Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейцы «Маляваны рай»

«Маляваны рай» – так называецца выстава, якая зараз дзейнічае ў зале выстаў імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея. І сапраўды, трапіўшы туды, нібы апынаешся ў свеце хараства. Малюнкі па шкле, маляваныя дываны (так званыя «маляванкі»), вышываныя ручнікі, куфры – усе яны, аздобленыя традыцыйнымі выявамі кветак, птушак, сюжэтнымі замалёўкамі, арнаментам, не могуць пакінуць наведвальнікаў абыякавымі да прыгажосці, створанай рукамі. Прадстаўленыя экспанаты – са збораў Беларускага музея народнай архітэктуры і побыту, Магілёўскага музея этнаграфіі і Вілейскага краязнаўчага музея.

На мінулым тыдні тут адбылася творчая сустрэча з супрацоўнікамі музея народнай архітэктуры і побыту – Аксанай Жукавай, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, Святланай Івановай, мастаком-рэстаўратарам, і Наталляй Захарчук, архітэктарам першай катэгорыі, якая правяла майстар-клас для юных мастакоў. Яны ўважліва слухалі парады Наталлі Сяргееўны – каб аздобіць свой кавалачак шкла, як таго патрабуе народная традыцыя. Чаму ў якасці творчай палітры нашы продкі выбіралі менавіта шкло? Росквіт мастацтва размалёўкі шкла прыпадае на 1920-1950 гады, дакладна яго вытокі не вызначаныя. Але тое, што ў любы час чалавеку хацелася аздобіць, упрыгожыць сваё жыллё – факт. Для гэтага выкарыстоўваўся любы матэрыял, у тым ліку і шкло, якога ў пасляваенны час хапала. Малюнкі і заказвалі, і стваралі самі – як падказвалі густ, талент і фантазія. Пры гэтым выкарыстоўвалі алейныя фарбы, празрыстыя каляровыя лакі, фольгу, распісвалі і шкло, і фонавую паперу, часта прапрацоўваючы абрысы чорным колерам. Выкананыя такім чынам малюнкі ў побыце выконвалі розныя функцыі: сакральную (як, напрыклад, прадстаўленыя на выставе абразы), утылітарна-дэкаратыўную (рамкі для фотаздымкаў) і дэкаратыўную (выявы «паненак», якія, мяркуючы па колькасці тых, што захаваліся, былі вельмі папулярныя і таму распаўсюджаныя).
Імёны аўтараў большасці работ, расказала Аксана Жукава, невядомыя. Але яны і сёння захоўваюць тую цеплыню, з якой ствараліся, пазычаючы матывы і натхненне ў народа. Фотаздымкі продкаў у аздобленых такім чынам рамках нябачна былі побач са сваімі нашчадкамі, захоўвалася трывалая сувязь паміж пакаленнямі. Да гэтага, плануючы ўнутраную прастору жытла, многія вяртаюцца і сёння – традыцыя, пра якую нагадала выстава,працягваецца.






Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries