Не кожнаму ў жыцці выпадае мець сям’ю. Надзейную, моцную, клапатлівую. Вось і юнаку з Абадоўцаў Ігару Прысяжнаму давялося зведаць на сабе, што значыць быць сіратой. Ён навучыўся спадзявацца толькі на сябе і цаніць добразычлівых аднавяскоўцаў, якія па-бацькоўску дапамагаюць яму маральна і матэрыяльна. Хлопец закончыў вучылішча, набыў прафесію зваршчыка, вывучыўся і на вадзіцеля. Прыехаў у родныя мясціны, пачаў шукаць працу… І тут яму дапамагла аб’ява ў нашай газеце, дзе гаварылася, што рамонтнаму заводу патрабуюцца зваршчыкі. Ігар звярнуўся на прадпрыемства, і яму не адмовілі.
– Хлопец спадабаўся з першага погляду, – расказвае Вольга Базыльчык, кіраўнік кадравай службы рамонтнага завода. – Сціплы, спакойны, разважлівы. Мы з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Рабшцінам вырашылі, што Ігару трэба паверыць і даць шанс знайсці сябе ў сённяшнім няпростым жыцці. Дарэчы, маем пэўны вопыт у гэтай справе, яшчэ два хлопцы-сіроты працуюць на заводзе. І іх працай мы задаволены. Вось і Ігару паверылі і не шкадуем – хлопец працавіты, акуратны, ніякіх нараканняў на яго працу і паводзіны няма. Прадаставілі яму жыллё ў інтэрнаце. Цяпер усё ў руках самога хлопца. Упэўнена, што далейшае яго жыццё складзецца добра.
Такі вось прыклад чалавечных адносін да бліжняга, якому няпроста і адзінока. Ігар Прысяжны пажадаў выказаць праз газету словы вялікай ўдзячнасці дырэктару рамонтнага завода Аляксандру Рабшціну, кіраўніку кадравай службы Вользе Базыльчык і ўсім людзям, хто па-бацькоўску дапамагае яму ў жыцці. З задавальненнем выконваем тваю просьбу, Ігар.
Ірына БУДЗЬКО
Сярод добрых людзей
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов