкладна такую гісторыю «расказваюць» фотаздымкі на плакаце, які размяшчаецца ў рэсурсным цэнтры ясляў-садка №11 г.Вілейкі. І нездарма. Сёння адзінаццаты яслі-сад з’яўляецца апорным па спецыяльным навучанні, разам з іншымі тут выхоўваюцца дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Функцыянуюць дзве спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, дзве – інтэграванага навучання і выхавання. Тут ажыццяўляецца вялікая работа, накіраваная на працу з асаблівымі дзеткамі, і шмат увагі надаецца іх інтэграцыі ў грамадства. Не розныя, а роўныя – вось галоўная мэта.

4 снежня яслі-сад №11 наведалі эксперты праекта Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і некамерцыйнай арганізацыі “Іннова Эстонія” па вывучэнні вопыту арганізацыі інклюзіўнага навучання дзяцей з асаблівымі патрабаваннямі на ўзроўні дашкольнага навучання.

У гэты дзень у рамках правядзення Тыдня талерантнасці ў садку адбылося цікавае мерапрыемства. Яно было яркім, відовішчным і запамінальным. А яшчэ сумесным, бо ўдзельнічалі ў ім таксама дзеткі, якія з’яўляюцца навучэнцамі Вілейскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Паказ мод – разнастайных капелюшоў і капялюшыкаў – аб’яднаў усіх на Свяце дабрыні. «Дабрыня ў далоньцы», «Дзіўная паляна», «Маленькая модніца», «Капялюшык-сюрпрыз», «Добры чараўнік», «Лесавічок» – гэтыя і іншыя капелюшы і дзетак-мадэляў прадстаўляла вядучая – Фея дабрыні. Гледачы сустракалі ўдзельнікаў дружнымі апладысментамі, а дапамагалі ім прайсці па імправізаваным подыуме казачныя персанажы. У фінале ўсе ўдзельнікі яшчэ раз прайшліся перад публікай, дэманструючы па-майстэрску і з фантазіяй выкананыя з дапамогай бацькоў капелюшы. Загадчыца ясляў-садка №11 Кацярына Ганчар падзякавала юным мадэлям і іх бацькам за актыўны ўдзел у мерапрыемстве і ўручыла падарункі, падрыхтаваныя падчас акцыі «Дорым дабро». І ўсе зноў упэўніліся ў тым, што дабрыня – магутная сіла, якая аб’ядноўвае.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 42 queries