Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«У свеце не ведаю краю, каб столькі было пекнаты»

Апошнімі днямі лістапада, калі чалавечая душа найбольш схільная да роздуму і ўспрымальная да паэтычнага слова, давялося пабываць на сустрэчы, адпаведнай такому настрою. «Душа нанізвае радкі» – такую назву мела паэтычная гасцёўня, прысвечаная творчасці Антаніны Гарчаковай. Ініцыятарам яе стала Святлана Нікіфараўна Сляпцова – кіраўнік клуба «Дзеці вайны». Перад пачаткам мерапрыемства яна расказала, што дзесяць з чатырнаццаці членаў клуба – былыя “астэрбайтэры”, чацвёра іншых – колішнія вязні канцлагераў. Гэткай доляй лёс не абдзяліў і Антаніну Гарчакову. Іх сям’я родам з Расіі, у гады вайны трапіла ў канцэнтрацыйны лагер у Віцебску. Пасля вайны, у сорак шостым, вяртацца не было куды – усё было разбурана, тады ж ім была выдзелена зямля на Полаччыне, дзе сям’я і асталявалася. Тут Антаніна скончыла сямігодку, пазней – Полацкае педвучылішча. Далей была вучоба на руска-беларускім аддзяленні Магілёўскага інстытута, пасля заканчэння якога яна была размеркавана на першае працоўнае месца – у Журыхскую школу Вілейскага раёна. Акрамя педагагічнай дзейнасці, Антаніна Іванаўна была сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса. У гэты ж час, у 1957 годзе, у раённай газеце быў надрукаваны верш Антаніны Іванаўны “Гарманіст”. Пасля яна працавала намеснікам дырэктара па пачатковых класах у былой другой школе, затым – на пасадзе дырэктара трэцяй гарадской школы. Выдатнік народнай асветы СССР і БССР, з 1993 года Антаніна Іванаўна на заслужаным адпачынку.
За некалькімі сказамі стаіць чалавечае жыццё – з усімі яго перыпетыямі, калізіямі, марамі, эмоцыямі, імкненнямі, пачуццямі. А на зломе сэрца, у розныя моманты жыцця (пікавыя або, наадварот, радасныя і светлыя) нараджаліся яны – вершы.
MVI_7538Так усё пачыналася…
Якімі былі яны, першыя крокі ў паэтычную творчасць? Антаніна Іванаўна ўспамінае, што яшчэ ў дзяцінстве яе цягнула да свету паэзіі: «Пры газоўцы рыфмавала вершы, а ад маці клала зверху кнігу – нібы вучу ўрокі. Газа каштавала дорага, але мама была няграматная і не здагадвалася, што гэта былі за «ўрокі». Далей, падчас вучобы ў Полацкім педвучылішчы, яна наведвала літаратурны гурток «Першыя крокі», тады ж у рукапісным яго часопісе з’явіўся верш Антаніны «Калгасны сход». Яна добра памятае, што за свой першы ганарар набыла тады слоўнік замежных слоў. Потым было аб’яднанне «Чырвоная Полаччына», у якім у тыя ж часы спробу пяра рабіў і Генадзь Бураўкін. Кожны тады лічыў, што стане вядомым паэтам, успамінае Антаніна Іванаўна. Няўрымслівымі былі сэрцы і думкі… Пра сябе ж сціпла зазначае, што паэтам не стала, «вось, нешта для сябе «надрапала» – так адгукаецца яна пра свае творы. І, забягаючы наперад, заўважу, што дарэмна – тыя, хто прысутнічалі ў паэтычнай гасцёўні, са мною б пагадзіліся. Дарэчы, той паэтычны агеньчык, які яна пранесла праз усё жыццё, пераняла і дачка Антаніны Гарчаковай, якая таксама піша вершы, праўда, пераважна па-руску.
Дзеці
– Дзеці мае разляцеліся, – сумна распавядае Антаніна Іванаўна. Але ж «сэрца бацькоў заўжды ў трывозе, няма спачынку ў дарозе» – так думала яна ў цягніку, едучы з далёкага Наварасійску, дзе заставаўся першынец, сын Сяргей, – куды падаўся ён услед за каханнем… Сёння ён член Саюза архітэктараў Расіі, ёсць свае дзеткі – Тоня і Дзіма. Дарэчы, Тоня, старэйшая,таксама піша вершы. Ці не ад бабулі ёй, дачцы архітэктараў, перайшоў гэты дар? Дачка Вольга жыве ў Мінску, яна – настаўніца музыкі. Яе дзеці – Насця і Сяргей. Антаніна Іванаўна згадвае, што некалі і яна рана пайшла з бацькоўскай хаты. Мабыць, толькі тады разумееш сваіх бацькоў, калі апынаешся на іх месцы. Набалелым і ноткай суму вее ад радкоў «што ж вы робіце, мілыя дзеці, што гадамі пісьма чакаю?» А ў памяці (і на лістку паперы) – светлы ўспамін пра нядоўгія, але насычаныя яркімі фарбамі прыезды ўнукаў. «Я клічу Сяргейку – прыедзь у Вілейку» – такія радкі пра малодшага ўнучка адбіліся ў маёй памяці.
Маці
Сувязь «маці – дзіця» непарыўная, але з гадамі мае ўласцівасць слабець, дзеці сталеюць, ідуць у свет, шукаючы сваю долю, намацваючы свой шлях. Пусцеюць бацькоўскія хаты. Гэта перажытае – у радках Антаніны Гарчаковай:
Як многа знямелых  хацін такіх
Па вёсках маёй Беларусі,
Што клічуць дадому дзяцей сваіх:
Вярніся хутчэй, вярніся.

Маці Антаніны была яшчэ жывая, калі з’явіўся такі вось верш-прадказанне.
У вершы «Непатрэбная» – пра тую з’яву, што, на жаль, частай становіцца ў нашым жыцці. Дзеці раз’ехаліся хто куды – а састарэлая маці засталася. Гэты верш Антаніна Іванаўна напісала пасля наведвання колішняй бальніцы сястрынскага догляду, дзе ласку старым дораць не іх дзеці, а, наогул, зусім чужыя людзі.
Пенсія
У паэтычнай гасцёўні сярод іншых прагучаў верш-роздум «Супыніся» – пра тыя якасныя змены ў жыцці, калі «скончаны шлях рабочы» і «па-новаму трэба жыць» – і , яму ў адказ, верш «Супынілася»: з такімі радкамі «пагартаю жыцця эпапею, эпілог напісаць я паспею». У любым узросце важна захоўваць пачуццё аптымізму і любові да жыцця – каб яно адказвала ўзаемнасцю.
Каханне
Павольная і ціхая музыка прымусіла праясніцца затуманеныя слязьмі вочы прысутных жанчын – сэрца кожнай адгукнулася на блізкія яму радкі. «Быццам пра мяне напісана» – прызналася адна з іх. Наступны ж шэраг вершаў («Незабыўнае», «Нечаканая сустрэча», Трыялет») ажывіў у памяці слухачоў былое каханне, ціхай усмешкай, як у маладосці, заззялі іх вочы. Як падагульненне, па-філасофску прагучалі словы з «Актавы»: «Шануй хвіліны маладосці, бо на зямлі ўсе мы – госці».
Восень – любімая пара
Паводле прызнання Антаніны Іванаўны, восень для яе – не толькі любімая пара, але і лекі для жыцця. Сёння ў памяці ўсплылі такія яе радкі: «У свеце не ведаю краю, каб столькі было пекнаты». Слухала падчас сустрэчы лірычныя вершы, а ва ўяўленні мяняліся сюжэты: восень, зіма, вясна, лета – і зноў восень…
У 2004 годзе з’явіўся верш Антаніны Гарчаковай «У прыродзе нелады»: тагачаснае надвор’е якраз было падобным на сёлетняе.
Вернасць
Аднайменны верш Антаніны Гарчаковай – пра яе Івана, узнік за дзесяць год да таго моманту, як яго не стала, – нібы прадказанне.
– Жанчына-ўдава заўсёды нагадвала мне чорную птушку, –расказвала Антаніна Іванаўна. – Так з’явіўся верш у форме народнага плачу «Раненая птушка крылы апусціла».
Нялёгка слухаць споведзь чалавека пра яго бяду, а, думаеце, лёгка ўсім пра яе расказаць?.. І прытым жыць далей, сцвярджаючы, што трэба жыць, заўважаючы, як, бывае, ярка свеціць сонца…
Як кажуць, «пад занавес», Антаніна Іванаўна прачытала некаторыя з вершаў дачкі, а само мераепрыемства скончылася традыцыйным кубачкам гарбаты ў коле блізкіх духам людзей.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries