Сямейная пара, што на гэтым здымку сёння адзначае залаты юбілей – пяцьдзясят год, як Раіса Васільеўна і Дзмітрый Фёдаравіч Бекешы разам. Гэтыя гады, расказалі падчас нядаўняй сустрэчы юбіляры, праляцелі, нібы адзін дзень.
А сустрэліся яны так. Дзмітрый Фёдаравіч паехаў у госці на Маладзечаншчыну, у вёску з цікавай назвай Куклаўшчына, – да цёткі, і там, за сямейным сталом, сустрэўся позіркам з ёю. І адразу ж, сказаў Дзмітрый Фёдаравіч,закахаўся. Калі пачаў наводзіць, як кажуць, даведкі, аказалася, што родны брат яе бацькі жанаты на яго цётцы. Падчас першай сустрэчы Раісе было толькі шаснаццаць год, Дзмітрыю – на восем год болей. Пасля школы вучылася яна ў Віцебску, а пасля заканчэння вучобы працаваць дзяўчыну адправілі … у Вілейку. І якраз у той дзень, калі ішла афармляцца на працу ў «сапожную», успамінае Раіса Васільеўна, яна сустрэла Дзіму. На той час Раісе было ўжо дзевятнаццаць, і на Дзмітрыя яна таксама паглядзела з цікавасцю. Так адбылася другая іх сустрэча. Калектыў у абутковай майстэрні быў пераважна мужчынскі. Дзмітрый, якому яшчэ з першай сустрэчы прыгажуня з Куклаўшчыны запала ў душу, не адыходзіў ад дзяўчыны, як кажуць, ні на крок. Праз тры месяцы яны ўзялі шлюб – 5 снежня былі, як і заведзена, сваты, а 10 снежня маладыя распісаліся. Цікава, што адбылося гэта якраз у суботу, якая і сёлета, праз пяцьдзясят год, прыпала на гэтую дату. Яшчэ адно супадзенне – дзень вяселля супаў з днём нараджэння Дзмітрыя Фёдаравіча.
Людзі і гнёзды
У майстэрні Раіса Васільеўна адпрацавала шэсць год, болей не змагла – ад клею і фарбы моцна балела галава. І ўвесь астатні час, да пенсіі, яна працавала на аптовай базе. У яе працоўнай кніжцы толькі два запісы. Муж, Дзмітрый Фёдаравіч, працаваў шафёрам на аўтабазе, потым – у сувязі. Як жылі? На гэта яны адказваюць проста – як і ўсе. Працавалі, расцілі дзяцей (іх у Бекешаў двое – дачка Ларыса і сын Андрэй), будаваліся. «Пусты чалавек атрымліваецца, як гнязда няма», – такога меркавання Дзмітрый Фёдаравіч прытрымліваўся з маладосці. Хто сам будаваўся, ведае, колькі трэба прыкласці дзеля гэтага намаганняў – прычым, не толькі матэрыяльных і фізічных. Затое сёння ёсць дзе сабрацца ўсёй сям’і – і дзеці, і ўнукі, і праўнукі не забываюць да іх дарогу. Вось і могуць сказаць з годнасцю юбіляры, што місію сваю выканалі: дом пабудавалі, дзяцей вырасцілі, дрэва (і не адно) пасадзілі. Трое ўнукаў і дзве праўнучкі – таксама іх жыццёвы здабытак.
У яе – кветкі,
у яго –
«Дунайскія
хвалі»
Свае захапленні Раіса Васільеўна і Дзмітрый Фёдаравіч пранеслі праз усё жыццё. І сярод штодзённых клопатаў для іх заўсёды знаходзілі час.
У гаспадыні гэта кветкі. Іх, самых розных, шмат і ў хаце, і (у сезон) на клумбах. А гэтай вясной, якраз перад дзявятым мая, дружна расцвілі перад хатай цюльпаны – і чорныя, і белыя, і рознакаляровыя. Некаторыя гаспадыня зусім нядаўна перасадзіла. А раніцай аж сумелася, калі ўбачыла: усе кветкі былі абламаныя, памятыя, лукавіцы цюльпанаў – усюды… «Я б сама нарэзала, каб папрасілі, нашто ж так?» – не разумее яна такога ўчынку. Але, як і штогод, ужо плануе, якія кветкі будзе выса-джваць.
Музыка суправаджала Дзмітрыя Фёдаравіча ўсё жыццё. Бацька яго граў на гармоніку, званіў у царкве. А ў дзяцінстве, як толькі зайграе ў пажарнай аркестр, – пра гэта Дзмітрый Фёдаравіч успамінае з такім захапленнем, быццам гэта было толькі што – з усіх ног бег на чароўныя гукі. І калі ў парку гучалі «Дунайскія хвалі» і «На сопках Маньчжурыі», людзі рознага ўзросту збіраліся туды адусюль, нават з Халапоў… Такой была прага да музыкі, што ён сам навучыўся граць, вывучыў ноты. І граў на трубе ў духавым аркестры… «З самага першага аркестра толькі я адзін застаўся – нікога болей ужо няма», – з сумам зазначае Дзмітрый Фёдаравіч. Ён заўсёды быў актыўным удзельнікам самадзейнасці, парадаў, дэманстрацый. Дарэчы, Дзмітрыю Бекешу сёння шмат пра што ёсць успомніць, не толькі пра аркестр. Як пасля вайны з пакрышак рабілі лапці, а хадзілі ў нямецкай форме. Як разам з іншымі хлопцамі бегаў да вакзала прадаваць праезджым салдатам семечкі, папяросы – і ніхто з іх ніколі не падмануў дзетвару. Пра даўнейшую Вілейку і пра крынічку, што была ва ўнутраным дворыку музея. Пра браму на цяперашняй плошчы Свабоды з боку вуліцы Савецкай, праз якую ў трыццаць дзявятым ішлі бальшавікі, а ён з іншымі дзецьмі кідаў ім кветкі. Успамінаў, як быў матарыстам, па ўсім раёне вазіў кіно, а коні былі такія худыя, што на адным везлі «двіжок», а на другім – апаратуру…
І галава сям’і, і гаспадыня сёння пра многае могуць успомніць. Ім ёсць з кім падзяліцца сваімі ўспамінамі. І нагода для гэтага таксама ёсць – у суботу ў бацькоўскай хаце збярэцца ўся іх сям’я. І будуць віншаваць юбіляраў, будуць уважліва іх слухаць, будуць самі дзяліцца сваімі навінамі. Магчыма, як і кожны раз, для бацькоў яны падрыхтуюць своеасаблівы калаж з фотакарткамі – як рабілі гэта раней, прымяркоўваючы да розных падзей і значных дат у жыцці. Такіх віншаванняў у іх сабралася ўжо багата. Паказаўшы такія «сценгазеты», гаспадыня клапатліва згортвае іх. Пярэстае, шматграннае, з цёмнымі і светлымі палосамі – рознае было іх жыццё. І праз усе яго праявы Раіса Васільеўна і Дзмітрый Фёдаравіч ідуць разам, рука аб руку. Сёння для юбіляраў прагучыць шмат пажаданняў, але галоўным будзе адно – пажаданне здароўя, якога нідзе не купіш і не знойдзеш.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара