Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У зале гарадскога Палаца культуры прайшло судовае пасяджэнне

Гэтае судовае пасяджэнне праходзіла ў зале гарадскога Палаца культуры, бо пацярпелых па справе, якая разглядалася, шмат. Хоць і не ўсе з іх змаглі прыехаць на пасяджэнне, усё ж людзей у зале было нямала. Пераважную большасць прысутных складалі вясковыя жанчыны розных узростаў. Урэшце, на судовым пасяджэнні пад старшынствам Сяргея Епіхава, старшыні суда Вілейскага раёна, разглядалася справа, што датычыла непасрэдна іх, працавітых сяльчан, якія маюць на сваіх падворках кароў.

Прадпрымальнасць – рыса ў чалавечым характары добрая. Тыя, каму яна  ўласціва, многага дабіваюцца ў жыцці. Ды і жаданне дастойна жыць і забяспечыць гэта сваёй сям’і таксама пахвальнае. Галоўнае, каб дзейнічаў чалавек у рамках закона і не забываў, што такое сумленне…

У Паўла Басякова, жыхара Маладзечна, як і ў многіх маладых і прадпрымальных, з’явілася жаданне заняцца нейкай сваёй справай. Чамусьці ў грамадстве менавіта гэта лічыцца справай прыбытковай. Урэшце, калі гэта і так, то далёка не ўсе улічваюць выдаткі на вельмі няпростым шляху індывідуальнага прадпрымальніка… З усіх галін прыватнага бізнэсу Павел выбраў сваю: заключыў дагавор з Вілейскім філіялам Маладзечанскага малаказавода на закупку малака з асабістых гаспадарак вяскоўцаў і здачу сабранага малаказаводу. Сабраўшы і прадставіўшы ўсе  неабходныя даведкі, малады чалавек узяўся за справу. Трэба адзначыць, што даязджаў прыватнік у самыя аддаленыя вёсачкі і нават на хутары, таму сяльчанам было выгадна мець з ім справу. Ды і з разлікамі спачатку не было праблем – малаказборшчык складаў ведамасці за дэкаду,  людзі ў іх распісваліся, ужо прыкідвалі, колькі атрымаюць напачатку наступнай дзесяцідзёнкі. Хтосьці з вяскоўцаў бачыўся з прадпрымальнікам часта, а некаторыя практычна і не сустракаліся – перад адыходам на працу пакідалі ёмкасці з малаком на спецыяльным століку, а ўвечары забіралі пусты посуд. «Малочныя» ж грошы малаказборшчык перадаваў калі не  асабіста, то праз паштальёна ці суседа. Карацей, да пэўнага часу ўсё ішлі добра, супрацоўніцтвам былі задаволены і вяскоўцы, і прадпрымальнік. А пасля  своечасоваму разліку за здадзеную прадукцыю прыйшоў канец, ўсё часцей грошы за малако пачалі затрымлівацца, а затым і ўвогуле недзе прапалі… Пачалі цікавіцца ў прадпрымальніка, калі будзе разлік. У адказ чулі кароткае: «Крыху пачакайце». Пасля за малаком часцей за ўсё стаў прыязджаць сябра малаказборшчыка, які на пытанні вяскоўцаў толькі паціскаў плячыма, маўляў, пытайцеся ў  «самога», я ўсяго толькі дапамагаю…

У некаторых, што называецца, цярпенне лопнула, і яны пачалі тэлефанаваць на малаказавод. Там адказалі, што грошы за прынятае малако пералічаны на рахунак прадпрымальніка, і ён павінен быў у двухдзённы тэрмін пасля іх паступлення разлічыцца з малаказдатчыкамі. Дзе ж  грошы? Адказ ведаў толькі прадпрымальнік, мабільны тэлефон якога маўчаў. Пасля гэтага ў райаддзел унутраных спраў паступіла заява з просьбай разабрацца з «дзейнасцю» Басякова.

– У перыяд з 1 мая па 4 ліпеня 2011 года шляхам злоўжывання даверам грамадзян украў 27724070 рублёў, – гучаць у зале словы дзяржаўнага абвінаваўца Віктара Гатоўкі. Гэта ён пра «дзейнасць» індывідуальнага прадпрымальніка. Моўчкі слухалі гэтыя словы пацярпелыя, якія, мяркуючы па іх выступленнях на пасяджэнні, даравалі маладому чалавеку такія «штукарствы» і задаволены тым, што на дзень суда ён поўнасцю разлічыўся з кожным чалавекам. Пра інфляцыю ніхто і не ўзгадаў…

– Святы ў нас народ, – упаўголаса сказаў мужчына, што сядзеў побач са мной. – У нас, лічы, з кішэні ўкраў, а мы не сябе, а яго шкадуем…

Свае злачыннае дзеянні прадпрымальнік растлумачыў жыццёвымі складанасцямі. Маўляў, «пасыпалася» старая машына, на рамонт яе спатрэбілася вялікая сума грошай, а тут і доўг трэба было аддаваць, які ўзяў у валюце. Карацей, у цяжкую хвіліну чалавек, што называецца, знайшоў сякеру за лаваю…

Напрыканцы пасяджэння абвінавачваемы папрасіў у людзей прабачэння. А яшчэ дадаў:

– Непрыгожа атрымалася. Для мяне гэта стане жыццёвым урокам ніколі не браць чужога, выбіраць работу па сваіх магчымасцях і мазгах.

Што датычыцца далейшай работы, то па рашэнні суда маладому чалавеку забаронена на працягу трох гадоў  выбіраць сабе падобную працоўную дзейнасць. Дасканала разабраўшыся ў справе, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», суд прыгаварыў Паўла Басякова да трох гадоў зняволення з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries