На дварэ кастрычнік – багаты на прыгожыя святы месяц. У першую яго нядзелю адзначаецца Дзень настаўніка, сёння – Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці. Як Маці Божая аберагае ўсіх нас, пакрывае сваім благаславеннем, так і нашы зямныя матулі ўсё жыццё клапоцяцца пра сваіх дзетак. Нічым не вымераць мацярынскую працу, нельга знайсці словы, каб расказаць пра бязмежную любоў, бяссонныя ночы матуляў. І колькі б цёпла-падзячных слоў ім ні гаварылі, усё роўна не зможам аддзячыць самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас – Маці.
Пра сэнс жыцця і ролю маці-жанчыны напярэдадні свята мы размаўлялі з мамай траіх дарослых дзяцей Любоўю Іванаўнай Мягковай. Педагог і выхавальнік, цудоўная жанчына, яна галоўнай роляй у сваім жыцці лічыць ролю маці. І выканала яе “на выдатна”. А наперадзе, прызналася, новы экзамен – выхаваць сапраўднымі людзьмі і ўнукаў, якіх бязмежна любіць. Шчыры, добразычлівы яна чалавек, Любоў Іванаўна. Гутарыш з ёй і адчуваеш цеплыню і дабрыню, якія зыходзяць ад гэтай жанчыны. І рука міжволі цягнецца да ручкі, каб занатаваць расказанае ёю, данесці чытачу жыццёвую гісторыю яшчэ аднаго цудоўнага чалавека.
Жыццё ніколі не песціла Любоў Іванаўну. Больш выхоўвала. Выпрабоўвала на мужнасць, вынослівасць, мудрасць, бязмежную дабрыню. Нарадзілася і вырасла яна ў сям’і калгаснікаў на Маладзечаншчыне. Разам з сёстрамі і братам палолі буракі, жалі жыта, рвалі лён – ва ўсіх справах былі першымі памочнікамі бацькам.
– Памятаю, як сваімі сіламі наша сям’я будавала новы дом, – прыгадала Любоў Іванаўна. – Прасторны, светлы атрымаўся. А яшчэ не забудуся, як у двары капалі студню. Глыбокая была, глыбей чым на два дзясяткі трубаў. Дык вось гэтыя трубы выраблялі ў формах самі. Неяк, памятаю, паехалі з суседам на машыне за пяском. Бралі яго ў кар’еры. І там на нашых з сястрой вачах пясок абрушыўся і накрыў нашага тату. Як рвалі мы рукамі тую зямлю, як ратавалі роднага чалавека! І Бог дапамог…
Так склалася, што пасля заканчэння школы Любові давялося крыху папрацаваць у сельскім клубе, і за гэты час у характары дзяўчыны ярка праявіліся артыстычныя задаткі. А пасля былі студэнцкія гады, шлях у прафесію і знаёмства з Мікалаем Мягковым, які стаў яе вялікім каханнем і лёсам.
– Ён нарадзіўся ў Валгаградзе, а вырас у Любані, на Вілейшчыне, – расказала пра мужа Любоў Іванаўна. – Жыццёвыя сцежкі непрадказальныя. Скончыў Віцебскі ветінстытут, працаваў заатэхнікам у саўгасе «Любань», якім кіраваў тады знакаміты Яўген Фёдаравіч Мірановіч. А пазнаёміліся мы з Мікалаем зусім выпадкова, на вуліцы – і гэта шчаслівая выпадковасць.
Ствараючы сям’ю, маладыя, канешне ж, не думалі, што будзе яна шматдзетнай. Мікалай, Яўген, Святлана – у такой паслядоўнасці нарадзіліся ў Мягковых іх дзеці. Старанных, клапатлівых, працавітых і добразычлівых іх, як і бацькоў, паважаюць людзі, звяртаюцца за дапамогай і парадай. Да Дня беларускай міліцыі шчаслівая мама пісала ў нашай газеце пра сваіх сыноў-міліцыянераў, якімі ганарыцца.
– Сям’я наша ў гэтым годзе адзначыла сваё 37-годдзе, – расказала яна. – Многа гэта ці мала? Напэўна, дастаткова, каб падвесці пэўныя вынікі, зрабіць высновы і намеціць свае планы. Хтосьці мудры сказаў, што сям’я падобна на карціну, сабраную па пазлах. Знойдзеш кожны элемент – і гэта карціна гатова. Магу з упэўненасцю сказаць, што мая жыццёвая карціна склалася. Цяпер застаецца ўсё гэта захоўваць, цаніць, перадаваць дзецям і ўнукам. У вольны час я люблю разглядаць сямейныя фотаздымкі, перачытваць падзякі нам, бацькам, за выхаванне дзяцей. У мяне нават сабрана цэлая папка матэрыялаў пра маіх дзяцей, іх дасягненні і працоўныя будні.
На працягу ўсяго сумеснага жыцця Любоў Іванаўна лічыць галоўным у сям’і мужа, заўсёды раіцца з ім, прыслухоўваецца да яго. Без малога тры дзясяткі Мягковы пражылі з бацькамі мужа, даглядалі іх і шанавалі. Калісьці даўно мама Любові Іванаўны вучыла яе няпростай навуцы сапраўднай жонкі, маці, нявесткі. А сёння сама яна расказвае дачцэ і нявесткам, як многа ў сям’і залежыць ад жанчыны, яе цярпення, мудрасці, спагады і дабрыні. «Нават калі балюча, цяжка, крыўдна трэба быць на вышыні, заставацца лагоднай, прывабнай, таямнічай, – упэўнена мая суразмоўца. – І ўсё ў жыцці будзе добра». Вельмі цёпла гаварыла Любоў Іванаўна пра мужа, дзень нараджэння якога сям’я хутка будзе адзначаць, пра дзяцей і ўнукаў.
– Ведаеце, што заявіў нам старэйшы з унукаў? – з усмешкай прыгадала жанчына. – Вось вырасту, сказаў, стану вучоным, буду працаваць у лабараторыі, шукаць прэпараты, каб вывесці баршчавік, якога шмат у нашых Лыцавічах. Такая вось глабальная праблема хвалюе хлопчыка.
А яно і не дзіўна: у дружнай сям’і Мягковых прывыклі шанаваць старэйшае пакаленне, захоўваць памяць пра тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, жыць клопатамі адно аднаго. Вось і ўнукі, дапамагаючы працавітым бабулі з дзядулем, ведаюць пра ўсё, што іх турбуе, нават пра той жа баршчавік.
Як прызналася Любоў Іванаўна, і з яшчэ адной любоўю ідзе яна па жыцці – да Вілейшчыны, якая стала для яе другой радзімай. Тут нарадзіліся, выйшлі ў людзі яе дзеці, тут і сама яна рэалізавалася як чалавек, педагог і, самае галоўнае, як мама.
– Ужо болей за пяць гадоў я на заслужаным адпачынку, жыву напоўнена і цікава, – падзялілася жанчына. – Бо ёсць у мяне галоўнае – мае дзеткі і ўнукі, наш з мужам сэнс жыцця і шчасце. Прыветны бацькоўскі дом па вуліцы Садовай у Чурлёнах заўсёды чакае іх. Я шчаслівая мама, бо адчуваю, як цэняць мяне дзеці, як прыслухоўваюцца да маіх парад, лічачы нас, бацькоў, галоўнымі настаўнікамі ў жыцці. Часта чуеш, як людзі кажуць пра некага – шчаслівы, ва ўсім шанцуе. А я лічу, што шчасце – вынік дзеянняў самога чалавека. Трэба ўсё жыццё працаваць над сабой, рэалізоўвацца ў прафесіі і жыць у згодзе з блізкімі і, увогуле, з усімі людзьмі. Стараюся так жыць сама, вучу гэтаму і дзяцей. Я шчаслівая, што часцінка мая застанецца не толькі ў маіх дзецях, але і ва ўнуках. У маёй любімай песні «Я люблю цябе жыццё» іх, нашых нашчадкаў, паэт назваў вялікім цудам, вяршыняй кахання… Так яно і ёсць. Думаю, кожная з мам такое адчувае. Няхай будуць вашы дзеткі патрэбнымі не толькі вам, а і ўсяму грамадству. Няхай часцей бываюць яны ў родным доме, радуюць сваіх матуляў увагай і клопатам. Здароўя, дабрабыту, надзеі і шчаслівага лёсу зычу кожнай матулі.
Гутарыла з Любоўю Іванаўнай, а ў памяці міжволі ўсплывалі радкі Аляксандра Быкава:
У матери четыре торжества,
Четыре срока и четыре долга:
Родить его, измучившись сперва,
Вскормить, взрастить
И отпустить в дорогу.
Мая гераіня выканала высокую мацярынскую місію тройчы. Выканала спаўна, і яркае таму пацвярджэнне – яе дзеці, якія, як і іх мама, дастойна ідуць па жыцці.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіву МЯГКОВЫХ