Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У чым жа сакрэт поспеху Уладзіміра Грэля?

Тры дзясяткі гадоў працуе ён вадзіцелем аўтакрамы раённага спажывецкага таварыства. За гэты час Уладзімір Генадзьевіч пачуў столькі падзячных слоў за сваю працу. У чым жа сакрэт яго поспеху?

Загрузіўшыся неабходным людзям таварам, аўтакрама Уладзіміра Грэля бярэ курс на вёскі
Загрузіўшыся неабходным людзям таварам, аўтакрама Уладзіміра Грэля бярэ курс на вёскі

Тыя дні ў тыдзень, калі ў вёску прыязджае аўтакрама раённага спажывецкага таварыства, для жыхароў аддаленых населеных пунктаў асаблівыя. І не толькі таму, што яны могуць у краме на колах набыць усё неабходнае. Сустрэчы з вадзіцелем аўтакрамы чакаюць і таму, што ён, разам з таварамі, прывязе людзям і нейкія навіны, дасць кансультацыі пра новыя паступленні, возьме заказы, проста выслухае, падтрымае.

– Наш Валодзя – нібыта родны чалавек, – расказвае пра вадзіцеля аўтакрамы раённага спажывецкага таварыства Уладзіміра Грэля пенсіянерка з вёскі Куляшы Крывасельскага сельсавета Вера Іванаўна Герко. – Для мяне ён як сын, так яго заўсёды і называю. Для некага, напэўна, як брат ці сябра…

Вера Іванаўна расказвае, як нялёгка ёй з яе балючымі нагамі хадзіць да аўталаўкі, вяртацца з пакупкамі назад. Уладзімір Генадзьевіч, бачачы гэта, ніколі не праміне данесці прадукты нямоглай жанчыне аж дамоў. Ну як не расчуліцца ёй ад такой увагі!

За тры дзясяткі гадоў, якія Уладзімір Грэль працуе на аўталаўцы, ён, як падзяліўся сам, добра пазнаёміўся з усімі людзьмі, якія жывуць у вёсачках, што абслугоўвае аўтакрама.

– Кожнага ўжо ведаю па імені, вывучыў іх запатрабаванні і густы, – падзяліўся вопытны вадзіцель. – Іншы раз, бывае, прыйдзе пенсіянерка, пачынае купляць прадукты, а на нешта, што набывае заўсёды, забудзецца. Не праміну напомніць, і бабуля з радасцю купляе «свой» тавар.

З цеплынёй гаворыць Уладзімір Грэль пра сваю работу, без якой не ўяўляе свайго жыцця. Для вяскоўцаў, якія ў вызначаныя дні чакаюць аўтакраму ў аддаленых вёсачках, яго прыезд – жыццёва важныя падзеі, а для некаторых – своеасаблівая сувязь са светам. Вось і спяшаецца вадзіцель прыбыць у кожны населены пункт без спазненняў, у азначаны час, каб людзі не турбаваліся. А чаму так умее ён ладзіць з людзьмі і з кожным знаходзіць агульную мову? Ды гэта проста: у кожным пажылым чалавеку, прызнаецца Уладзімір Генадзьевіч, яму ўяўляюцца маці, цешча, яшчэ хтосьці з блізкіх і дарагіх людзей. Вось і ўвесь сакрэт.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries