Учора ў Палацы культуры горада Маладзечна адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню ветэранаў, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Міншчыны. Дэлегацыю Вілейскага раёна прадстаўлялі ў тым ліку нашы землякі, што ў розныя часы, на розных пасадах стваралі дабрабыт рэгіёна, праяўлялі клопат аб камфортным светаадчуванні жыхароў Вілейшчыны. Аб некаторых з іх мы расказваем у гэтым спецвыпуску.
З Людмілай Палянскай я знаёма ўжо даўно. З таго, бадай, часу, як працавала яна галоўным эканамістам у «Райаграсэрвісе», вяла яшчэ і грамадскую работу, нярэдка заходзіла ў рэдакцыю па розных пытаннях. Шчырая, адкрытая, гаваркая, жанчына неяк адразу стала сваёй, блізкай, якую, здаецца, ведаеш даўно-даўно.
Жыццё не песціла Людмілу Мікіцьеўну. Нарадзілася ў вайну, гадавалася без бацькі, які загінуў на фронце. З дзяцінства многа працавала, бо жылі ў вёсцы, трымалі жывёлу, мелі вялікія агароды. Аднак ужо тады мама дзяўчынкі разумела, як важна чалавеку быць адукаваным, таму старалася, каб дачка, якой вучоба давалася лёгка, вучылася далей. Пасля школы Людміла паступіла ў Ашмянскі сельгастэхнікум на бухгалтара-планавіка. І ўжо тады лідарскія якасці дзяўчыны праявіліся вельмі ярка.
Камсамольскі важак, затым – прафсаюзны, яшчэ пазней – дэпутацкія клопаты – усё гэта было і яшчэ застаецца ў жыцці Людмілы Мікіцьеўны (яна і зараз з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета па Шылавіцкай выбарчай акрузе). Жанчына не губляе сувязі з калегамі, тымі, з кім пачынала некалі працаваць.
– Пасля заканчэння тэхнікума мяне накіравалі ў колішні калгас «Ленінскі камсамол» эканамістам, – прыгадвае яна. – Няпроста было, старалася прыглядацца, вучыцца ў старэйшых. Небагата тады жылі мы, не так прыгожа апраналіся, не елі такіх ласункаў, як цяпер, але ж калі працавалі – дык ад душы, весяліліся – таксама.
Безумоўна, на маладую дзяўчыну, што прыехала працаваць эканамістам, увагу звярталі многія хлопцы. А ёй прыглянуўся калгасны вадзіцель Мікалай, высокі светлавалосы прыгажун. За яго дзяўчына і выйшла замуж. Яны былі прыгожай парай – высокі бландзін муж і невысокая чарнявая жонка. Такіх знешне розных людзей аб’ядноўвалі няўрымслівыя характары, жаданне і ўменне быць у гушчыні падзей. Так сталася, што ў сям’і Палянскіх не было дзетак, таму Людміла і Мікалай жылі праблемамі і поспехамі роднай гаспадаркі. Больш за тры дзясяткі гадоў пражылі яны душа ў душу, амаль што ніколі не разлучаючыся. А пасля Мікалая Іванавіча не стала, і жанчына адчула, што нібыта страціла і палавінку сябе…
– Ды выручала работа, – падзялілася Людміла Мікіцьеўна. – Таму і працавала нават тады, калі выйшла на пенсію. У гушчыні падзей, сярод людзей неяк забываліся асабістыя праблемы, і вытворчыя ўжо не аддзяляла ад сваіх.
Працы ў сельскай гаспадарцы жанчына аддала сорак шэсць гадоў жыцця. Пачынала ў калгасе, а выйшла на адпачынак з Вілейскага райаграсэрвіса. Сюды, у колішнюю «Белсельгастэхніку», яна прыйшла ў такім далёкім 1966 годзе і на працягу дзясяцігоддзяў засталася вернай прадпрыемству. Бухгалтар, эканаміст, старшы, а затым і галоўны эканаміст – гэтыя пасады займала Палянская ў арганізацыі. Працавала так, як была прывучана з дзяцінства – аддаючы ўсе сілы і веды справе, якую даручылі. І гэта цаніла начальства, заахвочваючы працаўніцу граматамі, падарункамі. Іх, гэтыя ўзнагароды (і свае, і мужавы), свае дэпутацкія пасведчанні і пасведчанне ўдарніка камуністычнай працы Людміла Мікіцьеўна беражліва захоўвае і нярэдка пераглядае. А яшчэ і фотаздымкі, якіх у Палянскіх многа. І з розных мерапрыемстваў, і з урачыстых сходаў, і з экскурсій ды паездак, куды муж з жонкай любілі ездзіць.
– А вось і параўнальна нядаўняя грамата, якую атрымала ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за подпісам Ігара Шавялёва, – паказала Людміла Мікіцьеўна грамату на сцяне. – Уручылі і адзначылі, што за шматгадовую працу па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. А яно так было і ёсць, што дзеля людзей стараешся.
Вось і вясковым старастам у свой час жанчыне даверылі быць, бо ведаюць людзі яе нераўнадушны характар і кампетэнтнасць у самых розных пытаннях. Таму і зараз, калі перадала клопаты старасты маладзейшаму, спяшаліся і спяшаюцца да яе са сваімі пытаннямі і праблемамі. І яна з радасцю дапамагае. Бо так рабіла заўсёды і па-іншаму проста не ўмее. Бо, аднойчы абраўшы справай жыцця вясковыя клопаты, застаецца вернай ім заўсёды.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара


