У мінулы чацвер у Хаценчыцкім сельвыканкаме жадаючыя змаглі адрасаваць пытанні, якія хвалююць, прадстаўніку раённай улады напрамую.
Да Віктара Гатоўкі, кіраўніка справамі Вілейскага райвыканкама, звярнуліся два жыхары сельсавета. Першы, жыхар Карпавіч, пенсіянер, расказаў, што не быў бы лішнім дадатковы рэйс аўтобуса Вілейка–Карпавічы, які зараз ходзіць па маршруце з Іллі ў Хаценчыцы праз вёску Беражок і назад па пятніцах. Мужчына адзначыў, што гэты рэйс патрэбен і па аўторках. Як адказаў Віктар Гатоўка, пытанне вывучаць у аўтобусным парку і абавязкова дадуць на яго адказ. Для гэтага жыхара Карпавіч візіт у Хаценчыцы аказаўся не толькі карысным, але і прыемным: з важнай і прыгожай датай, 85-годдзем, яго павіншавала старшыня сельвыканкама Дзіяна Грабянёк, адрасавала цёплыя словы і ўручыла прыемны падарунак.
Другі мужчына, што прыйшоў на сустрэчу, паведаміў, што ён – інвалід трэцяй групы, ёсць жаданне працаваць – тут жа, у Хаценчыцах. Па стане здароўя яму патрэбна лёгкая праца, падыходзячай вакансіі няма. На просьбу пасадзейнічаць у важным жыццёвым пытанні Віктар Гатоўка адказаў, што адпаведнае заданне будзе адрасавана адказнай службе – аддзелу занятасці.
Таццяна ШАРШНЁВА