Нядаўна былі падведзены вынікі XXII конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, на які прадстаўлялі свае работы і віляйчане. Кампетэнтным журы была адзначана адна з работ нашых землякоў – вучняў гімназіі №2 Бажэны Шалкоўскай (7 «А» клас) і Кацярыны Манчак (6 «В») і іх кіраўніка – настаўніка беларускай мовы і літаратуры Віктара Кажуры.
«Выкарыстанне вобраза ракі Віліі ў творчасці сучасных вілейскіх літаратараў» – так называецца іх сумесная праца, за якую яны ўдастоены Дыплома другой ступені конкурсу.
Больш за два дзясяткі зборнікаў, сотні вершаў даследаваліся пры напісанні работы. І ў кожнага аўтара Вілія свая: то вясёлая, а то задуменная, то ласкава-пяшчотная, а то гераічная… Але для кожнага – родная, без якой не ўяўляецца Вілейка.
– У нашай намінацыі ўручэнне Дыпломаў праходзіла на базе Мінскага абласнога ліцэя, – расказаў Віктар Кажура. – Трэба адзначыць, што ў нас была сур’ёзная канкурэнцыя, бо на конкурс прадстаўляліся моцныя работы вучняў з Маладзечна, Нясвіжа, Беразіно, Барысава, Валожына… Тэмы работ – самыя розныя, ад даследаванняў твораў класічнай літаратуры да такой вось – «Сувязь бонсцікаў з беларускай міфалогіяй». Цікава? Безумоўна.
Так ці інакш, але вялікую цікавасць выклікала і праца віляйчан пра сваю раку, таму і адзнака журы адпаведная. Што і казаць, прыемна за калектыў даследчыкаў з гімназіі № 2. Віншуем!
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Віктарам КАЖУРАМ