Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сёння гэтыя таленавітыя педагогі працуюць разам у гімназіі ”Логас”

Шмат год прайшло з той пары, як Эдуард Мацюшонак прыехаў у Вілейку, малады і зялёны горад, – жыць і працаваць. Адсюль родам Алена Іванаўна, жонка Эдуарда Уладзіміравіча. І Вілейшчына захапіла маладога мастака, найперш – багаццем воднай прасторы, якая нагадвала яму родную Глыбоччыну, што і дагэтуль прыходзіць у снах…

Уражанне пра горад залежыць ад таго, якія людзі жывуць у ім, якія людзі прыязджаюць. Кожны новы чалавек нясе часцінку таго краю, дзе нарадзіўся. І той, хто прыходзіць, непасрэдна ўплывае на ўражанне пра горад: злыя людзі – і горад падаецца злым, добрыя – і горад добры, гасцінны. Пра гэта казаў Эдуард Мацюшонак падчас адкрыцця выставы «Горад, у якім мы жывём». На такой хвалі і пачалася наша гутарка. Я ж, «напрасіўшыся» ў майстэрню да Эдуарда Мацюшонка, на сустрэчу ішла з адным, галоўным, пытаннем – якім шляхам ішоў ён да мастацтва. На старонках газеты будзем гаварыць пра Эдуарда Уладзіміравіча не столькі як пра мастака, а як пра чалавека, які знайшоў сваю сцяжынку да прыгожага – да мастацтва. І пачнём з самых вытокаў.
Пра карані
Яго майстэрня – на другім паверсе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў. Гучная цішыня – зараз якраз няма заняткаў і пануе адмысловая атмасфера, якой адпавядае і напаўненне прасторы – мальберты, палотны, пэндзлі, фарбы… Згадзіцеся, лепш за ўсё з мастаком гутарыць на яго тэрыторыі – месцы, дзе натхненне знаходзіць адбітак на палатне, а вобразы ажываюць у колерах і іх адценнях.
Эдуард Уладзіміравіч паказвае трыпціх «Хлеб». Што цікава, гэта не тры асобныя, а адна карціна, якая, аднак, цалкам адпавядае задуме трыпціха. У цэнтры кампазіцыі – мужчына сталага веку з хлебам у руках. І пакуль я губляюся ў здагадках, Эдуард Уладзіміравіч пачынае свой аповед:
– Мой дзядуля, Вінцэнт Аляксандравіч, з моцнага роду, “жыў на зямлі”. Удзельнік Першай Сусветнай вайны, на якой і страціў ногі.
У чалавека, што застаўся без ног, заставалася надзея толькі на рукі. Ён па-майстэрску ўмеў апрацоўваць дрэва і нават рабіў мэблю для княжацкага палаца – вытанчаную і далікатную. Спраўляўся і з нялёгкай сялянскай працай, расціў дзяцей… «Хлеб» – гэта не толькі дзядулеў лёс, пакручасты і трагічны, але і той жыццёвы, той духоўны хлеб, які ён пакінуў нашчадкам.
Між тым, Эдуард Уладзіміравіч працягвае:
– Бабуля, Петрунеля Бельска-Пчыцкая, шляхецкага роду, выдатна ўмела шыць. Я нават памятую тую, сапраўдную, машынку «Зінгер». З дзядулем у іх было пяцёра дзяцей, мой бацька, Уладзімір Вінцэнтавіч, самы старэйшы. Бацька мой – гэта чалавек, які жыве ўвесь час на зямлі. Ён, напэўна, ад дзядулі пераняў усю гэту вастрыню прыгажосці, майстэрства апрацоўкі дрэва.
У кабінеце Эдуарда Мацюшонка партрэт бацькі на відным месцы. Ён быў сталяром высокага класа, а потым яшчэ вывучыўся на токара і гадоў з дваццаць пяць працаваў на станку. У звычайнага токара атрымліваліся сапраўды ўнікальныя рэчы – іншаму для іх вырабу спатрэбілася б некалькі груп станкоў, а ён прыдумваў прыстасаванні да свайго такарнага станка, якія дазвалялі выконваць адмысловыя аперацыі. Бясспрэчна, гены Вінцэнта Мацюшонка бралі сваё – уся «сталярка» адрознівалася пачуццём прыгажосці. Працуючы ў калгасе, Уладзімір Мацюшонак стварыў помнік воінам-партызанам – пятнаццаціметровы абеліск з вылепленымі фігурамі, з высечанымі літарамі і вялікімі ляпнымі элементамі – сімволікай СССР. Падчас адкрыцця помніка ніхто не мог паверыць, што гэта работа не прафесійных архітэктара і скульптара, а звычайнага вясковага чалавека.
– Мама – яна з сялянскай сям’і. Тое, што ў мяне ад мамы ёсць – гэта ўлюбёнасць у зямлю, дзе я жыву, духоўнае і душэўнае ўспрыняцце акаляючага свету. Яна магла пайсці ў поле збіраць рамонкі, іншыя зёлкі, або ў лес, а потым расказвала, як увесну распускаюцца дрэвы, і як прыгожа, кружачыся, увосень падаюць з іх лісточкі. Усе мы ўмеем размаўляць са светам людзей – а мама ўмела размаўляць і з дамашняй жывёлай. Я вельмі добра адчуваю маму ў сабе.
Першым чалавекам, каму Эдуард Мацюшонак паказваў свае карціны, была мама. Крытыкам і дарадцай была таксама яна. Скончыўшы пасля вайны з граматай чатыры класы, яна б хацела і далей працягваць вучобу – але не было дзе і як. Маці, успамінае Эдуард Уладзіміравіч, была праваслаўная, бацька – католік. Але ў роднай вёсцы Мнюта не было супрацьстаяння паміж гэтымі канфесіямі – былі любоў і цярплівасць. Рэлігійныя святы адзначалі разам, паважаючы веравызнанне іншага чалавека, хадзілі адзін да аднаго ў госці.
– Я лічу, што гэта вельмі важна для чалавека – з вялікай павагай ставіцца да рэлігійных поглядаў любога чалавека, – рэзюмаваў Эдуард Мацюшонак.
Прафесія, якая гучыць
Пасля заканчэння васьмігодкі трэба было вызначацца: ісці ў дзявяты клас і хадзіць на заняткі за кіламетраў шэсць ад дома або ехаць далей на вучобу. Сабраліся з сябрамі: куды пойдзем? Навучальную ўстанову выбіралі, кіруючыся прынцыпам «гучыць – не гучыць», зусім па-дзіцячы. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум? Гучыць! Паехалі і паступілі.
Першая адукацыя Эдуарда Мацюшонка звязана са станкабудаўніцтвам. Але падчас вучобы ў тэхнікуме для сябе ўжо зразумеў, што вучобу сваю ён скончыць, але па спецыяльнасці наўрад ці будзе працаваць. Замкнёная прастора завода ніякім чынам не адпавядала яго жаданням. Для тых жа, каму завод і станкабудаўніцтва былі даспадобы, умовы для навучання былі ідэальнымі – практычную аснову тэхнікум даваў трывалую. У армію Эдуард Мацюшонак прасіўся, што было нават дзіўна – не кожны сам настойваў на гэтым. А ён кіраваўся тым, каб хутчэй адслужыць і паступаць далей. Прыехаў на работу ў Маладзечна, прызвалі ў армію. Месца службы – Печы пад Барысавам, потым – Уручча, спартыўны клуб арміі (Эдуард Мацюшонак займаўся цяжкай атлетыкай). Якраз у гэты перыяд адбылася яго сустрэча з прафесійным мастаком, якая стала падзеяй. У школе выяўленчае мастацтва выкладаў любы настаўнік-прадметнік, каго гэтым азадачвалі. Тая сустрэча не аказалася выпадковай – Эдуард Мацюшонак вызначыўся, куды будзе паступаць далей. Ён шмат маляваў да гэтага, але маляваў для сябе. І склалася ўсё добра – пасля арміі ён паступаў у Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя Кірава (а зараз – імя Машэрава) на мастацка-графічны факультэт.
Дзяўчына,  якая правільна малюе
Сустрэча, што стала іх з Аленай Іванаўнай лёсам, адбылася на курсах перад паступленнем.
– Мы заўважылі, – успамінае Эдуард Уладзіміравіч, – што прыехала дзяўчына, якая вельмі правільна малюе. У мяне ж была слабая база, і захацелася паглядзець на тую дзяўчыну. А яна ўся такая сур’ёзная, засяроджаная, нікога не бачыць – толькі свой малюнак…
А ў яе быў залаты медаль пасля заканчэнчэння сярэдняй школы і, каб паступіць у інстытут, трэба было здаць экзамен менавіта па малюнку на “пяць”. Пры іншых адзнаках трэба было б ісці па поўным крузе і здаваць усе прадметы. Задача была выканана, і пачалася шчаслівая студэнцкая пара. Такой была іх першая сустрэча. Ён – пасля арміі, яна – учарашняя выпускніца першай школы Вілейкі.
У верасні ўсіх накіравалі ў калгас – на бульбу ў Сенненскі раён. Эдуард Мацюшонак быў назначаны брыгадзірам. У мясцовым клубе студэнты арганізавалі канцэрт, восеньскі баль, раззнаёміліся. На бульбе і адбылося знаёмства з групай.
Пачалася вучоба. Яна захапіла абодвух. Куратар групы ўспрымаў студэнтаў як людзей, якія хочуць быць у гэтай прафесіі, «ужыўляў» у мастацтва. І яны шукалі любую магчымасць, каб застацца ў майстэрнях, хацелі вучыцца. Ён жыў і інтэрнаце, яна з сяброўкай – на кватэры. Хадзілі разам у кіно, тэатр. А ў канцы трэцяга курса Эдуард Мацюшонак зрабіў сваёй абранніцы прапанову.
Іх лёс – мастацтва
Гады вучобы прайшлі на адным дыханні. Калі прыйшла пара размеркавання, можна было выбіраць – Віцебск або Вілейка, перавагу аддалі апошняй. Скончыўшы ўніверсітэт з чырвонымі дыпломамі, у 1984 годзе маладыя спецыялісты прыязджаюць у Вілейку. Ужо ў 1986 годзе ў гарадскім Палацы культуры адбылася першая выстава Эдуарда Мацюшонка.
Прыехаўшы ў Вілейку, Эдуард Уладзіміравіч працаваў у другой школе (цяпер – гімназія №1 «Логас»), а Алена Іванаўна – спачатку ў першай, а потым у чацвёртай (зараз – другая гімназія), якая толькі адчынілася. Як асобе творчай ёй хацелася самастойнасці – і працаваць поруч з мужам асаблівага жадання не было. З’явіліся дзеці – спачатку Святлана, а потым і Валодзя. І галоўным для Алены Іванаўны стаў мацярынскі клопат. Жаночая мудрасць падказала ёй не чыніць перашкод таленту мужа паўсядзённымі справамі і саступіць на крок назад. Такі выбар не стаў памылкай – па слядах бацькоў пайшла Святлана. Яна таксама скончыла мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педуніверсітэта. Дачка замужам, цяпер жыве ў Мінску, і не так даўно ў маладой сям’і нарадзіўся сыночак Міхась. Да адпачынку чатыры гады працавала ў рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле Універсітэта фізічнай культуры дызайнерам. Сын Валодзя – студэнт-пяцікурснік архітэктурнага факультэта БНТУ. Валодаючы крэатыўным падыходам да рэчаіснасці, ён – распрацоўшчык буклетаў і афіш да бацькавых выстаў, рэалізуе свае творчыя ідэі.
Сёння гэтыя таленавітыя педагогі працуюць разам у гімназіі №1 ”Логас”— хоць гэтага некалі і асцерагалася Алена Іванаўна. З вышыні пражытага часу – у гэтым годзе яны адзначылі жамчужнае вяселле – гэта не падаецца праблемай: Эдуард Уладзіміравіч больш займаецца творчай работай, Алена Іванаўна – метадычнай. Акрамя таго, яна вядзе электронны каталог работ мужа – за гэтыя гады прайшло 18 яго персанальных выстаў не толькі ў Вілейцы, але і за яе межамі.
Лёс чалавечы куды больш цікавы, чым якісьці закручаны кніжны сюжэт. У жыцці Эдуарда Уладзіміравіча і Алены Іванаўны яго пуцявіны цесна знітаваны з мастацтвам. І без яго яны свой лёс не ўяўляюць. Што датычыць педагагічнай дзейнасці, у мастацкіх студыях Эдуарда Уладзіміравіча і Алены Іванаўны займалася не адно пакаленне дзетак. Па водгуках многіх бацькоў, яны не толькі вучаць маляваць, бачыць прыгажосць навокал, але і выхоўваюць іх людзьмі. Такім і павінен быць свет мастацтва – прыгожым, духоўным і – душэўным.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота прадстаўлена Эдуардам МАЦЮШОНКАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries