У Ільянскай сярэдняй школе імя А.А. Грымаця прайшоў конкурс творчых вучнёўскіх работ, прысвечаны Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Вось некаторыя ўрыўкі з вучнёўскіх прац.
Кажура Раман
“Восень – работ восем”, – так часта гаворыць мой тата. Ён і праўда вельмі заняты. Устае яшчэ да шасці гадзін раніцы, бо ў шэсць ён павінен быць на ферме. Там ён даглядае кароў – “дойку гоне”. Прыводзіць у парадак даільныя апараты, пасля гэтага мае вольны час, у які ён займаецца ўласнай гаспадаркай. А ў пяць гадзін вечара паўтараецца ранішняя работа. Яна доўжыцца прыкладна да дзесяці гадзін. Тата мой, Мікалай Міхайлавіч Кажура, працуе на ферме «Баяры» філіяла «Ілья». Гаспадарку ўзначальвае Чыркевіч Ігар Генадзьевіч. Ён, як і мой тата, закончыў Ільянскую школу. Наогул, у калгасе працуе шмат выпускнікоў нашай школы з розных вёсак.
Гайчук Вераніка
Мой дзядзька Шушкевіч Сяргей Уладзіміравіч працуе на трактары “Беларус”. Дзень яго працоўны цягнецца з раніцы да позняга вечара. Як пачне з ранняй вясны сеяць, так і грукоча на сваім трактары ўсё лета, аж пакуль поле не апусцее і не “засне” на зіму. Дзядзя Сяргей нават быў дэлегатам камсамольскага з’езда ў Маскве.
Рудніцкая Ганна
Мой хросны тата Рудніцкі Андрэй Міхайлавіч таксама працуе ў калгасе трактарыстам і карыстаецца павагай у людзей і сваёй сям’і.
Урбан Пётр
Я паважаю свайго тату, Урбана Яўгена Аляксандравіча, які працуе ў калгасе на пагрушчыку.
Пінчук Сняжана
Мае бацькі трымаюць уласную гаспадарку і шчыруюць на ёй па-сапраўднаму. Я і брат таксама дапамагаем. Таму і маем малако, смятану, тварог, масла, мяса. Я лічу, што праца на гаспадарцы прывучае не лянавацца і быць дбайнымі гаспадарамі.
Нікалаева Кацярына
Мы трымаем карову, каня, свіней, курэй, качак. Іх усіх трэба накарміць, напаіць. Нам усім ёсць праца. Асабліва тату і маме.
Ікановіч Марыя
Хатнія прадукты карыстаюцца попытам, таму і гадуюць сяляне “сваё”.
Спірыдовіч Карына
Люблю даглядаць трусянят, даю сена каню і карове, паю іх вадой. Свінкі больш за ўсё любяць вараную бульбу. Як прыемна, калі на стале дыміцца бульба, жараныя шкваркі з яечкам, кубак малака і нарэзаны добры кавалак хатняга сыру.
Роза ШЭРАЯ


