Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У вёсцы Старадубава на месцы разбуранай капліцы ўстаноўлены крыж

Старадубава – з тых мясцін, якім пашэнціла ў сэнсе гістарычнай памяці. Маленькая вёска, дзе ў самыя яе лепшыя часы налічвалася да дзясятка сяліб, схоплена ў цесныя абдымкі густалесся. І сёння да яе вядзе наезджаная прасёлкавая дарога, што ўпіраецца ў вясковую вуліцу, абапал якой прытуліліся дагледжаныя драўляныя хаты, аздобленыя рознаколернай шалёўкай. Са старажылаў тут засталіся тры бабулькі ва ўзроставым дыяпазоне ад дзевяноста да ста. І вось ужо колькі часу ўлетку займаюць сваё родавае гняздоўе Соф’я і Франц Млечкі.

Сямейная пара ўладкоўвае свой вясковы быт у адпаведнасці з сялянскімі традыцыямі. Беражліва захоўваецца тое, што засталося ад бацькоў і дзядоў: прылады працы, якімі ўжо і не карыстаюцца на сялянскім падвор’і, інтэр’ер, у яго ўдала ўпісваюцца вывешаныя на сцяну камплекты старых фотаздымкаў. Аб усім гэтым, магчыма, мы знойдзем час для больш дэталёвай размовы.
Старадубава слыннае тым, што сто год таму побач з ім праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны. А воддаль вёсачкі, на крутагор’і, размяшчаўся штаб рускай арміі. Праз два дзясяткі год яшчэ на адным узвышшы, густа заселеным соснамі, што прымыкала да самай ваколіцы, тутэйшыя майстры-умельцы распачалі будаўніцтва капліцы. Сведка той падзеі, мясцовы жыхар Іосіф Смаленскі,меў тады гадоў сем ад роду. Абставіны ўсе не памятае. І тады, і цяпер у хлапчукоў такога ўзросту ў жыцці пераважаюць іншыя інтарэсы. Ды і тэхнічных сродкаў, каб зафіксаваць ход такой важнай для акругі дзеі, ніхто з вяскоўцаў не меў. Складаўся вусны летапіс, аб пераемнасці якога дбала кожнае наступнае пакаленне. Дзед Янук расказаў малому Юзіку, што збудаванне было нетрадыцыйным у сэнсе архітэктуры. Майстры складвалі не звычайны вугал з выступаючымі вонку бярвеннямі, а так званы «нямецкі», пры ім канцы бярвенняў не выпускаліся са зруба. Такім спосабам, дарэчы, узведзены многія хрысціянскія храмы ў Беларусі і Расіі, што адначасова з’яўляюцца яшчэ і помнікамі драўлянага дойлідства.
Пасля асвячэння капліца стала своеасаблівым месцам прыцягнення ўсіх акаляючых Старадубава паселішчаў. І іграла ролю своеасаблівай духоўнай пупавіны, што звязвала людзей у цеснай хрысціянскай супольнасці, акумулявала моц іх добрых памкненняў, узносячы яе Небу. Для многіх насельнікаў Старадубава шлях да Бога пачынаўся менавіта з гэтай мясціны. Сюды пратаптала было для сябе сцежку і вядомая пані Ядзвіга, якая за глыбокую веру і вернасць касцёлу атрымала Пасланне ад самога Папы Францішка, аб чым многа ў свой час расказвалі сродкі масавай інфармацыі краіны.
Для прысутных, што сабраліся на ўрачыстую імшу з выпадку ўстанаўлення Святога Крыжа на месцы разрабаванай капліцы, пані Ядзвіга ўзнаўляе гісторыю святыні. Гучаць прозвішчы святароў, якія менавіта тут годна, часамі – пакутна, неслі свой крыж, наканаваны Усявышнім. Адзін з ксяндзоў быў арыштаваны пры бальшавіцкім рэжыме, ужо перад самой вайной, і пасля растраляны. У духоўнай самаахвярнасці людзей дзеля сцвярджэння гуманістычных ідэй хрысціянства знаходзіў крамолу тагачасны атэізм. А процістаяў яму ціхі штодзённы подзвіг вернікаў. Такіх, як Ядзвіга Пастэрнак з мала каму вядомай да нядаўняга часу вёскі Муляры. Як жыхары Старадубава і акаляючых яго паселішчаў, што і без святара збіраліся на літургіі. Якія са скрываўленымі сэрцамі ўспрымалі дзеянні вандалаў, што рушылі святыню іх роднай зямлі… Рашэннем тагачасных улад капліца напачатку 60-ых гадоў была разбурана і матэрыял пайшоў на ўзвядзенне нейкага грамадскага будынка. Да цяперашняга часу ў жывых засталося сямёра з тых, хто адсюль, з гэтага святога месца, узносіў свае малітвы Богу. Сярод такіх і Соф’я Млечка. Памятае, як яны з дзяўчынкамі-аднагодкамі прыбіраліся ў капліцы, насілі да алтара кветкі. Спачатку – раннія, палявыя. А пасля – з агародчыкаў. У Старадубаве ведалі сэнс прыгажосці. Аб гэтым сведчыць цяперашні выгляд сяліб, аб якіх клапоцяцца нашчадкі былых іх насельнікаў. Многія з іх з’явіліся на ўрачыстасць асвячэння Крыжа. Ініцыятыва аб вяртанні святыні ў зноў створаным яе выглязе належыць віляйчаніну Алегу Смаленскаму, таксама ўраджэнцу гэтых мясцін.
Аплецены зараснікамі ўзгорак трэба было ачысціць ад слядоў бязмежнага валадарства тут часу. Грамадой працавалі, упрыгожвалі месца. На сядзібе Млечкаў захоўваўся крыж, якім была пазначана тая знішчаная старадубаўская капліца. Яго ўсталявалі як рэліквію тых далёкіх часоў, як знак повязі і пераемнасці, сімвал невычэрпнасці духоўных крыніц, што сілкуюць маральныя карані нацыі. Пра гэта гаварыў, звяртаючыся да прысутных, ксендз-дзекан Аляксандр Барыла. У сваёй эмацыянальнай прамове ён раскрыў той першапачатковы сэнс крыжа, якім кіруецца хрысціянін, здзяйсняючы свой зямны шлях. Крыж – гэта мост над прорваю смерці, знак паяднання чалавека з Богам і таго цярпення, якое кожнаму з нас вызначыў Усявышні. У Старадубаве крыж – гэта яшчэ і благаслаўленне Божае для гэтай зямлі, – зазначыў святар. – І няхай ён стане месцам нашай духоўнай пілігрымкі, калі запатрабаванне ў ёй адчуе чалавечая душа.
Так сталася, што свята сваіх вёсак людзі пачалі атаясамляць з датаю ўстанаўленння ў іх святога крыжа. Суседнія Муляры зрабілі гэта, напрыклад, 19 мая. А з 14 чэрвеня набыло сваё свята і Старадубава. І з гэтага часу хрысціяне-католікі з акаляючых вёсак аб’ядноўваюцца ў парафію Святога Яна Паўла II-ога і знаходзяцца пад яго апякунствам і заступніцтвам.
Упершыню за многа год гулкае рэха, адлюстраванае ад гонкіх ствалоў востраверхіх ялін, панесла ў прастору святую малітву. Малітву-плач, малітву-сум, малітву-радасць. Ойча наш, каторы ёсць у небе. Свяціся імя тваё… Вышэйшай адзнакі дасканаласці дасягае шчыры малітоўны парыў чалавечай душы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries