Сваё прадназначэнне сапраўднага мужчыны Уладзімір Антановіч выканаў спраўна: пасадзіў не адно дрэва, уласнымі рукамі пабудаваў дом, выхавалі з жонкай дачку і сына. А яшчэ ў свой час выпала Уладзіміру Аляксандравічу тры месяцы працаваць на ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – і гэта выпрабаванне лёсу ён дастойна вытрымаў.
Часам зусім непрадказальным бывае лёс чалавека. Вось і ён, хлопец з вёскі Клесіна Людвіноўскага сельсавета, пасля школы падаўся ў аграномы. Закончыў Мар’інагорскі сельгастэхнікум, крыху папрацаваў на прафесіі, а затым лёс прывёў яго ў раённы аддзел дэпартамента аховы.
– Для мяне, мусіць, шчаслівая лічба дзевяць, – дзеліцца Уладзімір Аляксандравіч. – Мяркуйце самі: з 1989 года працаваў міліцыянерам па ахове гідратэхнічных збудаванняў. З 1999 года стаў старшым інспектарам ваенізаванай і вартаўнічай аховы. Яшчэ праз дзесяць гадоў, у 2009-ым назначылі намеснікам начальніка аддзела.
Прыступка за прыступкай падымаўся Антановіч па службовай лесвіцы і дарос да маёра міліцыі. Паралельна з прафесійнай дзейнасцю гэтак жа годна і грунтоўна ладзіў і асабістае жыццё. З дапамогай бацькі ўзвёў Уладзімір Аляксандравіч уласны дом. Так атрымалася, што ўчастак – ля самага лесу. І ягады побач, і грыбы рукой падаць. А летнім ранкам падымаюцца гаспадары пад шматгалосыя птушыныя трэлі. Як і належыць, трымаюць гаспадарку, апрацоўваюць зямлю.
– Карацей, няма калі сядзець без справы, – заключыў Уладзімір Аляксандравіч. – У вёску да маці не так часта выпадае наведвацца, але ж ёсць гарадскія браты, яны там болей працуюць.
Выгадавалі Антановічы і дваіх дзяцей, за якіх не сорамна: дачка была выкладчыцай тэхналагічнага ўніверсітэта, а зараз працуе ў прыватнай фірме; сын закончыў чацвёрты курс міліцэйскай Акадэміі і праходзіць практыку ў аддзяленні крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў.
Нядаўна Уладзімір Антановіч адзначыў сваю юбілейную дату – пяцідзясяцігоддзе. На мінулым тыдні ў раённым аддзеле аховы была ўрачыстасць, галоўным героем якой быў ён.
– Спачатку было падвядзенне вынікаў работы аддзела за паўгоддзе, – расказаў мой суразмоўца, – а пасля былі мае ўрачыстыя праводзіны на заслужаны адпачынак, віншаванні з юбілеем. Падзяку ад Дэпартамента аховы мне ўручыў намеснік начальніка ўпраўлення Уладзімір Міхайлавіч Балкоўскі (на здымку), ад нашага аддзела павіншаваў Алег Іванавіч Станкевіч. Атрымаў я і каштоўныя падарункі, за якія шчыра ўдзячны калегам. Мне пашанцавала, што працаваў у такім цудоўным калектыве. Гэта вельмі важна для кожнага чалавека.
Канешне ж, не збіраецца Уладзімір Аляксандравіч сядзець без справы. Ёсць у яго планы на будучае, ёсць пэўныя задумкі. Але і пра аддзел аховы, дзе адпрацаваў без малога тры дзясяткі гадоў, забываць не будзе. «Вось і зараз еду туды», – падзяліўся ён у час нашай размовы.
Сямейны дабрабыт, любімая справа, людская павага…. І выпрабаванні, якія пераадолеў з годнасцю. Гэта, мусіць, і ёсць вельмі важныя складаемыя шчасця, светлага і простага, якога хочацца кожнаму чалавеку.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадстаўлена Сяргеем НІКАЛАЕВІЧАМ