Вясковы хлопец Фёдар Крывашэя ў маладосці спрабаваў стаць гараджанінам – памяняў сваю вёсачку Кобузі на Вілейку. Думаў, назаўсёды, а атрымалася толькі на пэўны час. Так склаўся далейшы лёс, што ў 1976 годзе Фёдар вярнуўся ў Кобузі і застаўся тут назаўсёды.
– Тут мае карані, уклад жыцця знаёмы з дзяцінства, усё блізкае, роднае, – прызнаецца сёння Фёдар Якаўлевіч. – Бацькі нашы заўсёды працавалі на зямлі, мелі гаспадарку. Вось і мы не можам без гэтага. Сёння на маім падворку конь, авечкі, свінні… А як жа інакш вяскоўцу? Больш за трыццаць гадоў аддаў Фёдар Якаўлевіч лясной справе, недзе палову з іх працаваў лесніком, а ўжо пазней і па сёння – майстрам лесу. Справа, вядома, няпростая, адказная. Акрамя гэтага, ён з адказнасцю выконвае і грамадскую – апраўдвае давер’е аднавяскоўцаў, якія выбралі яго старастам. – Людзі ў нашай вёсцы дружныя, – так характарызуе аднавяскоўцаў Фёдар Якаўлевіч, – на пад’ём лёгкія. Калі трэба, напрыклад, навесці парадак на могілках, дык выходзяць усе, угаворваць не трэба. Таму і праблем асаблівых не бывае. Калі ўзнікае якое пытанне, сумесна з мясцовай уладай вырашаем. Вось адно з іх. Пачаўся дачны сезон, людзей у вёсках паболела, а аўталаўкі, што нас абслугоўваюць, гэта, мусіць, напачатку не ўлічылі. Вось і атрымліваецца, што іншы раз не купіш у аўталаўцы і хлеба. Гэта пытанне мы са старшынёй сельсавета абмеркавалі, думаю, далей такой праблемы не будзе. На днях Фёдар Якаўлевіч адзначыў сваё 60-годдзе. Былі, напэўна, віншаванні ад блізкіх, знаёмых, сяброў. Далучаемся да іх і зычым вясковаму старасту здароўя, дабрабыту і энтузіязму. Каб хапала сіл на ўсё – і на асабістае, і на грамадскае. Ірына БУДЗЬКО. Фота прадастаўлена Ігарам СУДНІКОВІЧАМ