Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Трудолюбивая семья Максимовичей из Сосновщины

Працавітая дынастыя Максімовічаў жыве ў Сасноўшчыне, што ў Даўгінаўскім сельсавеце. З пакалення ў пакаленне перадаюцца тут гаспадарлівасць, працавітасць, любоў да роднага краю.

Больш за шэсць дзясяткаў гадоў ра­зам ідуць па жыцці старэйшыя Максімовічы – Зінаіда Сцяпанаўна і Раман Станіслававіч. За гэты час перажыць, як яны дзеляцца самі, давялося многае. Былі радасці і гора, дасягненні і няўдачы. Як, урэшце, і ў любой іншай сям’і. Усё перажылі-параадолелі, а цяпер, у сваім узросце, як кажуць, 80+, нярэдка прыгадваюць яны, як усё было.

Няпростым, поўным драматызму было дзяцінства Зінаіды Сцяпанаўны. У чатырнаццаць гадоў яна і яе малодшыя сястра і брат засталіся сіротамі. Спачатку памёр бацька, які, вярнуўшыся з фронту, так і не змог вылечыцца, а праз пяць гадоў пасля яго пайшла з жыцця і маці. Так Зіна стала малодшым дзецям за бацькоў. «Каб сястру і брата не забралі ў дзіцячы дом, мне прыйшлося даказваць, што я дарослая, з усім спраўлюся, – прыгадвае цяпер жанчына. – І кароўку пасля мамінай смерці не збывалі, і з усімі іншымі клопатамі спраўляліся самі».

– Вельмі баялася, каб брата з сястрой не забралі, – працягвае Зінаіда Сцяпанаўна. – Памятаю, запрагла каня ды паехала ў Крывічы. Там распыталася, дзе знаходзіцца райвыканкам і аддзел адукацыі, пайшла да начальства, расказала пра нашы беды. Канешне ж, сказала, што хачу, каб малодшыя засталіся са мной. Мяне выслухалі, супакоілі. Увечары прыйшоў да нас брыгадзір, прынёс пуд круп, мукі. Сястры і брату прызначылі грашовую дапамогу па 5 рублёў у месяц, а я засталася апякункай. Так і жылі. Дзе спраўляліся самі, дзе сваякі ды аднавяскоўцы дапамагалі.
Ішоў час, Зіна вырасла, стала прыгожай дзяўчынай, на якую пачалі заглядвацца хлопцы. А яна выдзеліла з іх Рамана з суседняй вёскі, за якога і зга­дзілася выйсці замуж.

– Сышліся, вяселля не было каму рабіць, – прыгадала даўняе Зінаіда Сцяпанаўна. – Ды і з чаго там было рабіць… Прыйшоў Раман сюды ў прымы, так і пачалося сямейнае жыццё.

У пошуках заработкаў маладыя ў хуткім часе паехалі на цаліну. Раман працаваў трактарыстам, Зінаіда – поварам. Там і іх першынец Ігар нарадзіўся. Справы ішлі нядрэнна, ды сум па родных мясцінах не праходзіў. Таму і вырашылі вярнуцца ў родную Сасноўшчыну, у сваю хату. Тут у Максімовічаў нарадзілася яшчэ двое дзяцей – сын і дачка. Дружнай сямейцы (а ў ёй так і заставаліся брат і сястра Зінаіды Сцяпанаўны, аж пакуль не стварылі свае сем’і) не было цесна ў невялікай хаце, якая звінела дзіцячымі галасамі.

– З тае пары аж да пенсіі адпрацавалі мы з мужам у сваёй гаспадарцы: ён – трактарыстам, я – даяркай, – закончыла кароткі аповед пра сваё жыццё Зінаіда Сцяпанаўна. – Унукаў дапамагалі гадаваць, тупалі па гаспадарцы па сваёй сіле. У маладосці напрацаваліся. І як толькі з усім спраўляліся, усюды паспявалі! Хацелася ж, каб дзеці не горш за іншых былі апрануты, каб мелі ўсё, што трэба. А без працы нічога не бывае.

– Вось-вось, і я заўсёды так кажу, – падтрымаў маці сын, Ігар Раманавіч. – Дзе б ні жыў чалавек, у горадзе ці вёсцы, прыйшоў з працы – тупай дома, у дбайнага гаспадара заўсёды работа знойдзецца.

Па такім прынцыпе і жыве ён сам. Стварыўшы сваю сям’ю, пабудаваў побач з бацькоўскім вялікі дом, дзе зараз хапае месца і яго дзецям ды ўнукам, і пляменнікам. Разам з жонкай Валянцінай Казіміраўнай выгадавалі чатырох дзяцей, кожнаму даўшы добры бацькоўскі наказ на самастойнае жыццё. «Дзеці і ўнукі – гэта наша радасць, – не хавае пачуццяў Ігар Раманавіч. – Вось як сабраліся ўсе на Каляды, дык нават у нашым вялізным доме было цесна. Глядзелі і цешыліся».

Сапраўдны гаспадар, майстар на ўсе рукі, любячы муж, бацька і дзядуля, клапатлівы сын – такі ён, Ігар Максімовіч. А яшчэ – першы чалавек на вёсцы, стараста, без удзелу якога не адбываецца ні адна добрая справа ў Сасноўшчыне. У многім дзякуючы яму маюць вяскоўцы зараз утульнае памяшканне, дзе разам і святкуюць, і ладзяць памінальныя сталы. Вось і сёлета на стары Новы год тут бу­дзе традыцыйная сустрэча. «Будынак быў паўразбураны, і мы разам, усёй вёскай, давялі яго да ладу і цяпер самі сочым, каб быў тут парадак, – расказаў Ігар Раманавіч. – Жанчыны нашы прыбіраюць усё, чысцяць-мыюць. Задаволены ўсе, што ёсць у нас гэта памяшканне».

Толькі добрыя слова пачула пра Ігара Раманавіча і ад кіраўніцтва Вілейскага філіяла УП «Мінаблпаліва». «На такіх людзях усё і трымаецца», – зазначыў кіраўнік Андрэй Худалей, і гэтым сказана галоўнае. На ўчастку «Жары», дзе працуе Максімовіч, ён і майстар, і трактарыст, і адказны за ўсё. А яшчэ – дызайнер (дзякуючы яму ўчастак прыгажэе, набывае сучасны выгляд), пчаляр (некалькі пчаліных домікаў ля ўчастка – своеасаблівы яго падарунак філіялу і калегам па працы)…
Пра дастойную сям’ю Максімовічаў можна расказваць вельмі доўга. І пра тое, як дружна яны жывуць, і пра перажытае імі, і пра падтрымку, клопат адно пра аднаго, і пра планы на будучае. А яшчэ пра тое, што жывуць гэтыя людзі з дабрынёй у сэрцы, падзякай за ўсё, што маюць. «Грэх нам цяпер скардзіцца, – сказала ў канцы нашай размовы Зінаіда Сцяпанаўна. – Пенсіі атрымліваем нядрэнныя, хапае на хлеб і да хлеба. Радуемся за дзяцей, унукаў і жадаем ім добрай долі. Галоўнае, каб не забывалі той куточак зямлі, адкуль іх карані…». Яны з мужам шчаслівыя – іх дзеці і ўнукі гэта памятаюць.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries