Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сюжэты гарачага лета

Лета было сапраўды гарачым. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе слова. Стаяла спёка, нехарактэрная для нашай «памяркоўнай» кліматычнай паласы. Але своечасова паслала яе неба, якраз у жніўную пару. Камбайны надосвітку маглі выходзіць у поле. І пакідаць яго, калі запаліцца ў высях першая нясмелая зорка. Не было таго дня, каб мы, журналісты раёнкі, не з’явіліся сярод тых, хто сваімі рукамі датыкаўся да самага каштоўнага набытку зямлі. Таго, што дае пачатак хлебу. Сёння, падчас раённых дажынак, мы зноўку звяртаемся да ўражальных сюжэтаў жніва і яго герояў.

“Медыён” не падвёў

Спягла – вёска, якая набыла адметны статус у чурлёнскай акрузе, дзякуючы нядаўна адноўленай тут царкве. Менавіта з гэтай мясціны родам Уладзімір Сцепановіч, адзін з першых у раёне камбайнераў-тысячнікаў… І яшчэ гэта таксама, напэўна, першы ў раёне выпадак, калі галоўны інжынер сельгасарганізацыі сеў на камбайн і прадэманстраваў, чаго варты з гадамі набыты ім вопыт.
Уладзімір Сцепановіч ніколі не пакідаў родныя мясціны. З бацькаўскай хаты з сям’ёй пераехаў у Лыцавічы, дзе таварыства выдзеліла яму дом сядзібнага тыпу. На пасаду галоўнага інжынера ён быў прызначаны як практык, што тэхніку ведае дасканала і сярод механізатарска-вадзіцельскага корпуса карыстаецца непахісным аўтарытэтам.
На веснім ворыве, падчас корманарыхтовак ці жніва – Уладзіміра Уладзіміравіча ў полі сустрэнеш заўсёды. А вось сёлета давялося пазнаёміцца і з яго сынам Алегам Сцепановічам, студэнтам эканамічнага ўніверсітэта. Дзе найлепш праходзіць практыку? Вядома, там, дзе і сцены дапамагаюць. Замацоўваючы з дапамогай спецыялістаў таварыства эканамічную тэорыю, Алег між тым працаваў памочнікам машыніста на новым збожжасушыльным комплексе. Чалавека заўсёды цягне да сваіх каранёў. Тым больш, калі яны грунтоўна замацаваны ў зямлі і заўсёды гатовы даць рост маладым парасткам.
З далучэннем да «Чурлён» суседняга акцыянернага таварыства, гаспадаркі ва Уладзіміра Сцепановіча прыбавілася. Сёння ў машынна-трактарным парку – 10 збожжаўборачных камбайнаў, 36 трактараў, 15 аўтамабіляў. Ёсць імкненне і патрэбнасць набыць яшчэ адзін «МТЗ» і два «МАЗ»-ы.
Практычна штогод садзіцца Уладзімір Уладзіміравіч за штурвал камбайна. У «Чурлёнах» яго экіпаж заўсёды быў у лідарах. І вось – выхад на ўзровень раёна: трэцяе месца ў раённым спаборніцтве сярод камбайнавых экіпажаў. «Медыён» не падвёў свайго дбайнага гаспадара.
Марыя КУЗАЎКІНА

Дастойны сын  бацькоў-працаўнікоў

Сям’я Казімірскіх у ААТ «Алая зара» – адна з тых, на якіх, кажуць, і трымаецца сельская гаспадарка. Людзі працавітыя, надзейныя і адданыя сваёй справе. Бацька, Мікалай Іванавіч, – знакаміты механізатар, маці, Алена Уладзіміраўна, многа гадоў працуе на свінаферме. Вывучыўся на ветфельчара і асталяваўся ў роднай гаспадарцы іх старэйшы сын Аляксандр. А некалькі гадоў назад атрымаў ключы ад уласнага дома і малодшы сын Дзмітрый, мясцовы механізатар. Свой дом стаў выдатным падарункам яму і яго каханай Вераніцы да іх вяселля. Было яно ўлетку 2011-га, і сёння ў маладой сям’і Казімірскіх падрастае сынок Ягорка. З якой радасцю ён сустракае тату з працы, як нецярпліва цягне да яго свае ручкі, патрабуе хоць на некалькі хвілін узяць яго, пазабаўляцца і пагушкаць. У моцных татавых руках малечы так утульна і спакойна!
Сёлетняя ўборачная – першая для Дзмітрыя ў якасці старшага камбайнера. Хоць вопыт працы памочнікам у яго ёсць. Канешне ж, упершыню ўзначаліць экіпаж было вельмі адказна і крышку нязвыкла. Ды і ва ўборачную Дзмітрый з яго памочнікам Сяргеем Пагудам уступілі крыху пазней, чым усе – калі атрымалі новы “КЗС-1218”. Але гэта пратэрміноўка не перашкодзіла ім выйсці ў лідары. Не падвяла новая тэхніка, але ж не толькі гэтаму трэба дзякаваць за поспех. Працавалі хлопцы старанна, не лічыліся з часам, не шкадавалі сіл – і гэта, бадай, галоўная са складаемых поспеху. А ён ёсць: на сваім новым камбайне Дзмітрый і Сяргей убралі збожжавыя на 356 гектарах і намалацілі на ўмоўны камбайн 874 тоны зерня.
Збітая, усім вядомая фраза «дзе нарадзіўся…» не губляе сваёй актуальнасці. І гэта вельмі добра і правільна. Вось і Дзмітрый Казімірскі – старшы камбайнер экіпажа-лідара сярод маладзёжных экіпажаў зернеўборачных камбайнаў – дастойны сын дастойных бацькоў-працаўнікоў. Па іх прыкладу не памяняў родную вёску і ён, не стаў шукаць лёгкага хлеба ў горадзе. Вось і дом, які атрымаў ад гаспадаркі, сваімі сіламі добраўпарадкоўвае, стараецца зрабіць адметным і цёплым (у прамым і пераносным сэнсах) для сваёй сямейкі. Каб утульным і шчаслівым было дзяцінства Ягоркі, якому працягваць дынастыю Казімірскіх.
Ірына БУДЗЬКО

Высокая планка  Меціка

Бачыць у ліку перадавікоў прозвішча механізатара філіяла «Усходні» ААТ «Вілейскі камбікормавы завод» Мікалая Меціка – справа звыклая. На працягу некалькіх гадоў яго экіпаж у лідарах раённага спаборніцтва на ўборцы збожжа і збожжабабовых культур. Вось і сёлета старшы камбайнер Мікалай Мецік і камбайнер Яўген Вярцінскі ў ліку перадавікоў – на камбайне “КЗС-1218” яны ўбралі збожжавыя на плошчы ў 254 гектары і намалацілі на ўмоўны камбайн 865 тон збажыны. Гэта другі ў раёне вынік сярод маладзёжных экіпажаў. За тымі тонамі і гектарамі – нялёгкая праца ад цямна да цямна, вынікам якой якраз і з’яўляюцца прыведзеныя вышэй красамоўныя лічбы.
Пра Мікалая Меціка раёнка пісала нямала. Загалоўкі тых матэрыялаў гавораць пра многае: «Служит вновь Отчизне бывший солдат», «Что ни день, то вклад…», «Тысячный намолот», «Лидера отличает постоянство»… Нават па іх можна схематычна намаляваць партрэт героя публікацый: малады, адслужыў у арміі, а цяпер нясе службу (а інакш і не скажаш) на палях «Усходняга», дабіваецца высокіх вынікаў у працы. А, між тым, хлопец вырас у прысталіччы, таму мог у свой час выбраць зусім іншую, «гарадскую» прафесію. Ды толькі, як сам некалі прызнаўся журналістам раёнкі, «чамусьці любіў хадзіць па полі, а не па асфальце». Урэшце, і ўся дружная сям’я Мецікаў – такія ж: брат – трактарыст, маці – даярка, сястра – тэхнік-асеменатар. Ды і спадарожніца жыцця Мікалая таксама звязала лёс з сельскай гаспадаркай. Вось і ён быў механізатарам да арміі, затым два гады служыў у інжынерна-сапёрным батальёне. Вярнуўся са службы ў ліпені, тыдні са два адпачыў і – на «Дон», пасля – на «КЗР»: касіць травы.
Ёсць у механізатара Меціка вельмі важныя рысы – гаспадарлівасць і ашчаднасць. Для яго важны не толькі колькасны паказчык (хоць і гэта недругараднае), але і якасны. Гэта ён, Мікалай Андрэевіч, сказаў неяк журналісту, які застаў камбайнера за наладкай нейкага вузла ў машыне, такія словы: «Нам важна, каб зерне сыпалася ў бункер, а не на зямлю…» З такім падыходам да справы і ўвогуле да ўсяго і ідзе па жыцці гэты чалавек. Ідзе годна, ведаючы цану сабе і сваёй працы.
Не адзін, не два і нават ужо не пяць гадоў імя лепшага механізатара Меціка на слыху. І ў гэтым яшчэ адна рыса Мікалая – пастаянства. Вось і ў Крывым Сяле, дзе ён жыве ў доме, выдзеленым сям’і гаспадаркай, карані пушчаны назаўсёды. Тут чалавек пачынаў працоўны шлях, тут рос у прафесійным плане, шліфаваў майстэрства, дабіваўся высокіх вынікаў. Тут у свой час ім, Мікалаем Андрэевічам, высока ўзнята планка яго дасягненняў у працы. І ён цвёрда трымаецца гэтай вышыні. Вось і вынікі сёлетняга жніва – яскравае таму пацвярджэнне.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries