За апошні час па тэлебачанні і радыё шмат чую інфармацыі пра перапіс насельніцтва. Як настаўнік, які ўсе жыццё выкладаў гісторыю, напомню, што ўлік насельніцтва праводзіўся нават у глыбокія старажытныя часы ў Егіпце, Грэцыі, Кітаі. У Расіі ён адбыўся ўпершыню ў 1245 годзе, а больш дасканалы – у адпаведнасці з указам Пятра І 1718 годзе. У бягучым, 2017 годзе, спаўняецца 120 гадоў са дня першага перапісу насельніцтва Беларусі (1897 г. )… Час ішоў, узгадняліся мэты і методыкі перапісу. І вось менавіта ў кастрычніку гэтага года ў Маладзечанскім раёне пройдзе пробны перапіс насельніцтва напярэдадні запланаванага перапісу насельніцтва краіны ў 2019 годзе.
Напярэдадні такой падзеі ў сучасным фармаце хочацца падзяліцца некаторымі ўспамінамі пра тое, як гэта было раней, ужо ў далёкім 1979 годзе… Усесаюзны перапіс насельніцтва праводзіўся ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў СССР ад 19 чэрвеня 1975 года”Аб правядзенні ў 1979 годзе ўсесаюзага перапісу насельніцтва“з 17 па 24 студзеня 1979 года. Па даручэнню раённага выканаўчага камітэта мяне прызначылі старшынёй камісіі па перапісу па Абадоўскім перапісным пункце. Улічваючы колькасць насельніцтва ў населеных пунктах, назначаліся перапісчыкі. Усе перапісчыкі прайшлі інструктаж па пытаннях правядзення апытання і запаўнення апросных лістоў. Дарэчы, запаўняць іх патрэбна было спецыяльнымі алоўкамі, бо значная частка інфармацыі заносілася ў лісты не ў выглядзе слоў, а ў выглядзе метак, якія потым, як тлумачылі нам, апрацоўваліся пры дапамозе электронных сродкаў апрацоўкі (гэта была навацыя ў параўнанні з ранейшымі перапісамі). А сучасны, 2019 года перапіс, як я чуў, будзе праводзіцца пры дапамозе камп’ютараў-планшэтаў. Які прагрэс усяго за некалькі дзесяткаў гадоў! Прыемна, гонар ахоплівае за нашы дасягненні!
Некалькі аб тым, як мы працавалі. Усе перапісчыкі (на жаль, дасканала ўсіх не магу назваць, а вылучаць кагосьці таксама не буду, каб не пакрыўдзіць іншых) вельмі адказна адносіліся да сваёй справы:у канцы кожнага дня яны прыходзілі на пункт перапісу, здавалі перапісныя лісты, абмяркоўвалі ўзнікаючыя праблемы, прыслухоўваліся да парад і заўваг. Для правядзення перапісу было выдзелена спецыяльнае памяшканне, у якім быў праведзены тэлефон. На дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб устаноўцы тэлефонаў ў кватэрах людзей, адказных за важную справу. Перапісчыкі атрымалі перапісныя лісты, спецыяльныя партфелі (як цяпер помню, яркія, жоўтыя) і значкі (захаваўся ў мяне да сённяшніх дзён – гл. на фатаграфіі).
Праграма перапісу ўтрымлівала 16 пытанняў: перапісныя лісты для суцэльнага перапісу (адказы павінны былі быць атрыманы ад усяго насельніцтва, форма 2С) утрымлівалі 11 пытанняў, а выбарачнага (25% насельніцтва, форма 3В), акрамя таго, яшчэ 5 пытанняў. Запаўненне перапісных форм пры абыходзе памяшканняў праводзілася са слоў апытваемых, без запатрабавання дакументаў для падцвярджэння правільнасці адказаў.
Калі надышоў час трымаць справаздачу перад перапісной камісіяй пры Ільянскім сельскім Савеце, а потым перад раённай камісіяй, узначальвала якую старшыня раённага статыстычнага ўпраўлення Ганна Аляксандраўна Сыракваш, то заўваг амаль што не было. Помніцца, што для дастаўкі дакументаў у раён нам быў выдзелены аўтобус, але, прыехаўшы пасля апоўдня, мы не змаглі здаць іх у гэты дзень – людзей было шмат, утварылася чарга… Хто куды, а я – яшчэ раз зверыў дакументы, пераначаваў і на наступны дзень раненька (памятаю, яшчэ дворнік запытаў, чаму так рана) прыйшоў ў раённую камісію па перапісе, здаў дакументы, іх праверылі, сказалі, што ўсе добра, заўваг няма. З пачуццем завершанай справы і натхненнем я вярнуўся ў родную вёску, падзякаваў за працу перапісчыкам і ўсім, хто добрасумленна адносіўся да выканання справы дзяржаўнай важнасці.
Напярэдадні перапісу 2019 года, маючы практычны вопыт арганізацыі такой справы, хачу падкрэсліць, што не толькі перапісчыкі павінны быць вельмі ўважлівымі і адказнымі пры перапісе. Усё насельніцтва павінна аднесціся да яго правядзення адказна! Бо вынікі яго – гэта вялікі масіў дадзеных для планавання, прагназавання, прыняцця рашэнняў! У 1979 годзе з заклікам адказна і актыўна ўдзельнічаць у перапісе звярталіся і СМІ, і плакаты, і нават надпісы на запалкавых карабках… Прыемна, што ў сучасным жыцці сродкі масавай інфармацыі таксама загадзя і ўсебакова адлюстроўваюць падрыхтоўку да такой важнай справы… Застаецца толькі пажадаць, каб прайшоў перапіс арганізавана, спакойна, каб усе грамадзяне ўспрынялі прыход перапісчыкаў добразычліва, а члены перапісных камісій з усёй адказнасцю аднесліся да паручанай справы. Няхай вынікамі перапісу стануць дадзеныя, якія пацвердзяць нашы пазітыўныя дэмаграфічныя перспектывы!
Мікалай ШАЛУХА, былы дырэктар Абадоўскай школы