Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цікавы факт. Выпускнікі адной са школ Вілейкі, не могуць прыйсці ў сваю родную школу, бо яе як быццам і не было

Дзень сустрэчы выпускнікоў, які праводзіцца традыцыйна ў першую суботу лютага – адначасова вельмі радаснае і крышачку сумнае свята. Радаснае ад таго, што сустракаешся з тымі, хто за час вучобы стаў як родны, душой вяртаешся ў дзяцінства і юнацтва. А сумны ён таму, што час ляціць няўмольна хутка, і з кожнай школьнай сустрэчай гэта адчуваецца мацней.

У любой навучальнай установе звычайна існуюць свае традыцыі сустрэчы выпускнікоў. Ужо за тыдні і нават месяцы пачынаецца актыўная падрыхтоўка да мерапрыемства, бурляць сацыяльныя сеткі, арганізуюцца пошукі сяброў-аднакласнікаў. Здаецца, сэрца замірае ад прадчування сустрэчы з мінулым. А той зарад аптымізму і энергіі, які дораць такія сустрэчы, дае сілы, прымушае імкнуцца да новых вышынь і надоўга застаецца ў памяці яркім прыемным уражаннем.

Image2

На вялікі жаль, шмат школ, а ў большасці гэта ў раёне, ужо даўно зачынілася, і іх выпускнікі не збіраюцца ў родных сценах, ці збіраюцца зрэдку ва ўласных хатах. І гэта зразумела, бо час імкліва бяжыць, многія, некалі буйныя вёскі, становяцца маланаселенымі і патрэбы ва ўтрыманні значнай сацыяльнай інфраструктуры там не можа быць. І гэтак шмат дзе па ўсёй Беларусі, такі лёс не абмінае ні адзін раён. А ці можа такое быць у горадзе? Аказваецца, можа.

У Вілейцы ёсць цікавы факт, як выпускнікі адной са школ горада, а менавіта выпускнікі 1977–1978 гадоў навучання, не могуць прыйсці ў сваю родную школу, бо яе як быццам і не было. Гісторыя вельмі цікавая, а месцамі і містычная. Пачнём па парадку.

Image4
Настаўнікі пачатковых класаў СШ № 4

Гісторыя адукацыі Вілейшчыны даволі даўняя, і многія навучальныя ўстановы раёна даўно перасягнулі 150-гадовы рубеж. Летапіс жа адукацыі самога горада можна афіцыйна пачынаць з 1803 года, калі ў Вілейцы адкрылася аднакласнае прыходскае вучылішча. Затым былі народныя вучылішчы, прыватная гімназія, будаўніцтва ў 1903 годзе першага спецыяльнага  будынка школы, у якім да 1920 года размяшчалася четырохкласнае вучылішча (цяпер гэта будынак цэнтра дадатковай адукацыі па вуліцы Савецкай). У перыяд, калі Вілейшчына знаходзілася ў складзе польскай дзяржавы, з 1921 па 1939 гады – у будынку былога вучылішча па вуліцы Савецкай (раней вуліца Пілсудскага) размяшчалася польская гімназія імя Генрыха Сянкевіча. У 1939 годзе з прыходам савецкай улады ў будынку польскай гімназіі была адкрыта, можна лічыць, першая звыклая для нас сярэдняя школа. А ў першым пасляваенным 1944 – 1945 навучальным годзе ў Вілейцы дзейнічалі дзве школы – беларуская № 1 і руская № 2.

Вось нас і цікавіць у даволі запутанай гісторыі, якую будзем распавядаць, менавіта руская сярэдняя школа № 2.  Крочым далей… Былая беларуская сярэдняя школа № 1 – гэта сучасная сярэдняя школа № 1. У 1946 годзе яна была пераведзена з будынка былой польскай гімназіі ў будынак па вуліцы 17 Верасня (зараз Вілейская школа-інтэрнат), а ў 1962 годзе для яе быў пабудаваны новы будынак па вуліцы Вадап’янава, 74. А вось руская сярэдняя школа № 2 так і засталася размяшчацца ў былой польскай гімназіі і толькі ў 1977 годзе для яе пабудавалі новы прасторны і сучасны будынак, побач з цяперашнім краязнаўчым музеем. Менавіта так значыцца ў гістарычнай даведцы на сайце гімназіі № 1 «Логас», якая стала пераемніцай сярэдняй школы № 2. І так бы і было, а «Логас» мог адзначаць у гэтым годзе значную падзею – сорак год з дня пабудовы новага будынка былой школы № 2. Але тут не ўсё так проста.

Image1
Выпускнікі 1978 года

Вельмі цікавую і гістарычна заблытаную гісторыю распавяла нам вядомы і заслужаны педагог, ветэран педагагічнай працы раёна – Антаніна Іванаўна Гарчакова.

– У 1977 годзе быў здадзены новы будынак школы на плошчы Свабоды, 2, які пабудавалі для сярэдняй школы № 4. Так, так… менавіта № 4, бо на той час свой новы будынак быў у школы № 1,  № 3, а школа № 2 размяшчалася ў будынку былой польскай гімназіі. Таму лагічна было, што новапабудаванаму будынку школы надалі  нумар 4. А на той час навучальныя ўстановы былі перапоўненыя і патрэба была даволі вострая ў новай школе, – успамінае Антаніна Іванаўна.

І вось сярэдняя школа была пабудавана, заставалася ўкамплектаваць яе кадрамі і вучнямі. Дырэктарам сярэдняй школы № 4 прызначылі Клямячыца Станіслава Іванавіча, а загадчыцамі навучальнай часткі – Гарчакову Антаніну Іванаўну і Сляпцову Святлану Нікіфараўну. Ну, а дзяцей пачалі збіраць з ўсіх школ, хаця мала хто хацеў пакідаць свае звыклыя месцы. Складанасці ўзніклі і з апошнім, 10 класам. Усе выпускнікі прывыклі да сваіх школ, да сваіх настаўнікаў, якіх аніяк не хацелася мяняць у апошні год навучання. Але ўсё ж такі два дзясятыя класы  сабралі – «А» і «Б».

Image3
Апошні званок у СШ № 4, 1978 год

– Для вучняў і настаўнікаў навучальны 1977 год пачаўся са жніўня, бо трэба было падрыхтаваць новы будынак, – працягвае Антаніна Іванаўна. – Настаўнікі цэлае лета мылі, прыбіралі і ўладкоўвалі свае класы, тут жа працавалі і самі вучні. Так, напрыклад, на той час настаўнік па ваеннай падрыхтоўцы Мікалаеў Анатоль Афанасьевіч прапанаваў зрабіць цір у школе і цэлае лета разам з дзецьмі яны капалі і рабілі спецыяльнае памяшканне.

– Я адчыняла ў 1977 годзе сярэднюю школу № 4, – падзялілася з намі ўспамінамі Святлана Нікіфараўна Сляпцова, таксама заслужаны ветэран педагагічнай працы раёна. – Я была прызначана «завучам» старэйшых класаў, а Антаніна Іванаўна Гарчакова – малодшых класаў. Тут жа, ў гэтай школе, спачатку ў № 4, потым № 2 і затым у гімназіі № 1, адпрацавала да пенсіі. Добра памятаю і 1977 год, нам жа здалі толькі сцены – мы і смецце выносілі, і класы ўладкоўвалі, і кожны кабінет абсталёўвалі і наладжвалі там работу.

Прайшоў першы навучальны год, калектыў педагогаў, хоць і за малы адрэзак часу, але  склаўся, навучальны працэс быў наладжаны. Адбыўся першы выпуск сярэдняй школы № 4 1977–1978 навучальнага года. Аднак выпуск быў першы і, як аказалася, апошні. Неўзабаве было прынята рашэнне перавесці сярэднюю школу № 2 у новы будынак і тым самым рэарганізаваць школу № 4.
Як адзначае Антаніна Іванаўна Гарчакова, апошні выпускны год быў вялікай траўмай для дзяцей. Выпускнікі ніяк не маглі звыкнуцца з такой рэзкай пераменай і месца вучобы, і настаўнікаў. Заканчваў 10 клас сярэдняй школы № 4 і сын Антаніны Іванаўны Сяргей, зараз сябра Саюза архітэктараў Расіі, чалавек заслужаны і вядомы. Па яго словах:

– Дзясяты клас быў складаным. Мала таго, што ўсё было нязвыклае і новае, але і пасля заканчэння школы, калі праз год мы, былыя выпускнікі, прыйшлі сюды, то нам адказалі, што нідзе не значымся, а тут цяпер сярэдняя школа № 2. Вось скончылі, дык скончылі школу… І прыйсці няма куды.

Мы адшукалі і яшчэ аднаго выпускніка 10 «А» класа – Бохана Аляксандра.

– Гэта сапраўды так – мы першы і апошні выпуск 1978 года сярэдняй школы № 4. Нашы 10 «А» і «Б» – гэта 10 «В» і «Г» сярэдняй школы № 3, якія перавялі. Хаця мы яшчэ і будавалі гэтую школу. Нас, на той час дзявяцікласнікаў, адпраўлялі на дапамогу будаўнікам школы. Так што мы яе і пабудавалі для сябе. Але пасля нашага выпуска школа была перайменавана ў сярэднюю школу № 2 і пра нас паспяхова забыліся. Мы ні разу не сустракаліся ў школе нашым класам, ды і нашага класнага кіраўніка 10 «А»  ужо няма.

– Лічба 4 для адукацыі Вілейкі нейкая містычная, – разважае Антаніна Іванаўна. – Адкрылі адну сярэднюю школу № 4 у 1977 годзе – знікла. Потым пабудавалі ў мікрараёне Зеніт  новую сярэднюю школу № 4 – і яе таксама ўжо няма, перайменавана ў гімназію № 2. Не затрымоўваецца нумар 4 у нас. Містыка ды і толькі.

Зараз Вілейская гімназія № 1 «Логас» стала пераемніцай былой сярэдняй школы № 2. Установа знакавая для нашага горада і вядомая не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і рэспубліцы. І яна можа смела адзначаць у гэтым годзе сорак год з дня пабудовы сваёй альма-матэр. Будзем спадзявацца, што і на 40-годдзе заканчэння школы ў 2018 годзе былых «першых» выпускнікоў запросяць на выпускны вечар, бо сцены будынка засталіся тыя ж. А ад змены наймення і нумара школы не павінна нічога мяняцца. Па старым выпускным фотаздымкам можна аднавіць прозвішчы выпускнікоў 1977–1978 года і паспрабаваць адшукаць іх. Ім будзе вельмі прыемна праз сорак год адчуць сябе патрэбнымі і годнымі выпускнікамі і прыйсці ў школу, якую заканчвалі. Як будзе прыемна сабрацца і таму педагагічнаму калектыву, які хоць адзін год, але шчыра і аддана адпрацаваў, і многія з іх хацелі б сустрэцца са сваімі вучнямі-выпускнікамі.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота прадстаўлена Антанінай Гарчаковай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 131 queries